Рэвалюцыя ў навуцы?
За палітычнымі падзеямі на планеце і жарснымі спрэчкамі наконт чарговых страшных хваляў ковіду і яго разнастайных штамаў, за штучна створаным крызісам мігрантаў (а дакладней гібрыднай вайной) на сумежжы Беларусі і яе суседзяў, за лакдаўнамі і дэманстрацыямі антываксераў, амаль непрыкметнай засталася цікавая падзея, якая здарылася не так даўно ў навуковых колах. Выпадкова пра яе пачуўшы (хоць, як ведама, нічога не бывае выпадковым), мне падаецца вартым падзяліцца гэтай цікавай інфармацыяй. Тым больш, што ў медыях падзея засталася амаль незаўважанай.
Вельмі вядомыя навукоўцы-даследнікі з ліку кагнітыўных мікрабіёлагаў, у прыватнасці Арон Барбі, прафесар універсітэта ў Ілінойсе, Рычард Патэрсан з універсітэта Эмары і прафесар Стывен Сломан з універсітэта Браўна апублікавалі «Мемарандум пра змену курса» – своеасаблівы маніфест з дэклярацыяй, якая заяўляе пра новы кірунак ў галіне нэйранавукі. У маніфесце гаворыцца, што ў нэйранавуцы за апошнія 50 гадоў не здарылася аніводнага істотнага кроку наперад. І не здарылася менавіта таму, што адзін з фактаў, які мы лічым дакладным, насамрэч памылковы. Памылковым ёсць меркаванне пра тое, што веды чалавецтва прадстаўлены ў індывідуальным мозгу і перадаюцца паміж людзьмі. А насамрэч працэсы спазнання адбываюцца ў соцыякагнітыўных сетках супольнасцяў ведаў. На думку аўтараў маніфесту выпраўленнем памылкі стане прызнанне таго, што індывідуальным можа быць толькі мозг, а розум як з’ява – вылучна калектыўны феномен. Таму спазнанне нельга зводзіць да нэйрабіялогіі. Яно размеркавана ў фізічным свеце па многіх розумах, у тым ліку розумах даўно памерлых людзей, і бясконцай колькасці артэфактаў. Пад артэфактамі тут разумеюцца не мастацкія здабыткі, а накопленыя навуковыя факты рознай ступені праўдзівасці.
Іншымі словамі, навукоўцы сцвярджаюць, што спазнанне – гэта ў значнай ступені групавая, а не індывідуальная дзейнасць. У сваіх меркаваннях, уяўленнях і рашэннях людзі моцна залежаць ад іншых. Веды існуюць у нейкім уяўным рэзервуары агульных ведаў і могуць быць адтуль «зачэрпнутыя» у кожны момант па незразумелых знешне прычынах. Менавіта так у навуцы ствараліся многія геніяльныя тэорыі і рабіліся ўнікальныя вынаходніцтвы. Прыкладам дасягненні такіх вучоных як Леанарда да Вінчы, Ісак Ньютан, Нікола Тэсла, Альберт Айнштайн, якія лічацца геніямі. Такім чынам чалавецтва мусіць пераадолець разрыў паміж навуковым і рэлігійным спазнаннем свету, а таксама паміж тым, што зараз лічыцца натуральнымі і гуманітарнымі навукамі. Жорсткая мяжа, грань паміж імі, будзе сцертая. Навука і рэлігія павінны дапаўняць адно другое, так як гэта было яшчэ з сярэднявечча, але абарвалася дзесьці ў сярэдзіне 20-га стагоддзя.
Пры гэтым такая тэорыя нясе поўную раўнапраўнасць розных формаў чалавечага досведу. Ці ты нешта даведаўся, ці ўбачыў на ўласныя вочы, ці ўбачыў у сне – усё гэта адно і тое ж. Гэта і ёсць той сама Метасусвет, у якім ты жывеш. Усё, што ты можаш сабе ўявіць, можа ў пэўны час (неабавязкова зараз!) і з нейкім (неабавязкова з табой!) здарыцца. Менавіта тут на рэлігійных падставах і здымаюцца тыя супярэчнасці паміж індывідуальным і калектыўным спазнаннем свету.
Часта так здараецца, што чалавек ведае сваю будучыню, ці прынамсі, некаторыя яго моманты, але забываецца пра тое, што ведае. Ён нават пакідае сляды гэтай веды, таму што ў яго з’яўляюцца ўяўленні пра будучыню, але ён не надае гэтым азарэнням, інтуіцыі, можа нават прасвядзе, належнай увагі і значання, і таму зусім не кіруецца імі ў сваім жыцці і практычных дзеяннях. А зусім дарэмна. Мяркую, многія з нас, калі прааналізуюць сваё мінулае жыццё, прыгадаюць не адзін такі асабісты момант. А менавіта, калі з вамі, ці вакол вас нешта адбываецца ці здараецца, у вас ёсць цвёрдае адчуванне, што гэта ўжо было, перажывалася раней.
Ці адбудзецца пасля гэтага маніфеста нейкая навуковая рэвалюцыя, ці будзе стварацца адзіная прастора спазнання і адукацыі чалавека, сказаць цяжка. Але несумненна, новае слова ў навуцы заслугоўвае ўвагі і інтарэсу.
Уладзімір Хільмановіч