“Вырабы” і варыянты фіналу



Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі за больш чым чвэрць стагоддзя было некалькі вырашальных і ключавых гадоў, характэрных адзнак і пунктаў адліку. Для таго каб збоку паспрабаваць зразумець падзеі і сітуацыю бягучага часу варта іх прыгадаць.

1995-96 гады. Здзейснены па-сутнасці антыканстытуцыйны пераварот. У красавіку 1995 года на загад выканаўчай улады ў беларускім парламанце былі жорстка збітыя дэпутаты Вярхоўнага Савету ад апазіцыі, якія напярэдадні абвесцілі галадоўку супраць антыканстытуцыйных захадаў прэзідэнта. Услед у траўні ў Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны рэферэндум, які змяніў дзяржаўную сімволіку, надаў расейскай мове статус дзяржаўнай, зрабіў змены ў Канстытуцыю і ў выніку права прэзідэнту распускаць парламент, пастанавіў пра эканамічную інтэграцыю з Расеяй. У лістападзе 1996 года з удзелам расейскіх вышэйшых дзяржаўных асоб быў сарваны імпічмент прэзідэнту Лукашэнку. Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 13-га склікання былі гвалтоўна спынены. Антыканстытуцыйны пераварот быў завершаны. Юрыдычных механізмаў змены ўлады не засталося. 1999 год. У траўні бясследна знік Юрый Захаранка, вядомы палітык, былы міністар унутраных спраў. Пачатак шэрагу знікненняў апазіцыйных дзеячаў. У верасні таго ж году назаўсёды прапалі палітык Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Паводле неафіцыйнай версіі ўсе яны былі забітыя так званым “эскадронам смерці”. У выніку ціску міжнароднай супольнасці і ўнутраных пратэстаў фізічнае знікненне сур’ёзных лідараў апазіцыі ўдалося спыніць, але кантроль над уладай быў ужо трывала толькі ў адных руках.

2006 і 2010 гады. Дзве выбарчыя кампаніі, калі народныя пратэсты супраць узурпацыі ўлады завяршаліся Плошчай пратэсту. Абедзве плошчы былі жорстка разагнаныя, завяршыліся крымінальнымі справамі, масавымі арыштамі, збіваннямі, катаваннямі, урэшце дэмаралізацыяй і эміграцыяй многіх лідараў, а таксама актывістаў дэмакратычнага руху. Пры той брутальнасці задушэння пратэсту, толькі цудам нікога не забілі.

І вось надышоў яшчэ адзін ключавы год. Год чарговых “вырабаў”, якія планавалася аформіць падобна 2015 году з удзелам статыстаў “элегантна”, як казаў кінагерой “без шуму і пылу”. Але ўсё пайшло не так. Пандэмія, рэзкае збядненне людзей і як следства моцны і масавы псіхалагічны стрэс прывялі да нябачнай актыўнасці грамадства. У выніку трон захістаўся, а мы апынуліся на парозе сур’ёзных падзей. Аднак, нейкага аптымістычнага сцэнару фіналу гэтых “вырабаў”, на жаль, не праглядваецца. Адзін з лідараў народнага пратэсту Сярней Ціханоўскі ўжо ў турме, навісла пагроза і над іншымі прэтэндэнтамі ў кандыдаты. На жаль, з вуснай асноўных цяперашніх апанентаў начальніка дзяржавы не было чуваць галоўнага патрабавання – утварэння новай Цэнтральнай выбарчай камісіі і прызначэння перавыбараў без удзелу “пажыццёвага кіраўніка”. А ўвязацца ў гульню без правіл і выйграць немагчыма. Хіба толькі ў хаду падзеяў умешваецца яго вялікасць Выпадак.

Варыянты палітычнага канца “вечных гарантаў стабільнасці” разнастайныя, у гісторыі здаралася ўсялякае. Зараз актыўна абмяркоўваюцца розныя зыходы: “варыянт Чавушэску”, “варыянт Каддафі”, “варыянт Мілошавіча”, “варыянт Януковіча”, урэшце “варыянт Карымава”. Пра тое, што “можам паўтарыць” андыжанскія падзеі заявіў сам начальнік Рэспублікі Беларусь. Напомнім, што ў траўні 2005 году ва ўзбекскім горадзе Андыжан праходзілі масавыя пратэсты з патрабаваннем эканамічных рэформ і сацыяльнай справядлівасці. Выступ быў жорстка задушаны, пры тым расстраляныя каля тысячы чалавек. Іслам Карымаў кіраваў пасля гэтага яшчэ 11 гадоў. Агулам ён трымаў уладу ва Узбекістане ажно 27 гадоў, памёршы ад хваробы і нямогласці. Тое, што ў Беларусі ў разе абвастрэння сітуацыі будзе адданы загад страляць – няма ніякага сумневу. Гэта па-першае. Па-другое, пакуль пры ўладзе ў Маскве будзе Пуцін, варыянт суда ў Гаазе Лукашэнку ніяк “не свеціць”. Крэмль лічыць Беларусь сваёй тэрыторыяй і не дапусціць сюды ніякіх заходніх структур і сур’ёзных уплываў. Масква ўсё будзе імкнуцца вырашыць сама. А калі яна “у працэсе” – нічога добрага чакаць не даводзіцца.   

Уладзімір Хільмановіч 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ