Трыццаць гадоў у чарзе



Едучы з Гародні да Беластоку, быў у мяне час падумаць пра тленнасць і марнасць нашага жыцця на гэтым свеце. Часу звычайна ніколі няма. Але вось у чым парадокс, як сказаў бы адзін мой даўні студэнцкі прыяцель – на мяжы ён гэты час нібы бярэцца ніадкуль. Бо калі едзеш няшчасныя 80 кіламетраў маршрутным рэйсам і маеш на гэта ажно 4 гадзіны, то час неверагодным чынам расцягваецца. Мяжа – гэта як партал у нейкае іншае вымярэнне, дзе пануюць свае законы і зусім адрозны адлік часу. Мяжа – гэта як латарэя, дзе можна толькі прайграць час, нават пераехаўшы больш-менш паводле раскладу руху.

Так падумалася, што за тры дзесяцігоддзі, як адкрылася гэтая мяжа, колькі чалавека-гадзінаў чакання пры яе пераездзе патрачана людзьмі. Шкада, што няма такой статыстыкі. Гадзіны, суткі, тыдні, месяцы складваюцца ў гады і агулам напэўна тысячы гадоў. Агульная лічба гэтага стаяння-чакання проста гіганцкая. Час, які людзі маглі патраціць на сям’ю, на стваральную працу, на культурны адпачынак, паглынае ненажэрны бог Янус, які паводле старажытнарымскай міфалогіі вызначае лёс чалавека.

За прыблізна трыццаць гадоў, калі для насельнікаў Беларусі адкрылася мяжа на Захад, мы ніколькі не наблізіліся да Еўропы. Хутчэй наадварот. Брусельская бюракратыя ўсё больш стварае заслонаў для беларусаў. Абяцанкі таннейшых візаў так і застаюцца пустымі абяцаннямі. І вось ужо наадварот, кошт гэтых візаў хутчэй усяго ўзрасце, хоць яны і так дастаткова дарагія. Проста падлічыць, што калі сям’я складаецца, прыкладам, з чатырох чалавек, то заплаціць за 4 візы трэба ажно 240 еўра – сума вельмі вялікая па мерках заробкаў у Беларусі. Дык гэта толькі за самы візы, а яшчэ за ўсялякія фота, за страхоўкі, за афармленне дакументаў у візавым цэнтры. Так што для многіх жыхароў наведаць нават бліжнюю Польшчу становіцца праблемным, ня кажучы ўжо пра краіны Заходняй Еўропы.

Стаўленне Еўразвязу да беларусаў таксама ўсё пагаршаецца. Узяць хоць бы тыя ж адбіткі пальцаў. Можна зразумець, што іх трэба здаваць, каб былі ў адпаведнай базе. Але ж гэтую зняважлівую працэдуру чалавек павінен праходзіць за кожным разам, пры кожнай паездцы. Натуральна, што калі ў памежнікаў узнікаюць нейкія падазрэнні, то можна і спраўдзіць гэтыя адбіткі. Але чаму гэта трэба рабіць за кожным разам? А апаратура памежнікаў часта не спрацоўвае. Пры маёй апошняй паездцы сярод пасажыраў была адна старэнькая бабулька, адбіткі пальцаў якой ніяк не адлюстроўваліся. У выніку рэйс затрымаўся на паўгадзіны. Пазней высветлілася, што напярэдадні бабуля ўвечары доўга церла моркву на тарцы, вось пальцы крыху і дэфармаваліся. Але ж пашпарт ёсць, віза ў парадку, на халеры яшчэ тыя адбіткі? І гэта ў той час, калі ў Еўропу хлынулі дзясяткі тысяч бежанцаў з Афрыкі і Азіі без усялякіх візаў і нават пашпартоў. А вось да законапаслухмяных беларусаў можна прымяняць усё новыя бюракратычныя прычэпкі.

Толькі пераехалі мяжу, маршрутны бусік спыніла транспартная дарожная паліцыя. Апошнім часам такія праверкі ўсё часцей. Зразумела, што трэба змагацца з кантрабандыстамі, але пры чым тут рэйсавыя аўтобусы – у іх звычайна ездзяць людзі зусім з іншымі мэтамі, якія нічога не парушаюць, многія едуць на беластоцкі вакзал, каб накіравацца далей. Усё больш людзей едуць апошнім часам на легальную працу ў Польшчы. Ды і ў кіроўцаў з дакументамі ўсё ў парадку. Але ж яшчэ адна неабавязковая праверка і яшчэ мінус дваццаць хвілін.

Мае рацыю ўсё ж мой сябра, які кажа, што калі б Еўропа хацела дапамагчы беларусам, то зрабіла б адно з двух – альбо зусім закрыла б мяжу для грамадзян нашай краіны, альбо адкрыла яе для ўсіх ахвотных, без усялякіх візаў. У першым разе тады б, жыхары Беларусі хутка памянялі палітычны рэжым у сваёй дзяржаве, у другім – адчулі б сябе паўнацэннымі еўрапейцамі і зноў жа хутчэй здзейснілі б перамены ў Беларусі.

Але пакуль мы па-ранейшаму ў чарзе. Перад намі – нікога, за намі – нікога, але чарга нібы застыла. 

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ