Вечная Лё Пэн альбо макароны па-французску



З краін так званай развітай дэмакратыі найбольш пацяшае палітычных аглядальнікаў і ўсіх, хто цікавіцца палітыкай, сваімі выбарамі канешне Францыя. Чарговыя прэзідэнцкія хіба не стануць выняткам. Ад прэзідэнцкіх выбараў да прэзідэнцкіх выбараў можна назіраць адну і тую ж карціну. Хто б не балатаваўся там на вышэйшую пасаду – яго асноўным супернікам ёсць прадстаўнік сямейства Лё Пэн, нават калі яны не выходзяць у другі тур. Лё Пэн – гэта як тая «вечная любоў» у ведамай песні. Традыцыйная французская страва.

У 2002 годзе на другі тэрмін быў абраны Жак Шырак, супернікам якога нечакана ў другім туры стаў эксцэнтрычны Жан-Мары Лё Пэн. Пры тым Шырак у першым туры набраў толькі 20% галасоў, але ў другім ажно 82%. Французы тады галасавалі пад лозунгам «за злодзея, але не за фашыста». Такім жа жупелам Лё Пэн быў і надалей. У 2007 годзе прэзідэнтам стаў ужо Нікаля Сарказі, абраны, як кажуць «на тоненькага». Праўда, супернікам яго ў другім туры стала прадстаўніца сацыялістаў. Што да Сарказі, то ўся яго палітычная карера была прасякнута шматлікімі скандаламі і ганьбай. Чаго вартая толькі гісторыя з фінансаваннем выбарчай кампаніі Сарказі лідарам лівійскай джамахірыі Каддафі.

У 2012 годзе чарговым прэзідэнтам з мізэрнай перавагай быў абраны выразны лявак Франсуа Алянд. Выбарцаў па-ранейшаму палохалі праварадыкальнымі плынямі. Нарэшце ў 2017 годзе галоўную пасаду ў краіне заняў Эмануэль Макрон, які непераканаўча выглядаў у першым туры, але пасля абышоў Марын Лё Пэн з двухразовай перавагай.

Цяпер тыя ж фіналісты. Характэрна, што амаль усіх асноўных прэтэндэнтаў на прэзідэнта можна было лічыць прарасейскімі, хоць і Макрон і Лё Пэн стараліся адхрысціцца зараз ад свайго ранейшага зафіксаванага сяброўства з Крамлём. У выніку трэцім лішнім стаў выразна прамаскоўскі Жан-Люк Меланшон.

Цяпер усе аналітыкі цвёрда прагназуюць, што прэзідэнтам Пятай рэспублікі на чарговыя 5 гадоў зноў стане Падмануэль, прабачце, Эмануэль Макрон, майстар развешваць локшыну на вушы выбарцаў, адзін з яскравых прадстаўнікоў еўрапейскай замежнай рэал-палітык. Другі тур адбудзецца 24 красавіка.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ