Яшчэ раз пра магілу Віктара Каліноўскага
У звязку з новай “сенсацыйнай”, прычым ананімнай (!), публікацыяй “Свабоды”, якую пачалі тыражаваць іншыя выданні, патрэбна сказаць яшчэ раз пра месца пахавання Віктара Каліноўскага ў Свіслачы. У самым матэрыяле “Свабоды” няма нічога істотнага новага і тым больш “сенсацыйнага”, але многія “каментатары” у сацыяльных сетках і гарачыя галовы, зыходзячы з гэтай публікацыі, ўжо дазваляюць сабе абсалютна некарэктныя і нават абразлівыя выказванні.
Тое, што магіла Віктара Каліноўскага, старэйшага брата героя вызвольнага паўстання, які істотна паўплываў на светагляд Кастуся, мае прыблізную лакалізацыю, ведама ўсім, хто цікавіўся пытаннем і ведама даўно (!). А вось тых, хто недасведчаны і неабазнаны ў гэтым, ні то міжволі, ні то сведама пачынаюць уводзіць у зман. Загучалі нават такія абразлівыя словы, як “фэйкавая магіла”.
Словы-сведчанні і сенсацыйнае “прызнанне” свіслацкага краязнаўца Мікалая Пакутніка, могуць быць як і абсалютнай праўдай, так і несвядомым блытаннем фактаў. Гісторыя з пошукам магілы была даўно і нельга патрабаваць ад чалавека ў сталым веку дакладнасці пра даўнія пошукі магілы. Але ў кожным разе, дакладна магіла лакалізаваная ці прыблізна, не мае істотнага значання. Тое, дзе насамрэч знаходзяцца парэшткі Віктара Каліноўскага – пад памятным крыжам, у пяці метрах ад яго, ці нават у дваццаці метрах – зусім не галоўнае.
Магіла Віктара Каліноўскага ніяк не ўмоўная (!), яна менавіта ПРЫБЛІЗНАЯ. Галоўным фактам ёсць тое, што Віктар Каліноўскі пахаваны на старых свіслацкіх могілках, на іх пахаваны і іншыя блізкія сваякі Кастуся Каліноўскага. Таму маленькі мемарыял на свіслацкіх могілках абсалютна дарэчны. Бо для патрыётаў нашай Бацькаўшчыны – галоўнае Памяць!
Фэст Памяці паўстанцаў 1863 года адбываецца ў Свіслачы і Якушоўцы ўжо чвэрць стагоддзя. Магіла Віктара Каліноўскага на свіслацкіх могілках стала для беларусаў месцам памяці і сімвалічным месцам ушанавання ўсіх герояў вызвольнага чыну 1863-64 гадоў. Шчыра рэкамендую аматарам танных “сенсацый” і неабдуманых высноваў задумацца пра гэта.
Уладзімір Хільмановіч