У барацьбе за «дзела»
19 мая ў Беларусі быў зноў чырвоны дзень календара. Нават людзі майго пакалення падзабылі, што ў Савецкім саюзе гэта быў дзень заснавання піянерскай арганізацыі. Але дзяржаўныя ідэолагі РБ на такую дату не маглі забыцца. Бо на тое яны ідэолагі і пастаўлены, каб пільнаваць савецкія камуністычныя традыцыі. Ну і сам Вярхоўны глаўнакамандуюшчы не прамінуў павіншаваць удзельнікаў фэсту «Территория детства» ажно з сотымі ўгодкамі гэтай піянерыі. Назва фэсту таксама характэрная, гучыць як зона ці плацдарм для вайсковых вучэнняў. Ну але як можа быць іначай, калі з усіх старон на наш «клачок землі» наступаюць «урагі». Пільнасць губляць не даводзіцца.
Яшчэ са школьных гадоў нам убівалі ў галаву лозунг і пароль-адказ «Будзь гатовы!» – «Заўсёды гатовы!». Нават на ўроках нямецкай мовы завучвалі: Seid bereit! – Immer bereit! А поўнасцю заклік гучаў так: «Пионер, к борьбе за дело Коммунистической партии Советского Союза будь готов!». Ужо даўно няма ні Савецкага саюзу, ні яго кампартыі, а «дзела» дзядулі Леніна ўсё жыве.
Ну і як належыць у цяперашніх школах, якія павінны выхоўваць выключна правільных грамадзян – будаўнікоў невядома якой светлай будучыні, кіраўніцтва ў такі знамянальны дзень скіравала дзяцей дружнымі шыхтамі запісвацца ў гэтую піянерскую арганізацыю.
У Слуцку адзін хлопчык, паслухаўшыся загаду класнай кіраўнічкі, патаемна ўзяў піянерскі гальштук старэйшай сястры і выправіўся ў школу. Але там высветлілася, што са сваім гальштукам у калашны рад не прымаюць. Бо спярша мусіш заплаціць 4 рублі за сакраментальны гальштук – а ўжо пасля можаш і клятву складаць. Школа паводле вярхоўных ідэолагаў павінна зарабляць на дзецях і іх бацьках. Гэта толькі дэкляруецца, што адукацыя ў сённяшняй Беларусі задарма.
Рэзонна разважыўшы, што за гэтыя чатыры рублі можна купіць цукерак ці марожанае, хлопчык перадумаў станавіцца піянерам. Думаецца, што гвалтоўны прымус некуды ўступаць ды яшчэ і за свае грошы адштурхнуў і многіх іншых дзяцей ад гэтай структуры і пасеяў у юных душах парасткі дысідэнства. Каб потым многія з іх маглі сказаць ужо сваім дзецям: «У баі за народнае «дзела», я быў іншароднае цела».
Уладзімір Хільмановіч