Вечная вайна
«Мы дапіць не паспелі да дна, як раптоўна пачулі: „Вайна!”. У жыцці не зусім так, як у папулярным беларускім песенным хіце. Пра вайну мы чуем часта і ўжо досыць даўно. Апошнія больш чым дваццаць гадоў асноўнай крыніцай пагрозы вайны была і застаецца імперская Расія, для якой спрадвеку вайна – аснова ўсяго. Але ж быў рэальны шанец у пачатку новага тысячагоддзя нешта змяніць у гэтай ардынска-захопніцкай дзяржаве. Ды лідары моцных еўрапейскіх дзяржаў замест таго, каб сродкамі дыпламатыі і эканомікі стрымаць пуцінскую агрэсію і пастарацца ўцягнуць Расею ў Еўропу, пастарацца зрабіць яе часткай еўрапейскай прасторы, загразалі ў карупцыйных схемах і ўсяляк патуралі маскоўскаму былому спецслужбоўцу, які хутка вырастаў у сапраўднага дыктатара. Зараз жа вайна – гэта не проста нейкая абстракцыя ці далёкія ўспаміны з мінулага. Сёння вайна – гэта рэальнасць нашага часу і нашага сумежжа.
Маштабная захопніцкая вайна Расеі супраць Украіны магла выбухнуць яшчэ ў 2014 годзе. Можа хтосьці і пасмяецца з маёй высновы, але я глыбока перакананы, што тады, у лютым 2014-га году, калі народнай украінскай рэвалюцыяй быў зрынуты Януковіч, нашых паўднёвых суседзяў ад поўнамаштабнай маскоўскай ваеннай агрэсіі найперш уратавала сочынская зімовая алімпіяда. Крамлёўскі правадыр быў у сапраўднай эйфарыі ад перамог сваіх спартоўцаў (гэта пазней ужо выплыў грандыёзны допінгавы скандал!), прымаў заходніх высокапастаўленых гасцей на алімпіядзе, цешыўся прызнаннем і лаўрамі пераможцы. І хоць Расея неўзабаве захапіла Крым і развязала ваенны канфлікт на Данбасе, але пайсці вайной на Кіеў не наважылася. Гэта дало магчымасць Украіне выйграць час і пачаць умацаванне свайго войска, пераўтварыць яго ў сапраўды баяздольнае.
Па вялікім жа рахунку вайна на тэрыторыі Украіны ідзе цэлы час. Бо, пачынаючы з 2014 году, загінулі дзясяткі тысяч чалавек з абодвух бакоў. Проста яна так расцягнута ў часе і ў ахвярах, што сталася ўжо нейкай ненармальнай звыкласцю і будзённасцю.
Зараз эскалацыя напругі дасягнула свайго максімума. Еўрапейскія і сусветныя пасольствы перамясцілі прадстаўнікоў сваіх амбасадаў з Кіева на захад Украіны ў Львоў. Адмяняюцца многія авіярэйсы. І нават місія АБСЕ пакінула Данбаскі рэгіён. Заходнія выведкі сцвярджаюць, што напад Масквы на Украіну можа адбыцца ў сама бліжэйшы час. Ёсць таксама версія, што такія захады – гэта тактыка, якая наўмысна завастрае праблему і паказвае, хто менавіта хоча развязаць маштабную вайну. Такі адказ на хлуслівую маскоўскую прапаганду, якая сцвярджае адваротнае – што гэта Украіна выяўляе агрэсію, а Захад абставіў з усіх бакоў ракетамі НАТО Расею і братнюю Беларусь.
Расея і Беларусь сканцэнтравалі вакол украінскіх межаў вялізную колькасць вайскоўцаў – каля 150 тысяч чалавек, мноства танкаў і сама сучаснае наступальнае ўзбраенне, сярод якога ракеты «Іскандэр». Ці гэта сапраўды ўжо непазбежная страшная вайна ці вялікі блеф і максімальнае накручванне напругі – стане ясна хутка. Украіна робіць адчайныя дыпламатычныя крокі, каб спыніць агрэсара. 13 лютага Кіеў запытаў сустрэчу з Расеяй і ўсімі дзяржавамі – удзельніцамі Венскага дакумента цягам 48 гадзін для абмеркавання сітуацыі з агульнай бяспекай. Пра гэта паведаміў кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба, адзін з тых украінскіх палітыкаў, што робяць усё магчымае, каб спыніць маскоўскую экспансію. Паводле Венскага дакумэнту АБСЕ ёсць абавязак інфармаваць іншыя краіны і запрашаць назіральнікаў, калі ў вучэннях бярэ ўдзел 13 тысяч і больш вайскоўцаў.
А пакуль вайсковыя саюзныя вучэнні Расеі і Беларусі працягваюцца і прыносяць Беларусі толькі шкоду. Уся гэтая маскоўская агрэсія прывяла і да істотнага пагаршэння ўкраінска-беларускіх дачыненняў. Украіна ўжо перастала пускаць мужчын з Беларусі ў сваю краіну. Абмежаванне называюць часовым – да канца правядзення вучэнняў. Адносіны Беларусі з іншымі суседзямі сапсаваны ўшчэнт яшчэ раней. Працягваецца ізаляцыя нашай краіны і яе грамадзян, што на руку толькі Маскве. Гібрыдная вайна ў самым разгары.
Уладзімір Хільмановіч