Як Іван сабраўся за акіян
Калі ідзе вайна, людзям пераважна не да спорту. Але ўсё ж тыя гісторыі, што здараюцца вакол гэтай сферы жыцця нават у такі час, выклікаюць сапраўды яркія эмоцыі.
Расейскі хакейны брамнік Іван Фядотаў нават у страшным сваім сне не мог прадбачыць дзе ён апынецца неўзабаве. Чаму выбар ваенкамату выпаў менавіта на яго, можна толькі здагадвацца. Найбольш імавернай версіяй ёсць тое, што гэты хлопец мае карані суомі ды і нарадзіўся на тэрыторыі этнічнай Фінляндыі. Прыналежаў гэты малады хакеіст да складу маскоўскага ЦСКА, выступаў за зборную Расеі нават на алімпіядзе. І вось сабраўся Іван за далёкі акіян і ўжо бачыў сябе ў форме клуба НХЛ. І нават падпісаў кантракт з «Філадэльфіяй флайерз». Але не туды тое – крылы падрэзалі на самым узлёце. Пуцінбургскі ваенкамат ласкава паклікаў Фядотава ў шэрагі арміі. Прычым не фармальна намінальнай, а зусім рэальнай. Можна было спадзявацца, што ваенныя камісары жорстка вернуць маладога хакеіста ў ЦСКА, але гэтага падалося замала. Пасля таго як брутальна затрыманага Фядотава збілі і ён нават трапіў у шпіталь, паслалі яго адбываць тэрміновую службу на поўнач бяскрайніх прастораў Расеі – ажно на востраў Новая Зямля. Хай радуецца яшчэ, што на фронт не адправілі – Краматорск вызваляць ад «бандэраўцаў». Заадно навука для ўсіх іншых. Варта дадаць тут яшчэ, што раней Фядотаў сярод іншых расейскіх хакеістаў пагуляў на лёдзе у рэтра-швэдары з напісам СССР. Такая вось маскоўская настальгічная забава. Хацелі вярнуцца ў Савецкі саюз – некаторыя ўжо вярнуліся.
У беларускім футболе, дзе ўсё больш ідэалогіі і ўсё менш уласна спартовага майстэрства, гісторыя куды больш празаічная. Датычыць яна футбольнай каманды «Віцебск», аднаго з сама русіфікаваных, між іншым, клубаў Беларусі. У разгар сезону і чэмпіянату раптоўна з «Віцебску» адлічылі трох, прычым не апошніх футбалістаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі мясцовыя майстры скуранога мяча не прайшлі праверкі алкатэстарам. Прасцей і ясней кажучы, хлопцы былі пасля вячэрняй п’янкі, а на ранішнюю трэніроўку іх ужо не дапусцілі. Ці будзе іх зараз лавіць віцебскі ваенкамат – пакуль невядома, але ў складзе футбольнай каманды ўжо няма. «Беларуса футбаліста – вобліка марале», так сказаць, перфразуючы героя папулярнага кінафільма.
Уладзімір Хільмановіч