Тэрарыстычны цэнтр нумар адзін



“Бываюць дні, калі апусціш рукі” – як спявае ў адной з даўніх песень Андрэй Макарэвіч. Бываюць падзеі і тэмы, калі сапраўды ўжо нічога ня хочацца пісаць. Ня хочацца таму, што ўжо ўсё сказалі і напісалі іншыя. Ня хочацца таму, што ўсё і так даўно зразумела. З ліку такіх падзей – і забойства выдатнага апазіцыйнага расейскага палітыка Барыса Нямцова ў самым цэнтры Масквы. Забойства, з аднаго боку, знакавае, розгаласнае, а з іншага – звычайнае для такой дзяржавы як сённяшняя Расея, а значыць характэрнае і проста чарговае. У гэтым матэрыяле прывяду толькі моцна скарочаны мартыралог апошніх 15 гадоў.

У кастрычніку 2002 году ў выніку спецаперацыі па “вызваленні закладнікаў” акрамя забітых захопнікаў тэатру на Дуброўцы ў Маскве, былі атручаны 174 закладнікі.

У красавіку 2003 году каля свайго дома ў Маскве застрэлены Сяргей Юшанкоў, дэпутат дзяржаўнай думы, навуковец-філосаф, адзін з лідараў партыі “Ліберальная Расея”.

У ліпені 2003-га году пасля атручвання і імклівай хваробы памёр Юрый Шчэкачыхін, журналіст “Новой газеты”, які расследаваў карупцыю ў вышэйшых эшалонах улады, а таксама ўзрыванні жылых дамоў у Маскве і Валгадонску.

У лютым 2004 году у сталіцы Катара Досе ўзарваны асабісты аўтамабіль, у выніку чаго загінуў чачэнскі палітык і выдатны паэт Зелімхан Яндарбі.

У ліпені 2004 году ў Маскве застрэлены Пол Хлебнікаў, амерыканскі журналіст і публіцыст часопіса “Форбс”.

У кастрычніку 2006 году ў ліфце свайго дома ў цэнтры Масквы застрэлена Ганна Паліткоўская, журналістка, праваабаронца, якая ўздымала праўду пра чачэнскую вайну.

У лістападзе 2006 году ў выніку атручвання радыёактыўным палоніем у Лондане памёр Аляксандр Літвіненка, былы супрацоўнік КГБ-ФСБ, крытык расейскай улады і асабіста Пуціна, аўтар кнігі “ФСБ взрывает Россию”.

У ліпені 2009 году ў Інгушэціі выкрадзена і забіта праваабаронца Наталля Эстэмірава.

У лістападзе 2009 году ў Маскве ў ізалятары “Матроская цішыня” забіты ці закатаваны Сяргей Магніцкі, аўдытар амерыканскай кансалцінгавай кампаніі, арыштаваны нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў.

У красавіку 2010 пад Смаленскам знішчаны самалёт з польскай палітычнай элітай, якая ляцела на жалобныя ўрачыстасці ў Катынь – усяго загінулі 88 пасажыраў, у тым ліку прэзідэнт Рэспублікі Польшча Лех Качыньскі з жонкай, а таксама 8 членаў экіпажа.

У ліпені 2014 году раптоўна ад невядомай хваробы памерла Валерыя Навадворская, дысідэнтка, антыкамуністка, вострая публіцыстка і крытык пуцінскага рэжыму.

У ліпені 2014 году пад Данецкам прарасейскімі тэрарыстамі збіты малайзійскі самалёт Боінг, загінулі 283 пасажыры з розных краін і 15 членаў экіпажу.

У лютым 2015 году на вуліцы недалёка ад Крамля застрэлены Барыс Нямцоў, лідар расейскай дэмакратычнай апазіцыі, які рыхтаваў Марш пратэсту.

У сакавіку 2015 году пасля працяглай галадоўкі пратэсту можа не стаць зняволенай украінкі Надзеі Саўчанкі, якая была выкрадзена расейскімі спецслужбамі на тэрыторыі Украіны і перавезена ў Маскву паводле фальшывага абвінавачвання.

Да гэтага пераліку можна дадаць яшчэ многіх забітых журналістаў, адвакатаў, грамадскіх актывістаў, закатаваных людзей у расейскіх турмах.

У выніку так званай другой чачэнскай вайны, развязанай Масквой, якая ішла з верасня 1999-га па красавік 2009-га, загінулі дзесяткі тысяч вайскоўцаў і жыхароў.

У жніўні 2008-га ў выніку захопу расейскім войскам Паўднёвай Асеціі на тэрыторыі Грузіі ў выніку тыднёвай вайны загінула каля 450 чалавек з грузінскага боку і каля 400 вайскоўцаў з расейскага боку.

У вайне, якую развязала расейскае кіраўніцтва ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і якая фактычна працягваецца, па сама сціплых падліках ужо загінула не менш чым па 6 тысяч чалавек з абодвух бакоў.

І асабіста ў мяне застаецца толькі адно пытанне – колькі яшчэ дзесяткаў выдатных асобаў, тысяч, дзесяткаў тысяч, соцень тысяч звычайных мірных людзей і з якіх краінаў павінен забіць фашыстоўскі крамлёўскі рэжым для таго, каб маскоўскі Крэмль быў прызнаны так званым “цывілізаваным светам” галоўным тэрарыстычным цэнтрам нашай планеты, а яго афіцыйны лідар Уладзімір Пуцін – тэрарыстам нумар адзін?!

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ