Што не рабіць?



У пошуках вінаватых у гаротным стане сённяшняй Беларусі трэба не распальваць непатрэбную варожасць сярод дэмакратычных сілаў, а найлепш канцэнтравацца на сваіх памылках. Кожнаму варта задаць сабе такое пытанне – што я рабіў не так у сваёй грамадскай ці палітычнай дзейнасці: якія стратэгічныя памылкі дапусціў, дзе выявіў шкодны канфармізм, а дзе не заняў прынцыповую пазіцыю. Такі аналіз не зашкодзіў бы і цэлым грамадскім арагнізацыям, палітычным партыям і рухам. Замест гэтага пакуль пераважаюць узаемныя абвінавачанні і прэтэнзіі. Часам слушныя, але пераважна дэструктыўныя, непатрэбныя і шкодныя. Зразумела, што такія сваркі і звады непазбежныя, але варта старацца іх па магчымасці ўнікаць і змяншаць. Пры тым не забываючы, хто і што рабіў у канкрэтныя перыяды найноўшай гісторыі.

Паставіўшы дакладны дыягназ «хваробы», далей лагічна вызначаць, як яе лячыць – іншымі словамі – што рабіць, каб выйсці з жалоснага становішча краіны. Акрэсліць нейкую дакладную праграму дзеянняў зараз вельмі цяжка. Бадай што ніхто не мае гатовых рэцэптаў на развязанне той страшнай «хваробы», фактычна ваеннага становішча, якія зваліліся на галовы і плечы беларускага народу. Разам з тым, ёсць некалькі відавочных рэчаў, якія рабіць не варта ў кожным разе. Прыкладам абсалютна ідыёцкая дыскусія пра новую Канстытуцыю, навязаная з падачы цяперашніх уладаў. Тое што ўлады імкнуцца з дапамогай нейкіх паправак у асноўны закон дзяржавы і «усенароднага абмеркавання» зацягнуць час на сваю карысць – тое зразумела. Але навошта апазіцыйным сілам «вынаходзіць ровар»? Відавочна, што трэба вяртацца да Канстытуцыі 1994 года, якая была фактычна «згвалчана» і знішчана. Гэта пры тым, што тая, гістарычная Канстытуцыя была зусім недасканалай. Але на яе паляпшэнне будзе пазнейшы час.

Разам з тым ёсць некалькі падставовых рэчаў, на якіх павінна гуртавацца і абядноўвацца ўся дэмакратычная супольнасць і людзі, што хочуць аднаўлення законнасці ў Беларусі і справядлівага ўладкавання дзяржавы, яе дачыненняў з грамадзянамі. Першым абяднальным сімвалам ужо стала нацыянальная бел-чырвона-белая сімволіка. Яе гістарычнасць і сапраўднасць не выклікае сумневу ў пераважнай бальшыні грамадства.

Іншым чыннікам мусіць стаць беларуская мова як адзіная дзяржаўная. Усе балбатня пра тое, што ў Беларусі павінны надалей заставацца дзве дзяржаўныя мовы – шкодная і скіраваная на кансервацыю фактычнай дыскрымінацыі мовы тытульнай нацыі. На шчасце, усё больш расейскамоўных людзей гэта разумеюць, але практычна гэта пакуль не выяўляецца. Так, ужо з прыкрасцю можна канстатаваць, што нягледзячы на нібыта пазітыўны зрух масавай сведамасці, колькасць заяваў у беларускамоўныя класы школаў, пададзеных сёлета бацькамі для сваіх дзяцей, ніяк не ўзрасла. Гэта яскравы паказнік нацыянальнай няспеласці грамадства, але на іншае пасля жорсткай русіфікацыі хіба і нельга было спадзявацца.

Зразумела, што ні на якія перамовы з апазіцыяй цяперашні рэжым Беларусі не пойдзе. Але ў гісторыі здараюцца ўсялякія непрадказальныя павароты. І калі ўзнікне рэальная сітуацыя, што ўлада паводле старога выслоўя «будзе валяцца ў гразі пад нагамі» – то трэба мець выразны план пераймання і рэфармавання дзяржаўнага ўладкавання. У такім разе Святлана Ціханоўская як часовы прэзідэнт (яна сама фактычна не раз заяўляла пра такі свой статус!) павінна абвесціць новыя выбары. Але не ў якім разе не выбары прэзідэнта! Таму што няма гарантыі, што народ не абярэ новага авантурніка. А пры той канцэнтрацыі ўладных паўнамоцтваў на пасадзе прэзідэнта, гэта можа стацца новай і непапраўнай бядой. Таму безумоўна, што гарантыяй суверэнітэту і шансам на істотныя змены могуць стаць толькі выбары новага парламента. Пасля яго абрання пасада прэзідэнта можа быць скасавана ўвогуле. Паралельным крокам часовага прэзідэнта мусіць быць аднаўленне незалежнага суду праз поўную змену складу судовага корпуса. Гэта толькі сама галоўныя захады, хоць зразумела, што існуе і процьма іншых праблемаў для развязання…

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ