Усе мы ляцім…
Перспектывы ўзаемадзеяння ў пілатуемай касманаўтыцы абмеркавалі на сустрэчы ў Маскве галава дзяржкарапрацыі «Роскосмас» Дзмітрый Рагозін, старшыня цэлага Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў і яшчэ ў дадатак да іх пасол РБ у РФ Уладзімір Сямашка. «Цягам мерапрыемства былі закранутыя пытанні перспектываў ўзаемадзеяння ў пілатуемай касманаўтыцы, а таксама абмяркоўваліся тэмы, звязаныя з рэалізацыяй супольных праектаў ў сферы дыстанцыйнага зандавання Зямлі», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні «Раскосмасу».
На тле ўсіх палітычных падзей апошняга часу і эканамічнага крызісу, які будзе толькі паглыбляцца ў братніх рэспубліках, відавочна ідэя дагнаць і перагнаць праклятую Амэрыку хоць бы ў космасе не пакідае галовы заклятых саюзнікаў. Перафразуючы кінагероя, можна сказаць, «А ці не замахнуцца нам на дасягненні Ілона, так сказаць, нашага Маска!». Тым больш, па версіі Галоўнакамандуючага РБ, ня так даўно той жа Маск падарыў яму шыкоўны аўтамабіль Tesla. То можа яшчэ і якімі тэхналогіямі падзеліцца!?
А вось пра поспехі расейскіх касманаўтаў нешта не чуваць даўно. З апошніх навін гэтай галіны – тое, што ім катастрафічна не стае скафандраў для выхаду ў адкрыты космас – маўляў яны хутка зношваюцца, а новай вытворчасці няма. Можа тут афіцыйны Менск з яго «высачайшым» паркам высокіх тэхналогій якраз і дапаможа. Тым больш, зараз у Менску створаны ўсе ўмовы для развіцця нана-тэхналогій. Беларусы шмат далі расейскаму космасу – некалі Цыялкоўскага, у дваццатым стагоддзі – Клімука, Кавалёнка. А чаго вартая адна Валянціна Цярэшкава-Церашкова – птушка сапраўды высокага палёту. Гэта ж яна прапанавала ў расейскай Думе абнуліць усе тэрміны Пуціна. Так што разам наперад – да зор.
Уладзімір Хільмановіч