Вайна як рэальнасць
У гісторыі найчасцей здараецца так, што тое, чаго найменш чакалі, тое, у што ніяк не хацелася верыць, якраз і адбываецца. Насуперак усім рацыянальным разлікам і прагнозам, Расея ўсё ж пачала поўнамаштабную захопніцкую вайну супраць Украіны. Расея разам з Лукашэнкам усё ж уцягнула ў гэтую агрэсію і Беларусь. Пасля пяці дзён зацятай крывапралітнай вайны сталі відавочнымі некалькі агульных рэчаў, якія варта акрэсліць.
Па-першае, бліц-крыг, які рыхтаваў Пуцін разам з сваім дэгенералітэтам, праваліўся. У інтэрвентаў сканчаюцца баявыя запасы і паліва, а хуткі іх падвоз – не такая простая справа. Расея не чакала такога высокага роўню супраціву з украінскага боку і яе анексія з усіх бакоў захлынаецца. Нават калі ўявіць, што Расея ўрэшце захопіць большую частку Украіны, вайна будзе працягвацца і непазбежна скончыцца паразай маскоўцаў. У шматнацыянальнага стракатага, скрозь карумпаванага, расейскага войска няма ніякай матывацыі, ніякай ідэі, акрамя імперскага чаду. Бальшыня ўдзельнікаў гэтай вайсковай спецаперацыі, як называе расейская прапаганда захопніцкую вайну, напэўна ўжо зразумела, што зямля ў іх гарыць пад нагамі ва ўсіх сэнсах, а шанцаў вярнуцца жывым дахаты для кожнага ўсё менш. Пры тым кіраўніцтва гэтай імперскай арміі не хоча нават забіраць трупы загінуўшых. А за чатыры дні баёў ужо загінула больш 5 тысяч жаўнераў і афіцэраў войска агрэсара.
Па-другое, вайна перастала быць уласна расейска-украінскай, рэгіянальнай. Калі з 2014 года яна была такой паўзучай, прыхаванай і малаадчувальнай для кантыненту, то зараз яна набыла як мінімум агульнаеўрапейскі характар. Амаль усе еўрапейскія дзяржавы і структуры нарэшце схамянуліся і пачалі рэальна дапамагаць Украіне гуманітарнымі рэчамі, сучаснай зброяй, а таксама ўключаць і запускаць розныя механізмы стрымлівання дзяржавы-агрэсара. Чаму гэтага нельга было рабіць раней, прэвентыўна – пытанне рытарычнае. Пра што думалі раней усе гэтыя палітыкі і моцныя гэтага свету?!
Па-трэцяе, планета завісла на парозе ядзернай вайны і адпаведна канца свету. Калі, вобразна кажучы, раней да гэтага заставалася два-тры крокі, то зараз адзін-паўтары. І гэта не гіпербала і не метафара, гэта рэальнасць нашага жыцця ў канкрэтны год і час. Пагрозы Крамля насамрэч выкарыстаць ядзерную зброю – не блеф і не пустыя словы. Тым больш яшчэ раней Пуцін катэгарычна заяўляў, што «мы ж (расейцы) пойдзем у рай, а ўсе астатнія – у пекла». З гэтай верай ён і пачаў страшную вайну. А механізмаў міжнароднага стрымлівання ад апошняга фатальнага кроку ашалелага маскоўскага фюрэра ніякіх няма. І ўся надзея свету зараз толькі на тое, што ў атачэнні крамлёўскага вурдалака знойдзецца нейкая асоба, ці нейкая групоўка, якая ў апошні момант здолее яго спыніць.
Больш за ўсё з расейскіх валадароў Пуцін падобны на імператара Мікалая Першага. Той таксама будаваў сваю таталітарную дзяржаву, душыў народныя паўстанні – набольш характэрныя прыклады – лістападаўскае паўстанне 1830 года і венгерскае 1849 года. Потым была Крымская вайна, якую Расея з трэскам і ганебна прайграла. Але цар Мікалай І нават не дажыў да яе канца – захварэў і памёр. Часам гісторыя паўтараецца. Большую частку сваёй гістарычнай дарогі Пуцін ужо прайшоў…
Для нашага ж памежнага рэгіёну імкліва намаляваліся яшчэ дзве выразныя тэндэнцыі – рэзкае паляпшэнне польска-украінскіх стасункаў на ўсіх роўнях, што вельмі добра для суседніх краін і народаў, а паралельна выразнае пагаршэнне беларуска-украінскіх адносінаў, прычым на побытавым роўні. Апошняе вельмі засмучае, але па-іншаму і быць не магло. Беларусам яшчэ доўга разграбаць наступствы здрадніцкай і антынацыянальнай палітыкі Лукашэнкі і яго атачэння, якая пераўтварыла нашу дзяржаву ў марыянетку Масквы, кінула ў закладнікі чужых палітычных і ваенных авантураў увесь наш народ.
Уладзімір Хільмановіч