Спеласць нацыі
Лёсы беларусаў і украінцаў за апошнія стагоддзі былі заўсёды моцна пераплецены і вельмі падобныя. Нездарма ва ўсіх жыхароў Беларусі, што маюць у галаве хоць драбінку рацыянальнага мыслення, такую насцярогу, занепакоенасць і нават страх выклікае расейская агрэсія і захопніцкая палітыка ў дачыненні да зямель паўднёвай краіны-суседкі. Вайна сапраўды грукаецца ў нашы дзверы, яна на парозе, і гэта публічна прызнаў у сваім сямігадзінным выступе перад прэсай начальнік беларускай дзяржавы. Але зараз не пра гэта. Зараз пра параўнанне развіцця Беларусі і Украіны за апошнія 30 гадоў. У 1985-ым рэспублікі Савецкага саюзу з надыходам гарбачоўскай перабудовы атрымалі лавіну праўдзівай інфармацыі і фактычнае права на адраджэнне свайго нацыянальнага. З непасрэдным удзелам кіраўнікоў Украіны і Беларусі ў самым канцы 1991-га году быў аформлены лагічны канец існаванню савецкай імперыі зла. Далейшае дэмакратычнае развіццё Беларусі доўжылася вельмі не працягла – усяго два з паловай гады – і скончылася адразу пасля першых прэзідэнцкіх выбараў у ліпені 1994-га. А ў 1996-ым быў ужо канчаткова аформлены антыканстытуцыйны пераварот з самым чынным удзелам крамлёўскіх палітыкаў і спецслужбаў. Україна ж мела дэмакратычны шлях і выбар ажно да 2010 году і змяніла аж чатырох прэзідэнтаў! Калі сапраўды браць за пункт адліку 1991-ы год – гэта 19 гадоў сапраўднай незалежнасці. Параўнайце 2,5 гады і 19! Дык вось, што хачу сказаць. Праблема украінскай дзяржавы была ў тым, што яе ўладныя вярхі за гэтыя 19 гадоў скапраметавалі ідэю дэмакратычнага грамадства ўшчэнт. Замест пазітыўных рэформаў і развіцця, краіну прасякнулі дзікая “прыхватызацыя”, карупцыя і татальнае хабарніцтва. Абуральна глядзець зараз як Леанід Кучма, які кіраваў Украінай ажно два прэзідэнцкія тэрміны, недарэчна імкнецца апрануць тогу міратворца. Бо ён адзін з галоўных вінаватых у тым, што Украіна апынулася ў такім цяжкім стане. Няўдаласць першага суверэннага кіраўніка Леаніда Краўчука яшчэ можна спісаць на цяжкасці пераходнага перыяду, а вось Кучму папросту няма апраўданняў. Нічога талковага не змаглі зрабіць за сваю кадэнцыю і Віктар Юшчанка з Юліяй Цімашэнкай, якія прыйшлі да ўлады на хвалі Аранжавай рэвалюцыі 2004-га году. У выніку на дэмакратычных выбарах 2010-га ўкраінскі народ выбраў сваім кіраўніком відавочнага крымінальніка і бандыта па сваёй сутнасці. Гэта выразна азначала, што ўкраінская нацыя не даспела палітычна. Бо як можна было выбраць такога прэзідэнта, хай сабе і ў другім туры, пры наяўнасці дзесятка новых і больш вартых кандыдатаў. А ўжо законна абраны Януковіч, спрабуючы збудаваць аўтарытарны рэжым на ўзор беларускай мадэлі, хутка давёў народ да скрайняй мяжы пратэсту і ў выніку Майдану, як імкнення да справядлівасці.
Скажу больш, рызыкуючы наклікаць абурэнне многіх. Калі б у прэзідэнты Украіны ў 2010-ым балатаваўся Аляксандр Лукашэнка, за яго рэальна прагаласавала б бальшыня ўкраінскіх грамадзян і ён выйграў бы з першага туру. Міф клапатлівага Бацькі, айца народу, на той момант ва Украіне быў надзвычай устойлівы. А сама Беларусь падавалася ўкраінцам выспай стабільнасці і матэрыяльнага дабрабыту. У Беларусі ж “вечны і нязменны гарант” ужо даўно ня мае падтрымкі большасці. Таму і была разагнана Плошча снежня 2010-га. Выкажу тут крамольную думку – калі б яе імкліва і жорстка не здушылі, першы Майдан здарыўся б ужо тады ў Менску.
Зараз украінскі народ гераічна бароніць сваю дзяржаву і права кіраваць на сваёй зямлі самому. Прадстаўнікі гэтай нацыі вартыя захаплення і павагі. Але запярэчу тым, хто грэбліва выказваецца пра беларусаў як нацыю. Беларусы таксама змагаліся гэтыя 20 гадоў: некалькі назаўсёды зніклых палітыкаў, сотні крымінальных спраў, тысячы арыштаў, масавыя збіванні і пераслед іншадумцаў таму пацверджаннем. Зрэшты, гэта асобная тэма.
Палітычнае выспяванне беларускай нацыі апярэджвае пакуль нацыянальнае сталенне. Але менавіта нацыянальная спеласць урэшце і прывядзе нас да вольнасці і сапраўднай незалежнасці.
Уладзімір Хільмановіч