У савецкім войску



Савецкае войска заўсёды было адначасна найперш расейскім войскам у ідэалагічным плане. Калі назіраеш за сучаснымі падзеямі ўварвання расейскай арміі ў Сірыю, Украіну, то міжволі прыгадваеш сваю службу ў савецкім войску ў час блізкі да канца існавання СССР. У той час давялося і мне аддаць два гады «сацыялісцічаскаму Ацечаству». Але служыў я не ў складзе якога-небудзь абмежаванага кантынгенту за мяжой і нават не на бяскрайніх прасторах адной шостай часткі сушы (як называлі тады Савецкі саюз), а на самай што ні ёсць роднай беларускай зямлі. Да вываду савецкага войска з Афганістану заставалася яшчэ пару гадоў, якраз надышла гарбачоўская перабудова і ў паветры запахла нечым зусім іншым. Пасля выпуску з нашай менскай вучэбкі сувязі некаторыя траплялі якраз у згаданую Сірыю ці Ветнам. Мне з маім кепскім зрокам, аднак, далёкае замежжа не пагражала.

Вайсковай рамантыкі тады было няшмат, пераважна суровая проза шыхтовай муштры і завучвання непатрэбнага. Пяць месяцаў мы зацята білі начышчанымі да бляску гуталінам ботамі асфальт вучэбнай часткі сувязі па вуліцы Маякоўскага, вывучалі азбуку Морзэ і вялізную радыёстанцыю, якая складалася з мноства блокаў і займала цэлую сцяну альбо ўсё крытае кузава грузавой машыны. Толькі каб запусціць тую станцыю, трэба было націснуць і ўключыць каля 15 розных тумблераў і кнопак. Азбука Морзэ давалася ўсім па-рознаму. На занятках праводзіся кантрольныя работы па прыёме сігналу – колькі памылак зрабіў – столькі штрафных кругоў бяжыш у перапынках паміж заняткамі. Служыў з намі якраз унук аднаго героя другой сусветнай вайны, хлопец быў добры, але да ваеннай службы мала здатны. Аднак рэпартаж у газеце «Во славу родины» зрабілі менавіта пра яго як найлепшага салдата.

Наша вучэбная рота радыстаў складалася амаль цалком з беларускіх прызыўнікоў, сярод нас былі толькі два далучаныя расейцы-ленінградцы і адзін якут з прозвішчам Іваноў. Набор быў скрозь з беларусаў але гарлапанілі мы ў роднай сталіцы ротную песню «Россия — любимая моя, родные берёзки-тополя. Как дорога ты для солдата, родная русская земля!». Маскоўскай ідэалогіяй былі прасякнутыя і ўсе палітзаняткі. І ўжо тады, больш інстынктыўна мы, пераважна студэнты, якія скончылі першыя курсы ўніверсітэтаў ды інстытутаў, пачыналі разумець фальшывасць гэтай ідэалогіі.

Сержантамі ў нас у розных узводах былі два расейцы, два беларусы, адзін украінец і адзін кабардзінец. Нічога пра іх добрага ўспомніць не магу. У вучэбнай частцы мы павінны былі цярпець усе «тяготы и лишения”, здаецца гэты тэрмін быў замацаваны нават у статуце. Служба ішла цераз пень калоду, найбольш хацелася спаць, маладым арганізмам катастрафічна не хапала менавіта сну. Кармілі нас абы як і абы чым, часта не давалі часу зесці нават паложаную пайку. Паўгалодныя салдаты ў разе нейкіх ваенных дзеянняў былі вартыя няшмат. Пазней мне думалася, што адзін натаўскі жаўнер у рукапашным баі перабіў бы некалькі ўзводаў такіх салдат, якімі былі мы тады. Запомніліся паездкі ў Калодзішчы пад Менскам, дзе былі вялізныя ангары-склады з харчаваннем. У вялізных маразільных камерах мы забіралі масла, сыр, селядцы – на тых прадуктах былі адмысловыя пячаткі з адмыслова выбітымі гадамі – уразіла, што гэта былі 1930-ыя гады.

Сярод іншага выконвалі мы розныя баявыя задачы – асабліва важным было ўвосень падмятанне пажоўклага апалага лісця. А адзін раз перад прыездам нейкага важнага генерала цэлую ноч мы высякалі і цягалі дзёрн метраў за 500, каб залапіць нейкую прагаліну каля штабу і ўсё вакол камандавага пункту зазелянела ўзорна. Страляў я за пяць месяцаў вучэбкі толькі адзін раз – перад прысягай – хіба толькі 5 выстралаў з аўтамата Калашнікава. Зацемлю, што да службы ў арміі страляў куды больш – і з дробнакаліберкі і з аўтамата – у нашай вёсцы было ажно два ціры для стральбы, а ў школе былі заняткі па пачатковай вайсковай падрыхтоўцы.

Пасля вучэбкі былі яшчэ паўтары гады службы ў рэгулярным войску, дзе палітра ўражанняў і адкрыццяў свету была куды больш разнастайнай. Але пра тое раскажу іншым разам.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ