Век залежнасці



Рэспубліка Беларусь зноў на дзяржаўным роўні 3 ліпеня адсвяткавала так званы “дзень незалежнасці”. Адсвяткавала з усімі ўжо звыклымі атрыбутамі. Парады, паўсюдная чырвань-зелень, квота абавязковага ўдзелу ў народнай радасці прадстаўнікоў установаў і прадпрыемстваў – строга па спісу без права замены, марш-марш правай, марш-марш левай… Пакуль у Бразіліі футбольны карнавал, ва Ўсходняй Украіне вайна, у Беларусі савецкі марнатраў з выдаткаваннем вялізных грошай на ідэалагічнае афармленне пераемнасці “великой победы” у вайне яшчэ мінулага стагоддзя, якая ніяк ня можа скончыцца для савецкага чалавека ўжо семдзесят гадоў. Залежнасць ад той вайны такая глыбокая хваравітая, што ад яе нельга пазбавіцца. Нельга, бо гэта апошні масавы міф, на якім трымаецца хлусня пра гісторыю Савецкага саюзу.

Праходзяць такія дзяржаўныя святы па звыклым сцэнары: галоўнакамандуючы ў вышытым ні то маршальскім, ні то генералісімускім мундзіры на трыбуне ў атачэнні адданых “саратнікаў”, пераапранутыя ў партызанак сучасныя камсамолкі, ветэраны НКВД з кілаграмамі ўзнагародаў на грудзях, паламаны танкамі асфальт цэнтральных пляцаў. Адусюль гучыць музыка з яшчэ савецкімі героіка-пафаснымі песнямі і новымі хітамі кшталту “русский парень в огне не горит, русский парень в воде не тонет”. Проста, нейкія кібермонстры з кампутарных стралялак гэтыя “русские парни”. Спявае, дарэчы, хлопец з чыста беларускім прозвішчам. Дым шашлыкоў, стракатасць какошнікаў, сцягі Савецкага саюзу… Хоць усе ведаюць, што 3 ліпеня ад нямецкіх фашыстаў быў вызвалены толькі Мінск, значная частка Беларусі яшчэ заставалася пад акупацыяй. А можа гэтая дата як галоўнае дзяржаўнае свята была выбрана таму, што 4 ліпеня такую гістарычную вяху як Дзень незалежнасці адзначаюць у ЗША. Як раней казалі “дагонім і перагонім” альбо “сцеражыся карова са штату Аёва!”.

На прайшоўшым тыдні шырокая грамадскасць адзначала і іншыя святы. Так, у Будславе, гэтай неафіцыйнай сталіцы беларускага каталіцтва, прайшоў традыцыйны фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. Вернікі і духавенства разам ушанавалі ўжо 400-ыя ўгодкі з часу з’яўлення цудатворнай іконы. У Будславе вельмі прыгожы, а галоўнае светлы і натуральны фэст, дзе ўсё прасякнутае верай і беларушчынай, дзе тысячы людзей у адзіным духоўным парыве разам моляцца і спяваюць. Нікога туды ня трэба заганяць праз сілу і па вызначаных спісах, людзі самы з радасцю ідуць у пілігрымку дзесяткі і нават соткі кіламетраў.

У розных мясцовасцях краіны і ў розныя дні святкавалася на мінулым тыдні і хіба найбольш старажытнае свята нашага народу – Купалле. Праўда, не ўсюды яно было дазволенае – у Мінску, прыкладам, у Жодзіне, чыноўнікі перастрахаваліся і забаранілі святкаваць. У адным з афіцыйных Купалляў – у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, узяў удзел і начальнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Ён з уласцівай толькі яму шчырасцю параіў беларусам не шукаць наіўна чароўную “папараць-кветку”, а будаваць шчасце ўласнымі рукамі. На гэтым тыдні кіраўнік Рэспублікі Беларусь адзначыць дваццатыя ўгодкі на чале дзяржавы – 10 ліпеня 1994 году якраз прайшоў другі тур першых і апошніх прэзідэнцкіх выбараў. За гэты час Аляксандр Лукашэнка паспеў нямала – нарадзіў сына, пабудаваў некалькі дамоў-палацаў у Драздах, пасадзіў нямала чалавек за краты. Не здолеў толькі пазбавіцца залежнасці ад савецкага мінулага. Без яго – мінулага – у светлую будучыню ніяк. Без “Лініі Сталіна”, без камсамолак-партызанак, без ста франтавых грамаў з металёвага кубку, без шматлікіх танкаў і гарматаў на цэнтральных пляцах. І без “русского парня”, які непахісна стаіць на ўсіх рубяжах і лініях нашай абароны ў гэтым жорсткім захопніцкім свеце. Які не пакіне нас адных. Такая вось векавая залежнасць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ