Украіна ратуе Еўропу



Ужо амаль тры тыдні ідзе гарачая стадыя расейскай агрэсіі ва Украіну. Тры тыдні жахлівых бамбардаванняў, руйнаванняў інфраструктуры, розных будынкаў і гібелі не толькі ваенных, але і зусім мірных жыхароў розных гарадоў і меншых населеных пунктаў Украіны. Гэтыя тры тыдні Украіна па-сутнасці адна вядзе жорсткае абарончае змаганне. Адна ваюе за свабоду і дэмакратыю ўсёй Еўропы. Так у ліку тых, хто вядзе баі са зброяй, і прадстаўнікі іншых народаў, у тым ліку беларусы. Так ёсць вялікая салідарнасць усходнееўрапейскіх народаў і дзяржаў, такіх як Польшча, Чэхія, Славакія ў прыёме і ўладкаванні бежанцаў. Так ужо ёсць вялікая матэрыяльная дапамога з боку Еўразвязу, ёсць дапамога ўзбраеннем і амуніцыяй. Але, падаецца, гэтага мала. Украінскае кіраўніцтва адчайна заклікае НАТО закрыць неба над сваёй краінай, каб пазбегнуць гібелі мірнага насельніцтва. НАТО на гэта не ідзе, НАТО баіцца і ў прынцыпе страх гэты зразумелы, цяпер баяцца па-сапраўднаму ёсць чаго.

Стратэгія Захаду скіравана на тое, што Украіна знясіліць агрэсара і адна даможацца перамогі над захопнікамі. Калі разважаць нават так прагматычна, то стратэгія рызыкоўная, паколькі Расея яшчэ не вычарпала ўсіх сваіх рэзерваў, а патэнцыйная фінансавая падтрымка Кітаем можа істотна памяняць агульную карціну вайны. Знайсці саюзнікаў Масква можа і сярод ісламскіх тэрарыстычных збройных груповак. А ўвогуле, уражанне такое, што для дыктатарскіх краінаў, наперш вялікай тройкі таталітарных дзяржаў – Кітай, Расея, Іран – надышоў той час, калі яны пастараюцца знішчыць ненавісную ім еўраатлантычную дэмакратычную цывілізацыю. Кітаю і Ірану гэтая вайна выгодная надзвычай. Кітай, падобна свайму імперскаму суседу, хоча ліквідаваць незалежны Тайвань і ў перспектыве прыдбаць усю тэрыторыю да Уралу. Іран па-ранейшаму не адмаўляецца ад ідэі знішчыць Ізраіль і дамінаваць у рэгіёне.

Але ЗША з Еўропай могуць і пралічыцца ў сваіх стратэгічных планах. Днямі дзясяткі ракетаў упалі ўжо на самым захадзе Украіны, у Львоўскай вобласці, за пару дзясяткаў кіламетраў ад Польшчы. Таму разумнымі падаюцца нешматлікія галасы тых, хто прапануе хоць бы часткова закрыць неба – гэта значыць над тэрыторыяй сумежных дзяржаў і заходнім кавалкам Украіны. Гэта таксама будзе істотным крокам. Лідары Захаду баяцца Трэцяй сусветнай вайны, але ім трэба зразумець і прызнаць, што яна ўжо ідзе! І што раней, выбіраючы паміж ганьбай і вайной, яны сваёй рэал-палітык ўрэшце выбралі і тое і другое. І як пісала мудрая Валерыя Навадворская, як шкада, што ў наш час сярод палітыкаў суцэльныя «чэмберлены» і няма аніводнага «Чэрчыля».

І яшчэ колькі слоў пра галоўных лідараў. Не ведаю ці звяртаў хто на гэта ўвагу, але выглядае на тое, што ранейшыя прэзідэнты Украіны – прыкладам Віктар Юшчанка ці Пятро Парашэнка не выклікалі ў Пуціна такой персанальнай нянавісці як Зяленскі. Пуцін ненавідзіць яго нават, а можа і найперш, за імя: ня можа быць двух Уладзіміраў на гістарычным полі (бо Уладзімір – гэта якраз той, хто «валодае мірам»!). Невыпадкова маскоўскія ідэолагі так доўга выстройвалі канцэпцыю пераемнасці ад старажытнага Уладзіміра Святаславіча ці Уладзіміра Хрысціцеля (той, дарэчы, спярша быў ноўгарадскім князем і толькі потым захапіў кіеўскі пасад, а пазней хрысціў Старажытнарускую дзяржаву). Але стаць другім Уладзімірам Ясным Сонейкам (той для нашага Полацку, зрэшты, таксама быў крывавым захопнікам!) у Пуціна не атрымалася. Пуцін ужо стаў Уладзімірам Чорным Змрокам. А той «рускі мір», які ён нёс і нясе разам з сваімі танкамі і ракетамі, рассыпаецца на вачах у пыл. Разам з ім рухне і Расейская Праваслаўная Царква, верная служанка маскоўскай дзяржавы. Цяпер нават украінскія царкоўныя структуры і прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхату, убачыўшы ўсе жахі расейскай «братэрскай» навалы, ад яе адыдуць. Што датычыць Уладзіміра Зяленскага, то ён выявіў сябе як неверагодна мужны лідар нацыі. І гэта сталася адной з найбольшых нечаканасцяў гэтай страшнай вайны. Цяпер пад кіраваннем Зяленскага і яго паплечнікаў Украіна ратуе ўсю Еўропу.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ