Свет 0,97



Апошнім часам усё больш з сябрамі размаўляем на тэму бліжэйшай будучыні гэтага свету. Ён, гэты свет, у час імклівага тэхнагеннага працэсу так хутка мяняецца, што сама неверагодная яшчэ нейкіх 30-40 гадоў таму фантастыка, ужо стала альбо на нашых вачах робіцца паўсядзённай рэальнасцю. Машыны, электронныя механізмы, розныя робаты ўсё больш замяняюць чалавека ў розных сферах эканомікі, тэхнічных паслуг, адпачынку. Там, дзе было патрэбна 20 даярак, зараз дастаткова двух аператараў машыннага даення, якія падключаюць апараты. Там, дзе было патрэбна 20 касіраў супермаркету, дастаткова хутка будзе аднога, які ўключыць машыны для разліку. Такія маркеты ўжо ёсць. Там, дзе было патрэбна 100 кіроўцаў, праз нейкіх 10 гадоў дастаткова будзе 2-3 дыспетчары, якія праз кампутарныя праграмы аўтаматычна запусцяць і будуць кантраляваць рэйсавыя аўтобусы і цягнікі. Што да гуманітарных і творчых прафесій, то літаратары, музыкі, акторы, мастакі – ужо амаль лішні баласт. Непатрэбнымі будуць нават людзі такога старажытнага роду дзейнасці, як перакладчыкі. Два чалавекі падыдуць адзін да аднога з мабільнымі прыладамі і будуць размаўляць паміж сабой на розных, хоць на 20-ці мовах. Журналісты таксама будуць непатрэбнымі. Ужо навіны пішуць бяздушныя машыны. Зрэшты, можна канстатаваць калі не смерць, то агонію сапраўднай журналістыкі. Нават жывы “сучасны” журналіст абавязаны быць бяздушнай істотай, яму забараняецца выяўляць эмоцыі, ён мусіць быць у пэўным сэнсе гэткім робатам-фіксатарам. І гэта ў лепшым разе. У горшым – ён павінен быць прапагандыстам-ашуканцам і стваральнікам фэйкаў.

Пакуль яшчэ на вяршыні застаюцца розныя менеджэры і маркетолагі. Асноўнае іх заданне – гэта наўпроставае альбо прыхаванае ашуканства спажыўцоў. Але гэта таксама не бясконцы працэс. Днямі ўгледзеў я на пачцы соку яе змяшчальнасць – будучы перакананым, што купляю 1 літр напою, купіў я насамрэч ёмістасць 0,97. Раней выраблялі бутэлькі і пачкі літровыя, потым з’явіліся 0,90, потым 0,95 і вось – 0,97! Гэта не проста прыхаванае ашуканства. Усе гэтыя 0,97, цэны 9,99 – разбурэнне цэласнасці свету. Бо літар – ужо ня літар, кілаграм – не кілаграм і так далей. Ці вытрывае чалавечы мозг такую перазагрузку?!    

Становіцца цікава, якія ж прафесіі застануцца патрэбнымі і незаменнымі? Падаецца, што ў аддаленай перспектыве ўвогуле ніякія, а самы прафесіі зазнаюць трансфармацыю ў бок універсалізацыі. Думаю, што крыху затрымаюцца на гэтым свеце лекары, кухары, цырульнікі. Хоць у медыцыне таксама ўсё мяняецца. Прыкладам, у ЗША ўжо навучыліся вырошчваць новыя зубы і прэстыжная спецыялізацыя стоматолага і дантыста будзе патрабаваць неўзабаве значна менш яе прадстаўнікоў. У працы ж кухара і цырульніка-візажыста, якіх таксама могуць замяніць машыны, усё ж застаюцца пэўныя элементы творчага ўдзелу, што патрэбны спажыўцам, каб смачней паесці ці прывабней выглядаць – а гэтыя жаданні праз час застаюцца нязменнымі. Магчыма, застануцца нейкія дробныя фермеры, бо людзі з-за невыноснай урбанізацыі, перанаселенасці гарадоў і патэнцыйнага голаду, пачнуць перасяляцца на вольныя, некалі вясковыя, а цяпер апусцелыя землі.

Атрымліваецца, што ўжо бліжэйшым часам (гадоў праз 10 – максімум 20) бальшыня з насельнікаў Зямлі становяцца не толькі непатрэбнымі, але і “лішнімі” на гэтай планеце. І тая абсалютная меншасць, якая будзе на вяршыні кампутарных тэхналогій, цалком будзе вырашаць лёс пераважнай колькасна бальшыні. Ці захоча яна карміць гэтую непатрэбную бальшыню?! Адказ ляжыць на паверхні і ён не на карысць бальшыні.  А значыць чалавецтва чакае альбо знішчальная сусветная вайна альбо маральная рэвалюцыя. Альбо іх паслядоўнае спалучэнне. Пры першым варыянце, зважаючы на тэхналагічны ровень зброі, з 7-8 мільярдаў жыхароў застанецца невялікі адсотак людзей, якія пасля завяршэння катастафічнай вайны павінны будуць неяк адраджаць і ўладкоўваць жыццё на планеце. Пры маральнай рэвалюцыі (яе імавернасць без вайны невялікая) адбудзецца светаглядны перагляд каштоўнасцяў і вяртанне да ранейшых вартасцяў – ад сярэднявечных да лепшых набыткаў другой паловы 20-га стагоддзя.

Уладзімір Хільмановіч 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ