Соты год – на крок бліжэй да Волі
Беларусы адзначылі 100-ыя ўгодкі з дня абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі. Адзначылі гэтую дату ў розных гарадах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і ў тых краінах, дзе пражывае беларуская супольнасць і эміграцыя. Адзначылі годна, варта, урачыста і пад сапраўднай нацыянальнай сімволікай, з музыкай і спевамі. Фактычна зрабілі ўсё што змаглі ў няпростых палітычных і матэрыяльных варунках.
Упершыню за 22 ці 23 апошнія гады невялічкі крок наперад народу зрабіла і ўлада РБ. Назваць беларускай пакуль, на жаль, яе не можам – гэтае права ў беларускага народу яна пакуль не заслужыла. Дык вось зрабіла крок насустрач, а потым назад – больш за 100 чалавек па ўсёй краіне ўсё ж затрымалі і хапалі сама цынічным чынам, сярод іх вядомых грамадскіх лідараў. Іх незаконна арыштавалі, а ўвечары 25 сакавіка бальшыню гэтак жа незаконна выпусцілі, прадэманстраваўшы выразна – што хочам, тое і зробім. Тым самым гэтым людзям святочны дзень незваротна сапсавалі.
Галоўныя вулічныя акцыі ў Менску, Гародні, Берасці, некаторых іншых гарадах дазволілі. У некаторых абласных цэнтрах не дазволілі. Далей ужо мясцовыя ўлады дзеілі па нейкіх сваіх сакрэтных сцэнарах – адны не перашкаджалі, іншыя не ведалі, што рабіць і не былі паслядоўнымі. Калі гэтае пытанне было дадзена на вырашэнне мясцовым кіраўнікам, то гарадзенскім начальнікам можна крыху падзякаваць. Прынамсі ў горадзе над Нёманам ніхто не перашкаджаў правядзенню свята і яно ўрэшце ўдалося, хоць і праходзіла па рашэнні гарвыканкаму далёка ад цэнтральных пляцаў. У Каложскім парку луналі шматлікія бел-чырвона-белыя сцягі. Арганізатары зрабілі такі падарунак тым, хто трымаў нацыянальную сімволіку – кожны ў канцы свята мог забраць сабе прыгожы сцяг. Некаторыя папрыходзілі са сваімі палотнішчамі, так адзін з удзельнікаў святочнага мерапрыемства прынёс вялікі сцяг, які ўзвышаўся над гарвыканкамам яшчэ ў 1995 годзе. Сімволікі і сімвалічных паралеляў было ўвогуле шмат. Выступоўцы казалі пра значнасць падзеі стогадовай даўніны, пра пераемнасць традыцый БНР, пра адраджэнне мовы і культуры, прыгаданыя былі асобы, якія закладалі падмуркі нашай дзяржаўнасці ў першай чвэрці дваццатага стагоддзя.
Можна сказаць, што памяць пра БНР калі не адроджана напоўніцу, то адраджаецца. Нейкіх трыццаць гадоў таму, калі святкаваліся 70-ыя ўгодкі, пра БНР ведалі толькі эмігранты ды адзінкі ў самой Беларусі. Зараз гэтую старонку айчыннай гісторыі адкрылі для сябе ўжо дзясяткі, а можа і соткі тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь. У Менску ўрачыста адчынены памятны знак братам Луцкевічам, неўзабаве ў сталіцы таксама будзе павешана памятная шыльда на будынку, дзе абвяшчалася Трэцяя Ўстаўная грамата БНР. У Гародні, другой сталіцы Беларускай Народнай Рэспублікі, таксама актыўна збіраюцца подпісы за адпаведную шыльду, нібыта ёсць і папярэдняе абяцанне мясцовай улады спрыяць яе ўсталяванню.
На дазволеныя мерапрыемствы ў Менску, Гародні, Берасці, іншых гарадах, прыйшлі тыя, хто і так нічога не баіцца. Іншая частка грамадства баіцца ўсяго. Ёсць яшчэ сегмент, які “апраменены тэлевізарам” і агрэсіўна настроены супраць усяго беларускага. Але сама вялікая частка нашага грамадства – гэта тыя, хто абыякавы да ўсяго. І як дастукацца да мазгоў, сэрцаў ці хоць бы інстынктаў самазахавання гэтых людзей – найвялікшая праблема дэмакратычнай супольнасці.
Адназначна, што ў час святкаванняў 100-ых угодкаў БНР сёлета зроблены значны крок да ўсведамлення сябе паўнавартаснай і годнай нацыяй. Але да сапраўднай Волі, да сапраўднай Незалежнасці належыць зрабіць і прайсці яшчэ нямала. “О, як далёка нам яшчэ да Беларусі!” – як сказаў выдатны айчынны паэт. Гэта па мерках аднаго чалавечага жыцця. А з іншага боку, па мерках касмічнай гісторыі, сто год – гэта толькі імгненне.
Яшчэ раз усіх шчыра віншую з Днём Волі!
Уладзімір Хільмановіч