Трэцім будзе!
На сакраментальнае пытанне «Трэцім будзеш?» нарэшце знайшоўся цвёрды адказ ад такога ж непахіснага палітыка. Спяшаюся раскрыць інтрыгу і паведаміць, што гутарка ідзе пра шпаткпакутную саюзную дзяржаву, якую ўжо больш дваццаці гадоў лепяць Пуцін з Лукашэнкам. Да іх глыбокага жалю вярнуць з трыюмфам на кіеўскі пасад беглага Віктара Януковіча не ўдалося. І не ўдасца ўжо ніколі. Але як кажа народная мудрасць, «не будзе Гіршы, будзе чорт іншы». У такой сітуацыі важкі крок зрабіў так званы прэзідэнт Абхазіі, мала каму ведамы Аслан Бжанія.
У этэры аднаго з прапагандысцкіх расейскіх тэлеканалаў ён цвёрда заявіў, што Абхазія разам з усім сваім шматнацыянальным і глыбінным народам гатовая далучыцца да маналітнай саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. За свае 59 гадоў гэты Бжанія паспеў ужо многа. Спярша паспяхова рабіў камсамольскую кар’еру, а ў 1991 годзе скончыў вышэйшыя курсы КГБ у Маскве, служыў у адпаведных органах. Потым, як і многія з спецслужбісцкай карпарацыі, заняўся бізнесам. Ня дзіва, што і там шмат паспеў. Сям’я набыла шэраг аб’ектаў нерухомасці ў Маскве, Сочы і Сухумі, а таксама ладны парк аўтамабіляў. Пасля чаго быў зноў пакліканы на дзяржслужбу, а бізнес аформіў на сына і пляменнікаў.
Далей Аслан Бжанія толькі рос і рос, а вяршыняй яго кар’еры стала абранне на так званых прэзідэнцкх выбарах кіраўніком Абхазіі ў сакавіку 2020 году. На сёння Абхазію як дзяржаву прызнаюць Расея, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Нават магутныя Тувалу і Вануату адклікалі свае ранейшыя прызнанні, відаць ім не заплацілі абяцанага. Але затое 26 лютага гэтага году, якраз на трэці дзень расейскага ўварвання ва Украіну Бжанія дамогся, што яго прызнала яшчэ так званая луганская народная рэспубліка. З такім бэкграўндам Бжанія вядзе свой народ у саюзную дзяржаву. А яшчэ ён заявіў, што Абхазія і Беларусь бліжэйшым часам рэалізуюць буйны інвестыцыйны праект. Што гэта будзе за праект – ніхто ня ведае, відаць, як казалі раней, «сакрэт фірмы».
Уладзімір Хільмановіч