За крок да расстрэлаў



За адзін красавіцкі дзень імя нікому дагэтуль невядомай Марыны Лянчэўскай загучала на ўсю Беларусь. Не, яна не вызначылася нейкімі вынаходніцтвамі ці новым словам ў галіне навукі, не рабіла складаных медыцынскіх аперацый, не праславілася арыгінальнымі творамі мастацтва і нават не выйшла наперад у сферы паскоранай жывёлагадоўлі ці патройнага выканання працоўнага плану на канвееры фабрыкі. Марына Лянчэўская – гэта «дэпутатка» так званай палаты прадстаўнікоў так званага Нацыянальнага сходу. Менавіта Марыне Лянчэўскай была «оказана честь» агучыць на адмысловым паседжанні вышэй згаданага дзяржаўнага органа папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Праект новага закону быў прыняты адразу ў двух чытаннях.

Новы законапраект нібыта падрыхтаваны «у мэтах аказання стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы дзяржавы з тэрарыстычнай дзейнасцю». Законапраектам прапануецца ўнясенне змяненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму. У перакладзе на чалавечую мову гэта азначае, што зараз дзяржава будзе мець юрыдычна ўзаконенае права на расстрэл сваіх грамадзянаў, якія вызначацца хоць якімі-небудзь праявамі нязгоды з палітыкай кіраўніцтва дзяржавы ці яе асобных органаў. Тым больш, што такое «замах на здзяйсненне актаў тэрарызму» аніводны адукаваны юрыст ці эксперт растлумачыць не ў змозе. Па-сутнасці, пад гэты артыкул можна «за вушы» прыцягнуць кожнае дзеянне альбо нават і бяздзеянне. Прыкладам напішаце вы ў сацсетках нешта вострае ці радыкальнае, альбо нават у сваім хатнім сшытку на стале – вось вам ужо і «замах».

Дэталі змяненняў у Крымінальны кодэкс не раскрываюцца. Незразумела, прыкладам, ці будуць падпадаць пад расстрэл жанчыны. Паводле ранейшага Крымінальнага кодэксу, то ім не магла быць прысуджана вышэйшая мера пакарання. Услед за сваёй каляжанкай па «партыі ўлады» выступіла і небезвядомая Лілія Ананіч, недарэчна спаслаўшыся на заканадаўства ЗША, якое таксама прадугледжвае смяротнае пакаранне і на тое, да чаго прывяла адмена кары смерці ва Украіне. Як быццам у той Украіне была нейкая анамальная колькасць тэрактаў! Пры тым пра іншыя краіны Еўропы і нават пра так любімую членамі палаткі РБ Расею, у якой яшчэ дзеіць мараторый на смяротнае пакаранне, Ананіч чамусьці прамаўчала. Прыгадваецца як адзін з старэйшых беларускіх пісьменнікаў Іван Навуменка, які быў членам Прэзідыуму Вярхоўнага Савету БССР, прыгадваў, што калі на паседжанні таго органу разглядаліся пытанні па прымяненні вышэйшай меры, жанчыны заўсёды актыўней галасавалі за расстрэл злачынцаў.

Акрамя гэтага зараз унутраным войскам РБ будзе дазволена страляць па дэманстрантах з баявой зброі. Ці ведаюць гэтыя так званыя дэпутаты, што яны стварылі, дружна прагаласаваўшы за такія папраўкі – хутчэй усяго так. Але такі сведамы выбар той агрэсіўнай меншасці, якая гвалтам утрымлівае ўладу. Фактычна кожны дзень, пачынаючы з 9 жніўня 2020 года, ідзе новая інфармацыя пра збіццё мірных грамадзян, жорсткія катаванні і здзекі ў розных месцах пазбаўлення волі. Забойствы ні ў чым невінаватых людзей сілавымі структурамі за гэты час сталі ўжо анамальнай нормай. Аляксандра Тарайкоўскага расстралялі на дэманстрацыі ў цэнтры беларускай сталіцы, Генадзя Шутава застрэлілі ў Брэсце, Вітольда Ашурка закатавалі ў вязніцы. За гэтыя і іншыя смерці нікому з забойцаў пакуль не было ніякай адказнасці. Наадварот, гэта забітыя паводле высноў «праваахоўных органаў» сталіся самы вінаватыя. А паводле змененага заканадаўства пад расстрэльны артыкул цяпер падпадаюць і некаторыя з палітвязняў, што сядзяць пад следствам паводле цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Дзяржава спынілася за крок ад масавых палітычных расстрэлаў. Птэрадактылі сталінізму, якія луналі апошняе дзесяцігоддзе над краінай замест мірных буслоў (іх ужо таксама афіцыйна прапанавана адстрэльваць былым міністрам унутраных спраў Шуневічам), ужо прызямляюцца сваімі смяротнымі кіпцюрамі на галовы жыхароў Беларусі.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ