Толькі па «пладах»



Найбольш цяжкае ў чалавечым жыцці – адрозніць дабро ад зла. І калі дабро зазвычай больш выразнае і зразумелае, то зло мае столькі абліччаў, што беднаму чалавеку вельмі лёгка заблытацца і паверыць у тое, што чорнае – гэта белае. Асабліва гэта датычыць палітычнай дзейнасці – канкрэтных палітыкаў, пазіцый і дзеянняў партый, урадаў, цэлых дзяржаваў. Назіраючы за сусветнымі працэсамі, якія выпалі на наш век, узнікае такая тэорыя – калі абём, колькасць і глыбіня хлусні ў палітыцы на планеце пераходзіць крытычныя межы – тады і пачынаецца вайна. Як казаў адзін знаёмы, просты, але разумны вясковы чалавек, толькі вайна можа прачысціць людзям мазгі і вярнуць разуменне сапраўдных каштоўнасцяў і вартасцяў.

Як найлягчэй унікнуць патэнцыйнай сусветнай вайны? Часам такія складаныя пытанні маюць досыць простыя адказы. Складаныя рэчы найлепш тлумачыць «на пальцах». Вось засяліўся ў шматкватэрны дом у адну з кватэраў нейкі агрэсіўны хам, які не дае спакою суседзям, не слухае ніякіх слоў і заўвагаў, слушных прэтэнзій. Няма спакою дому! Якія шляхі развязання гэтай праблемы? – У такой сітуацыі існуе толькі два спосабы, і абодва сілавыя. Першы – жыхары дому гуртуюцца і па-мужчынску цвёрда «тлумачаць» гопніку і хулігану агульнапрынятыя правілы паводзін. Другі спосаб – знешні – насельнікі дому звяртаюцца ў паліцыю і тая прымае адпаведныя меры і кары ў дачыненні да парушальніка. Як правіла, адразу, ці праз непрацяглы час праблема вырашаецца. Калі ж гэтага не рабіць, урэшце агрэсіўны неадэкват узмацняецца, засяляе ў сваю кватэру яшчэ пару бандытаў, якія пачынаюць тэрарызаваць увесь дом.

Такая сама мадэль, толькі на макрароўні, і ў сусветнай палітыцы. Калі ў нейкай дзяржаве ўзнікае агрэсіўны палітычны рэжым – суседнія і іншыя краіны кантыненту павінны адпаведна рэагаваць на выклік. Калі замест гэтага ідзе залагоджванне агрэсара і рэал-палітык супрацы з бандыцкім рэжымам – усё сканчаецца страшнай вайной.

Літаральна з першых тыдняў захопу ўлады гэбэшнай мафіяй у Расеі мы з сябрамі пісалі пра небяспеку маскоўскага імперыялізму і пагрозы свету. І ня тое, што мы такія разумныя, такіх публіцыстаў, праваабаронацаў хапала і ў самой Расеі, і ў Польшчы, і ў Нямеччыне, і ў іншых краінах. Дастаткова было адзін раз паслухаць і паглядзець на таго Пуціна – ужо тады, у пачатку 2000 года. Але моцныя гэтага свету чамусці лічылі інакш. Лідары Францыі, Германіі, Італіі, кіраўнікі меншых дзяржаваў аж затрэсліся ад перспектыў і новых выгодаў супрацы з Крамлём. Нават прэзідэнт ЗША Джордж Буш-малодшы, «зазірнуўшы ў вочы Пуціну, убачыў там душу і чалавека, вартага даверу». Хоць тыя шкляныя вочы з першых дзён улады адразу выглядалі як вочы серыйнага забойцы, што і паказалі далейшыя падзеі. Буш-малодшы як палітычны лідар праглынуў расейскую агрэсію ў Грузію ў 2008 годзе, а фрау Меркель з месье Сарказі (тагачасныя кіраўнікі Германіі і Францыі) элегантна памаглі Крамлю аформіць захоп часткі Грузіі. У 2014 годзе ўжо іншы прэзідэнт ЗША Абама фактычна патураў агрэсіўным дзеянням Расеі і захопу часткі Украіны. На палітычную авансцэну зноў выйшла нязменная фройндэса Пуціна Меркель, на гэты раз у пары з французскім прэзідэнтам Аляндам – і карціна алеем-ялеем паўтарылася. На словах – «сурёзная заклапочанасць» заходніх лідараў, на справе – адваротнае. Толькі многія беларускія, расейскія, і нават украінскія лібералы ніяк не могуць зразумець такую палітычную крывадушнасць.

А вось пры прэзідэнцтве Дональда Трампа Масква якраз не асмельвалася весці адкрытую заваёву тэрыторый іншых дзяржаў. Але менавіта Трампа безпастаўна і хлусліва звінавацілі ў супрацы з Крамлём. Ніякіх доказаў пры тым не выявілі, але ярлык застаўся. А факт і праўда ў тым, што новая ваенная агрэсія Расеі пачалася тады, калі да ўлады ў ЗША зноў прыйшлі дэмакраты. Жорсткая рыторыка Байдэна мала што значыць, рэальных дзеянняў у падтрымку Украіны малавата. Затое зараз «на роўным месцы» зядаюць найбольш паслядоўнага палітыка ў справе падтрымкі Украіны і супрацьстаяння расейскай агрэсіі – брытанскага прэмер-міністра Борыса Джонсана. Ну а Германія зноў ва ўсёй сваёй «красе» (хто б там не кіраваў – сацыял-дэмакраты, хадэкі, лібералы, «зялёныя») – блакуе агульнаеўрапейскі пакет дапамогі Украіне на 9 мільярдаў еўра. Так што, «па пладах» шаноўныя сябры, усе ацэнкі толькі «па пладах».

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ