Сняжынкі і пратэсты
Вось і прайшоў, праляцеў, прамільгнуў лісточкамі календара першы месяц 2021 года. Месяц, які быў адзначаны традыцыйнымі навагоднімі і каляднымі святамі, снежнымі ападкамі і далейшым змаганнем беларусаў за свабоду. Снегу так шмат не было даўно, калі не падводзіць памяць, хіба з 2010 года. Ападкі снегу – з’ява выключна прыродная, а прыкладное яе значанне зусім рознае. У гарадах гэтыя снежныя завеі зусім непатрэбныя, яны ствараюць амаль суцэльныя праблемы – рэзка павялічваецца колькасць аўтамабільных аварый, людзі спазняюцца на працу, даражэюць паслугі таксі, бедныя дворнікі змушаныя гадзінамі варочаць гурбы, расчышчаючы дарожныя ходнікі… У вёсках зусім іншая сітуацыя – за апошнія гады з-за змяншэння ападкаў там зусім абмялелі калодзежы. Настолькі, што ў бальшыні сельскіх студняў ужо зусім не было вады. Так што снег на вёсках зараз абсалютна жыццёва патрэбны, у тым ліку і на пасяўныя палі, нягледзячы на тое, што завіруха і там нарабіла праблемаў – найперш з аварыямі і адключэннем у многіх паселішчах электрычнасці. Але без святла нейкі час можна і пацярпець, а вось без вады ніяк.
За мінулы месяц у Беларусі яшчэ больш паглыбіўся раскол паміж уладнай меншасцю і народнай бальшынёй. За гэты час агрэсія тых, хто гвалтоўна ўтрымлівае гэтую ўладу, толькі вырасла, яна набыла новыя абсурдныя формы і змест. Зараз асноўныя высілкі ўсіх дзяржаўных структураў кінуты на змаганне з бел-чырвона-белай сімволікай. За што толькі ўжо не пераследавалі і штрафавалі людзей з “няправільнымі” колерамі – за бел-чырвона-белыя парасоны, за стужачкі, за фіранкі ў вокнах, за снежных бабаў, і нават за сукенкі і штаны адпаведных колераў. Але і гэтага мала. Цяпер хочуць увесці заканадаўча нават крымінальную адказнасць за бел-чырвона белы сцяг, які ўладныя чыноўнікі ўсё часцей называюць экстрэмісцкім і фашысцкім. Цікава, што ў такой сітуацыі будзе рабіць, прыкладам, мітрапаліт Веніямін? Бо добра вядома, што бел-чырвона-белае спалучэнне колераў стагоддзямі ўвайшло ў традыцыю адзення вышэйшых іерархаў праваслаўнай царквы. Чырвонае на белым – гэта ўвогуле глыбінны змест і сэнс усяго хрысціянства. І ўся гэтая барацьба з колерамі – не проста нейкія недарэчнасць і абсурд. Гэта змаганне цемры са святлом, змаганне антылюдскага з чалавечным, змаганне антыхрысціянскага з хрысціянскім. Ня проста так гэтыя кіраўнікі разбудоўвалі лінію Сталіна, рэстаўравалі бюсты Дзяржынскага, валаклі вянкі і кветкі да шматлікіх помнікаў Леніна. У Беларусі гэтыя кіраўнікі даўно культывуюць усё савецкае і расейскае, насаджваюць усё чужынскае і мэтна нішчаць усё беларускае. А цяпер з асаблівай нянавісцю і ўжо зусім не хаваючыся. І што характэрна, у час маскавага рэжыму ўсе, так бы мовіць, маскі скінутыя і абліччы раскрытыя. У гэтым ёсць вартасць часу, калі ўсё і ўсе становяцца на свае месцы, яскрава паказваюць сваю сутнасць.
Калі на людзей ідзе такі магутны ціск шматлікіх сілавых структур, калі паўсюдна адбываецца ідэалагічнае і маральнае згвалтаванне работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый, калі кіроўная вярхушка разлічвае толькі на рэпрэсіўны і карны апарат, то ўсё гэта сканчаецца альбо новым ГУЛАГам альбо развалам усёй наскрозь фальшывай сістэмы і з’яўленнем новага гістарычнага шанцу для шматпакутнага народу. Ніхто не ведае, калі скончыцца гэты змрочны перыяд рэпрэсій. Ніколі невядома, як казаў адзін мудры палітык, калі ўпадзе тая сняжынка, якая выкліча сапраўдную магутную лавіну.
Паралельна грамадскія пратэсты разгортваюцца і ў суседняй Расеі. Там, канешне, іншая сітуацыя і ў значнай ступені іншая прырода пратэстаў. У Расеі няма дыскрымінацыі тытульнай нацыі, яна надалей застаецца імперыяй і турмой многіх народаў. Але і там і там аднолькавыя паводле сваёй прыроды ўладныя рэжымы, гэткія спалучаныя сасуды. І няма сумневу, што гэтыя “брацкія” рэжымы будуць стаяць разам да іх бясслаўнага канца.
А пакуль сняжынкі падаюць…
Уладзімір Хільмановіч