Што год чарговы нам рыхтуе?
Два апошнія гады чалавецтва правяло ў рэжыме хутчэй не жыцця, а выжывання. Пакуль, на жаль, няма нейкіх рэальных падставаў меркаваць, што надыйшоўшы 2022 год прынясе тут значныя палёгкі і паслабленні. Праўда, адзін з багацейшых людзей планеты Біл Гейтс нядаўна заявіў, што ў новым годзе ковід істотна адступіць і жыць стане намнога лепей і весялей. Напэўна, гэтыя мультымільярдэры ведаюць больш за іншых, яны кіруюць гэтым светам, ці, прынамсі думаюць, што кіруюць ім. Яны запускаюць і спыняюць глабальныя працэсы і паварочваюць чалавецтва ў той бок, куды ім патрэбна. Яны лічаць сябе ўладарамі і багамі. І ім шмат што ўдаецца, але толькі да пары, да часу.
Палітычна ў свеце год чакаецца досыць бурлівым. Гэта звязанае з многімі важнымі выбарамі ў розных краінах. Старыя палітычныя эліты ў выніку лакдаўнаў, эканамічнага і сацыяльнага крызісу страцілі давер амаль ва ўсіх краінах, так што амаль усюды, дзе пройдуць выбары, улада будзе мяняцца. Ці будзе яна мяняцца толькі намінальна, ці адбудуцца нейкія істотныя зрухі – гэта ўжо іншае пытанне. У Германіі змены ва ўладзе пачаліся ўжо ў 2021 годзе, але там проста скончыліся ўсе магчымыя тэрміны абрыднуўшай Меркель. Зараз там кааліцыйнаму, так званаму «ураду светлафора», давядзецца даводзіць сваю вартасць. Нічога аптымістычнага для кансерватыўнай часткі нямецкага грамадства ў Германіі не прадбачваецца: чакаецца ўзмацненне «зялёнай павесткі» і спрашчэнне міграцыйнай палітыкі. Сацыял-дэмакраты і ўльтралібералы разумеюць, што немцы ня будуць больш за іх галасаваць і імкнуцца надаць усім мігрантам аўтаматычна легальны статус, а тым, хто ўжо пражыў у Нямеччыне 5 гадоў, адразу даць нямецкае грамадзянства – гэта значыць, што ад 5 да 10 мільёнаў іншаземцаў, якія зараз жывуць у Нямеччыне, могуць атрымаць права голасу. Тым самым левыя палітыкі хочуць істотна пашырыць сваё электаральнае поле.
У Францыі крыху па-іншаму, хоць і там левыя здрадзілі інтарэсам працоўнага класу і трацяць свае ўплывы. Папярэднія два прэзідэнты не здолелі пераабрацца на другі тэрмін. І ў цяперашняга кіраўніка Макрона, бадай што, няма ніякіх шанцаў перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах у красавіку. Хутчэй усяго ён не выйдзе нават у другі тур. А гэта азначае, што ўпершыню Пятую Рэспубліку ўзначаліць жанчына – бо найбольш імаверныя прэтэндэнткі на вышэйшую французскую пасаду – прадстаўніцы правых – Мары Ле Пэн і Валеры Пекрэс. У Пекрэс куды больш высокія шанцы.
Горача можа быць у ЗША, дзе па ўсіх разліках рэспубліканцы павінны узяць пераканаўчы рэванш у дэмакратаў за апошнія выбары прэзідэнта на выбарах губернатараў штатаў і выбарах у Палату прадстаўнікоў. Таму дэмакраты імкнуцца змяніць выбарчае заканадаўства. Выбары ў Кангрэс пройдуць у лістападзе. Рэйтынг цяперашняга, хіба сама недарэчнага прэзідэнта ЗША за ўсю гісторыю, як і рэйтынг усёй дэмакратычнай партыі, моцна падае. Так што бальшыня зацятых «антытрампістаў» нават не будзе балатавацца ў кампаніі 2022 года. Не сказаў апошняга слова і сам Дональд Трамп. Акрамя палітычных дзеянняў ад яго чакаецца стварэнне альтэрнатыўнай сацыяльнай сеткі. Калі гэта ўдасца, няма сумневу, што яна будзе надзвычай папулярнай і створыць рэальную альтэрнатыву існым фэйсбуку і твітару.
Ва ўсім свеце чакаецца далейшыя інфляцыя, рост цэнаў і беспрацоўя. Да гэтага прывяла і пандэмія і недальнабачная палітыка ўрадаў розных краін. Год дакладна не будзе звычайным. Нават чэмпіянат свету па футболе ўпершыню адбудзецца не летам, а ажно напрыканцы года – мундыяль пройдзе ў Катары ў лістападзе-снежні, што абумоўлена кліматычнымі ўмовамі гэтай краіны.
Галоўнае ж пытанне – ці развяжа імперская пуцінская Расея чарговую вайну па заваёве украінскай тэрыторыі. Па ўсёй імавернасці да гарачай стадыі не дойдзе, хоць гібрыдная вайна Крамля супраць Украіны, Беларусі, Арменіі і іншых рэспублік былога Савецкага саюзу працягнецца. Пра тое, што нам найбліжэй – сітуацыю ў Беларусі – варта пагаварыць асобна. Але ўжо наступным разам.
Уладзімір Хільмановіч