Суботнік пачынаецца ад пасляўчора
Вайна вайной, а хакей і суботнік па распарадку. Прыблізна пад такім лозунгам кіраўніцтва РБ працягвае пракладаць светлы шлях у адной, асобна ўзятай дзяржаве. Калі прыходзіць красавік, кожны грамадзянін абавязан узяць рыдлёку, граблі ці вілы і ўдарнай працай прадэманстраваць усім, што наша краіна «упэўнена глядзіць у будучыню». Гэтыя ленінскія суботнікі – даніна старой савецкай традыцыі, калі прапагандысцкая імітацыя добраахвотнай працы ў выходныя дні падавалася ледзь як не найвялікшае дасягненне краіны саветаў. Так што традыцыя гэтых суботнікаў сягае яшчэ ў пасляўчорашні час. Пры тым улюбёным застаецца савецкае словазлучэнне «рэспубліканскі суботнік», цяперашнія кіраўнікі РБ так і засталіся на роўні рэспублікі-філіяла, не ўсведамляючы сваю краіну як асобную дзяржаву.
Найбольш пазабавіў публіку апошнім суботнікам у РБ сам прэм’ер-міністр дзяржавы Раман Галоўчанка. Яго фота разляцелася па ўсіх медыях і стала ўжо сапраўдным мемам. А ўвесь прыкол, як кажа моладзь, у тым, што прэм’ер не ведаў як правільна надзяваць адмысловыя пальчаткі, якія носяць будаўнікі і іншыя людзі цяжкай працы. Замест таго каб надзець пальчаткі пупурышкамі на далоні, ён напяліў іх зверху рук. Усім адразу прагадалася даўняя гісторыя пра ленінскае бервяно.
Пры тым, аднак, Галоўчанка ўпэўнена заявіў, што рыхтуецца дадатковы комплекс мер падтрымкі эканомікі. Што будзе ўваходзіць у той комплекс – прэм’ер не сказаў. І правільна зрабіў, бо такія меры – гэта ж на роўні ваенных сакрэтаў. «Пакуль карты раскрываць не буду, але работа над новым пакетам мераў не спыняецца ні на мінуту» – заявіў Галоўчанка. Больш таго і ня скажа. Бо што б не вынаходзілі бальшавікі ці іх духовыя нашчадкі, добра ў іх атрымліваецца толькі адно – забіранне маёмасці ў іншых. Нацыяналізацыя, прадразвёрстка, ушчыльненне, экспрапрыяцыя і таму падобнае – словы ведамыя з гісторыі стогадовай даўніны, якія хавалі сутнасць працэсаў і з’яваў. А сутнасцю было заўсёды толькі адно – рабаванне народу. Апошнія гады таварышы ідуць сваёй правільнай ленінскай дарогай. Так што ўсё цячэ, але нічога не мяняецца. Суботнік пачынаецца ад пасляўчора.
Уладзімір Хільмановіч