Вызваленне і збаўленне



Час няўхільна набліжаецца да двух месяцаў гарачай стадыі вайны, якую распачала імперская Расея ў дачыненні да мірнай Украіны. Калі першыя дні і тыдні гэтай агрэсіі выклікалі ва ўсіх нармальных людзей, якія нават не апынуліся ў эпіцэнтры падзей, непасрэдна ў пекле ваенных дзеянняў, стан блізкі да разгубленасці, дэпрэсіі, страху і нават шоку, то праз пэўны час вайна стала для бальшыні нейкай паўсядзённай звыкласцю, нечым такім аддаленым і прыглушаным. Нават за апошнімі навінамі мы сочым ужо не з той пільнасцю і напругай. Нават новыя паведамленні пра чарговыя страшныя трагедыі і жудасныя злачынствы акупантаў ужо ўспрымаюцца не так востра, як у першыя тыдні жахлівай вайны. Тым, хто знаходзіцца на значнай адлегласці, падзеі ва Украіне ўжо здаюцца нечым будзённым, як быццам так было і заўсёды. Страшная вайна ўжо ўвайшла ў нашу свядомасць як нешта непазбежнае і надоўга расцягнутае ў часе.

З іншага боку шмат у каго ўжо стварылася ўражанне, што ў вайне наступіў пералом і зараз украінскае войска будзе толькі наступаць, спакваля вызваляючы акупаваныя рэгіёны сваёй краіны. Дай Бог, каб так і было, але па-шчырасці канца гэтай вайне пакуль не відаць. Таму што ў аднаго боку – расейцаў няма ні малейшага памкнення спыніць сваю захопніцкую агрэсію, а ў іншага боку – украінцаў – недастаткова сілаў і цяжкай зброі, каб весці наступальныя аперацыі. І можна толькі спадзявацца на нейкае велікоднае цуда, якое прыспешыць поўнае вызваленне Украіны. Але зло мае вельмі шмат абліччаў і занадта доўга кшталтавалася на нашай прасторы, каб быць пераможаным і скрышаным хутка.

Пра вызваленне мараць і беларусы, якія апынуліся ўсёй нашай краінай пад чарговай у гісторыі маскоўскай акупацыяй. Маладзейшыя і радыкальнейшыя беларусы змагаюцца са зброяй у руках супраць акупантаў на тэрыторыі Украіны. І таксама гінуць, як ваяры-героі. Маладыя прыгожыя беларускія хлопцы, якім не было месца на радзіме, якіх пераследавалі ў роднай краіне і якія не маглі цярпець гэтай дзікай несправядлівасці, якая дзеецца зараз на нашай і сумежнай прасторы. Яны не дажылі да вызвалення, але ратавалі гонар нашай нацыі і змагаліся за праўду. І ў іншым, намнога лепшым свеце, іх напэўна чакае збаўленне ад усіх цяжараў чалавечай душы. Бо яны змагаліся за праўду, за справядлівасць, за сваю вольнасць і свабоду сваіх блізкіх.

Сёлетні велікодны перыяд бадай што найбольш сумны ў жыцці нашага пакалення. Хоць насамрэч Уваскрасенне Хрыстова зусім не карнавальнае свята, гэта час якраз смутку, глыбокага перажывання, асэнсавання сваёй грэшнасці і нават нікчэмнасці перад ісцінай і святлом хрысціянства. Адначасна гэта і час надзеі ў найбольш, здавалася б, трагічных і змрочных падзеях нашага часу. Надзеі на выбаўленне ад кепскага на гэтай зямлі і ўсёнапаўняльнай радасці ў прышлым, у той нязведанай будучыні «за парогам», якая непазбежна чакае кожнага з народжаных на гэтай няшчаснай, недасканалай і пакутнай зямлі. Важнае і важкае тут можа быць слова хрысціянскіх святароў, кожнага паасобку і цэлых канфесійных арганізацый. Ці выконваюць тут царква і касцёл сваю высокую місію – пытанне адкрытае. Асабліва ганебна, калі асобныя іерархі заклікаюць да вайны, фактычна патураюць нянавісці і агрэсіі. Але і кожны чалавек, якому Бог дае розум і пачуццё справядлівасці, сам па сабе здольны змагацца і за грамадскую праўду і за сваю несмяротную душу. І не губляць ні веры, ні надзеі.

Дык няхай уваскрослы Збаўца ўмацуе гэтую надзею, няхай падорыць асвячальную ласку кожнаму, хто прыйдзе ў храмы розных канфесій, дасць спагаду і сілы усім людзям добрай волі, засцеражэ кожнага з нас ад лішніх слоў, нястрыманасці і гневу. Гэты свет не зменіцца кардынальна, як і пераважная бальшыня ўсіх нас. Але калі кожны чалавек стане хоць крыху дабрэйшым, зычлівейшым, то і планета Зямля будзе круціцца крыху спакайней, а гэты свет стане трохі лепшым.

З надыходнымі святамі, шаноўныя чытачы! Усім міру, любові і дабра!

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ