Такая розная Еўропа



Пасля трох месяцаў адкрытага ваеннага ўварвання Расеі ва Украіну сітуацыя з некаторымі невядомымі ці сумнеўнымі палітычнымі акалічнасцямі выразна праяснілася. Адным з лагічных пытанняў доўгі час заставалася тое, чаму ўсё ж крамлёўская чалавеканенавісніцкая вярхушка ці канкрэтна яе лідар Пуцін наважыліся на такую ваенную агрэсію, якая бальшыні зараз падаецца авантурай? Задамося тут адваротным пытаннем – ці такая ўжо гэта была авантура? Пры больш дэталёвым аналізе цяпер выразна відаць, што прынамсі ўсе знешнепалітычныя рызыкі Масквой былі выдатна пралічаныя. Разлік быў на тое, што цягам тыдня імкліва ўдасца захапіць бальшыню тэрыторыі Украіны ўлучна з Кіевам, а іншыя моцныя гэтага свету (Германія, Францыя, ЗША) выкажуць традыцыйную «заклапочанасць» і на словах асудзяць агрэсію, а пасля неадкладна прыступяць да сваёй традыцыйнай рэал-палітык і шчыльнай эканамічнай супрацы з Расеяй. Што стратэгічна дасць магчымасць Маскве аддыхацца, «пераварыць» Украіну ў сваім імперскім страўніку і спакойна рыхтавацца да далейшай экспансіі – ужо на тэрыторыі краін Балтыі, Малдовы і нават Польшчы.

Напярэдадні пачатку новай вайны 24 лютага нават кіраўнік ЦРУ ЗША Бёрнс (ранейшы амбасадар Амерыкі ў Расеі!) прывёз у Белы дом вестачку, што за тры дні «усё будзе вырашана» і трэба неадкладна прадаставіць Уладзіміру Зяленскаму прытулак. Што адміністрацыя Байдэна адразу і прапанавала ўкраінскаму прэзідэнту. А як умее Заходняя Еўропа замацоўваць новыя расейскія зямельныя «приобретения» добра ведама з навейшай гісторыі. У 2008 годзе захоп Масквой Абхазіі дапамог аформіць прэзідэнт Францыі Сарказі. У 2014 годзе, пасля анексіі Крыму, такімі эмісарамі-міратворцамі выступілі ўжо фрау Меркель і іншы месье – Алянд. Цяпер на авансцэну па абароне інтарэсаў Расеі выйшаў новы прэзідэнт Францыі – Макрон. Зараз вакол тэорыі «непрыніжэння Масквы і прадастаўлення магчымасці Пуціну захаваць твар» (хоць як можна тое звярынае нялюдскае аблічча называць тварам – незразумела) склалася цэлая кааліцыя дзяржаў, прычым сябраў НАТО і Еўразвязу. Францыя, Германія, Італія і Венгрыя выразна не хочуць перамогі Украіны ў гэтай вайне. Яны нібыта выступаюць за неадкладнае спыненне ваенных дзеянняў і мірныя перамовы па «спрэчных тэрыторыях» (вяршыня цынізму!). А захоплена акупантамі на сёння ажно пятая частка Украіны. Уявіце сабе простую карцінку – у ваш прыватны дом уварваўся сусед, гвалтам захапіў першы паверх, а потым вы сядаеце разам з бандытам і мадэратарам за стол і абмяркоўваеце «спрэчную плошчу».

З іншага боку выспела новая антырашысцкая кааліцыя, магчымасць стварэння якой агучыў брытанскі прэмер Борыс Джонсан. Да кааліцыі акрамя Вялікабрытаніі гатовыя далучыцца краіны Балтыі, Польшча, Славакія, хутчэй усяго Чэхія, Славенія, патэнцыйна, Румынія і Малдова, якія выдатна разумеюць, што украінцы зараз ваююць і за іх свабоду і бяспеку. Вялікабрытанія зараз адзіны паслядоўны саюзнік Украіны, яна ўспомніла сваю «маладосць» і сітуацыю 1940 года, калі фактычна адна ў Еўропе засталася сам на сам з гітлераўскай Германіяй і вяла жорсткае змаганне з агрэсарам. У той жа час Францыя тады вельмі хутка здалася на літасць фюрэра і адкрыла фашыстам свае кавярні і бардэлі. Ужо ў канцы другой сусветнай вайны Сталін «вялікадушна» далучыў Францыю да ліку пераможцаў над Гітлерам – з таго часу і варта шукаць карані такой паслядоўнай падтрымкі Елісейскім палацам маскоўскага Крамля.

У крывадушных паводзінах Германіі і Францыі, якія з аднаго боку не хочуць перамогі Расеі, а з іншага – катэгарычна не жадаюць і перамогі Украіны, праглядаецца і іншы палітычны падтэкст. Пасля патэнцыйнага разгрому маскоўскага агрэсара і заканчэння Трэцяй сусветнай вайны складзецца новая геапалітычная рэальнасць, дзе будуць дамінаваць пераможцы – тая ж Вялікабрытанія, значна ўзрасце ўплыў дзяржаў Усходняй Еўропы – найперш Украіны і Польшчы як рэгіянальных лідараў. Такога краіны-дамінанты ранейшага Еўразвязу імкнуцца не дапусціць.

Падаецца, што характар вайны, якая завісла на стадыі «знясільвання бакоў», будзе ў значнай ступені вырашацца ў Белым доме, дзе зараз таксама ідзе супрацьдзееянне дзвюх груповак, якія маюць розную пазіцыю ў пытанні падтрымкі Украіны.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ