З надзеяй на святло



Хрыстос уваскрос! – Сапраўды ўваскрос!

Нехта сказаў, што сама галоўнае ў свяце – гэта ўласна чаканне самога свята. У гэтым ні то жарце, ні то парадоксе, відаць па ўсім, ёсць нейкае рацыянальнае зерне. У калядны ці велікодны пост вернікі стараюцца асэнсаваць свае ўчынкі і паставы, засяродзіцца на галоўным, імкнуцца быць больш стрыманымі і абмяжоўваюць сябе як у эмацыйнасці, так і ў разнастайных задавальненнях. Абмяжоўваць сябе, устрымлівацца ад лішніх напояў і звыклага спажывання смачных прадуктаў, увогуле пасціць, людзям апошнія паўтары гады хіба намнога цяжэй, чым раней. Звыклы лад і рытм жыцця амаль безнадзейна збітыя і разбураныя несканчальнай эпідэміяй, невядомай папярэднія гады і дзесяцігоддзі. А новыя ўмовы існавання ў час лакдаўнаў і разнастайных забаронаў і абмежаванняў самы па сабе пазбаўляюць і вясёлых сяброўскіх кампаній-пасядзелак і спатканняў з блізкімі і роднымі. Адной з небяспек сталі і сустрэчы ўнукаў з дзядулямі і бабулямі. Нават на Велікоднае свята ў сітуацыі пандэміі лепш ім не спатыкацца. Такое змушанае абмежаванне кантактаў безумоўна не ўмацоўвае сямейныя хрысціянскія традыцыі. Іх і так зусім няшмат засталося ў Старым свеце, асабліва ў Заходняй Еўропе. На нашай сумежнай прасторы то гэтыя стасункі яшчэ жывуць, ёсць месца даўняму традыцыяналізму і векавым звычкам. Але як доўга яны пражывуць ва ўмовах імклівай глабалізацыі і разбурэння ранейшага светагляду, цяжка сказаць. З кожным пакаленнем нешта незваротна губляецца і нам гэтага шкада.

Адны з сама сентыментальных успамінаў майго дзяцінства і юнацтва тыя, калі штогод на Каляды і Вялікдзень усе нашы сямейнікі з некалькіх мясцовасцяў Шчучыншчыны (а жылі ўсе сваякі кампактна і ў далёкія краі ніхто не падаваўся) збіраліся ў дзедавай хаце. Збіралася больш дваццаці чалавек. Бабуля звыкла хадзіла ў царкву (тады ў савецкі час увогуле храмы наведвалі пераважна толькі жанчыны сталага веку), а дзед вызначаў сабе іншыя клопаты і абавязкі. Сярод ажыўленых гутарак, традыцыйных застольных страваў, урачыстых тостаў належнае месца займаў нязменны рытуал, калі дзед абдорваў кожнага з дзесяці ўнукаў грашовай купюрай. Было гэта па пяць рублёў, што дадаткова і істотна ўздымала прадстаўнікам юнага пакалення святочны настрой…На жаль, мала дзе такія традыцыі сямейных спатканняў у калядныя і велікодныя святы зараз захоўваюцца, а самы сем’і зараз малаколькасныя.

Вернікі Беларусі сустрэлі Вялікдзень і сустракаюць наступныя Светлыя Дні як ніколі ў супярэчлівых пачуццях. З аднаго боку радасць ад уваскрасення Збаўцы і ажыўленне надзеі, з іншага – перажыванні за тых, хто бязвінна і несправядліва апынуўся ў турмах і ў каго забралі волю. А гэта ўжо соткі і нават тысячы людзей, сярод іх усё больш знаёмых і добрых сяброў. Яны гвалтоўна карнай сістэмай адарваныя ад сваіх дамоў і блізкіх, пазбаўлены радасці сустрэчы свята ў сямейным коле, не могуць запаліць пасхальную свечку, абмяняцца фарбаванымі яйкамі, пакаштаваць велікодных страваў. Цяжка нават знайсці нейкія словы для іх блізкіх, цяжка пісаць лісты зняволеным, бо ўсе старанна падабраныя словы падаюцца нейкімі ненатуральнымі і недарэчнымі. Не дадае настрою і надзвычай халоднае як для вясны надвор’е.

На голавы беларусаў абрынуліся гэтыя дзве вялізныя хвалі цемры – каронавірусная пошасць і наступ дзікунскіх рэпрэсій, здзекі з людской годнасці. Змрочная паласа ніяк не перапыняецца. Нейкая бясконцая праверка на фізічнае выжыванне, на псіхалагічную ўстойлівасць, на трываласць веры. Але ўваскрэслы Збаўца зноў дае прыклад перамогі жыцця над смерцю, дорыць агеньчык надзеі на адраджэнне, напаўняе верай змучаныя чалавечыя сэрцы. Святло ўваскрашэння ўсё роўна даходзіць праз змрочныя хмары, праз тоўшчу турэмных муроў, праз злое наваколле. Промні гэтага святла як і дзве тысячы гадоў таму дасягаюць мэты і сцвярджаюць Жыццё.    

Уладзімір Хільмановіч 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ