Святы Сувораў альбо поле цудадзейных палкаводцаў
У наш час часта цяжка адрозніць праўдзівую інфармацыю ад ілжывай, якую модна цяпер называць фэйкавай. Навіна пра тое, што Расейская праваслаўная царква разглядае па прапанове шэрагу грамадскіх арганізацый, а таксама самога міністра абароны дзяржавы Сяргея Шайгу магчымасць далучэння да ліку святых палкаводца Аляксандра Суворава, падалася спярша нейкім жартам. Аднак на календары было не 1 краавіка, а такую інфармацыю падалі абсалютна сур’ёзныя афіцыйныя расейскія медыі. Так кіраўнік Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Маскоўскага патрыярхату ігумен Валаамскага манастыра епіскап Троіцкій Панкрацій заявіў інфармагенцтву ТАСС літаральна наступнае:
„Святейший патриарх ответил Сергею Кужугетовичу, что мы будем собирать материалы. И вы собирайте материалы о его жизни, может быть, о тех чудесах, которые совершались, о которых мы не знаем. Когда у нас будет достаточно много материала, мы уже вернемся к этому вопросу основательно”.
Што ж, падыход сапраўды грунтоўны, епіскап прынамсі не заявіў, пра ўжо ведамыя цуды новага кандыдата ў святыя. Хоць адно сувораўскае «цуда» ведама ў гісторыі здаўна – ягоныя падначаленыя жаўнеры – так званыя „чудо-богатыри”, праславіліся як надзвычай жорсткія акупанты, заліўшы крывёй мірнага насельніцтва землі некалькіх народаў Еўропы.
Чаму ж менавіта цяпер міністр абароны так затурбаваўся пра кананізацыю незабыўнага Аляксандра Васілевіча. Магчыма Сяргею Кужугет аглу Шайгу падкінулі гэтую ідэю тувінскія шаманы, ягоныя пастаянныя духоўнікі. Але хутчэй усяго ён хоча ўзняць баявы дух расейскай арміі, якая загрузла ў час ваеннай спецаперацыі ва Украіне і не адчувае належнага натхнення. Нездарма гэты Шайгу яшчэ і Заслужаны ратаўнік Расейскай федэрацыі. Ды і наперад думае – сёння Суворава святым абвесцяць, то можа гадоў праз 50 і яго, Сяргея Кужугетавіча, аналагічна ўзвысяць.
Цяпер напэўна трэба чакаць, што Шайгу асабіста прыедзе ў Беларусь, найперш на Берасцейшчыну – збіраць у палях і ў старажылаў «материалы”, якія засведчаць пра святасць былога генераліссімуса Суворава, які душыў на нашых землях паўстанне Касцюшкі. Дзіўна толькі, што пачалі з Суворава. Ёсць жа яшчэ Іван Жахлівы з подзвігам забойства мітрапаліта Філіпа, «цішайшы» Аляксей Міхайлавіч, пры нашэсці якога на беларускіх землях забілі кожнага трэцяга жыхара. І многа іншых ратных палкаводцаў, якіх пара кананізаваць.
Уладзімір Хільмановіч