Спраўджаная місія



Няма больш з намі Віктара Дзесяціка, шчырага адданага беларускай справе патрыёта, актыўнага няўрымслівага грамадскага рупліўца. Традыцыйны штогадовы фэст у Свіслачы і Якушоўцы – Дзень памяці паўстанцаў 1863 году, які адбываўся сёлета ў нядзелю 26 кастрычніка – у светлы восеньскі дзень быў ахутаны для ўсіх прыехаўшых і прыйшоўшых сумам. Грамадская супольнасць Свіслачы зазнала вялізную страту. Віктар Дзесяцік рыхтаваў і гэты чарговы фэст, але не дажыў да яго. Цяжкі інсульт падпільнаваў яго ў 55 год, а ўсім нам здавалася, што гэты энергічны чалавек яшчэ шмат чаго паспее і зробіць. Нехта нібыта адмыслова падгадаў дзень пахавання гэтага чалавека да Дня памяці Герояў.

Віктар Дзесяцік… Дбайны гаспадар і адказны бацька, сапраўдны сем’янін і надзейны сябра. Ніколі не шкадаваў свайго часу, сілаў і асабістых сродкаў на грамадскія справы, даводзіў іх да канца. Чалавек – аголены нэрв, вельмі востра перажываў несправядлівасць, якой так шмат у нашай краіне. Напэўна і таму яго арганізм не вытрываў напругі. Ня меў вышэйшай адукацыі, але меў вельмі дасціпны розум, цікавіўся тэхнічнымі навінкамі, цэлы час насіўся з нейкімі кампутарнымі праграмамі, прапаноўваў іх усталяваць іншым. У яго фэйсбуку так і застанецца застаўка “Свабоду палітвязням!” – Віктар Дзесяцік з сябрамі неаднаразова праводзіў не толькі памятныя, але і праваабарончыя акцыі салідарнасці ў сваім горадзе.

Дзень Герояў сёлета прайшоў як звычайна годна, прыехаўшыя з розных мясцовасцяў Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны, Менску людзі пабылі на паніхідзе ў праваслаўнай царкве, правялі ў апошні шлях Віктар Дзесяціка, якога накрылі бел-чырвона-белым сцягам, усклалі кветкі, запалілі знічы і паставілі іх ля помнікаў нацыянальных герояў, наведалі Якушоўку – былы фальварак роду Каліноўскіх. У гэты сонечны дзень лунала некалькі нацыянальных сцягоў.

Дзень памяці паўстанцаў прайшоў як звычайна і так, як не павінна быць. Улады зноў нагналі процьму міліцыянтаў, людзі ў цывільным сядзелі па ўсім перыметры цэнтральнай плошчы ў Свіслачы, “камітэтчыкі” лезлі з відэакамерамі і фотаапаратамі проста ў твар прыехаўшым людзям. Добра яшчэ, што на гэты раз у іх хапіла розуму нікога не затрымліваць і арыштоўваць.

Віктар Дзесяцік быў сапраўды чалавекам пагранічча, часта ездзіў на Беласточчыну, марыў пра хутчэйшыя ўводзіны малога памежнага руху і ўвогуле ліквідацыю штучнай мяжы паміж Беларуссю і Еўропай. Вазіў у сваю родную Свіслач газеты “Ніва”, аднойчы на мытні ў яго забралі некалькі дзесяткаў выдання. Улады таксама штрафавалі, цкавалі яго за акцыі памяці, а ён рэзка адказваў мясцовым прыслужнікам рэжыму, якія толькі хавалі вочы і маўчалі.

Пахаваны Віктар Дзесяцік паблізу праваслаўнай царквы, побач з сваім бацькам, дзе помнік з напісам па-беларуску. Зусім недалёка і магіла іншага Віктара – Каліноўскага, ідэолага вызвольнага руху, з якой у фэст звычайна пачынаецца ўшанаванне нашых патрыётаў дзевятнаццатага стагоддзя. Віктар Дзесяцік таксама выступаў за праўду і адраджэнне нацыянальнай годнасці. Відаць, гэта вышэйшая місія чалавека на гэтым свеце – быць за праўду. Наш сябра за сваё нядоўгае жыццё гэтую місію паспеў рэалізаваць. Ушаноўваючы памяць продкаў, ён заслужыў і права, каб памяталі яго. І так у Свіслачы будзе, бо час усё фільтруе і расстаўляе праўдзівыя адзнакі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ