За стырном грузавіка



Зацятыя прыхільнікі гендарнай роўнасці, да якіх залічаецца ўсё прагрэсіўнае чалавецтва, могуць крыху ўздыхнуць з палёгкай. У Беларусі радыкальна скарацілі спіс работ і прафесій, якімі не могуць займацца жанчыны. Пералік паменшылі ажно ў два разы – са 181 да 88 пазіцый. Цяпер лепшыя жанчыны нашай айчыны могуць ня толькі сядзець у парламенце ці ў ідэалагічных аддзелах, быць прэс-сакратаркамі ці пракуроркамі, але і выплаўляць сталь, набіваць блокі, руліць МАЗамі і БелАЗАмі. Забароненымі пакуль што застаюцца горныя працы і тушэнне пажараў. Але адкуль у Беларусі тыя горы, а вялікія пажары на шчасце здараюцца не так часта.

Такі сацыяльны зрух, цэлая рэвалюцыя ў сацыяльным мысленні і эканоміцы безумоўна мае свае рацыянальныя тлумачэнні. Але найперш канстатуем, што адбыўся нечаканы і нават кардынальны дзяржаўны разварот. Калі раней галоўная начальніца Цэнтральнай Выбарчай Камісіі настойліва рэкамендавала беларускім жанчынам сядзець на кухні і варыць боршч, не адыходзіць далёка ад рандэляў, то цяпер кабетам і маладым дзяўчатам сталі даступныя многія, раней недасяжныя прафесіі. Цяпер усё будзе інакш, а эканоміка дзяржавы хіба рэзка пойдзе ўгару.

Пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўваходзіць у сілу і жыццё ўжо з 24 чэрвеня, фактычна неадкладна. Гэта наводзіць на пэўныя падазрэнні – а што калі на носе татальная мабілізацыя ўсіх мужчын – і таму за станкі павінны стаць іх жонкі, а за стырно грузавікоў павінны сесці дочкі. На карысць гэтай версіі і многія іншыя прыкметы. Так «фельдмаршал» Расеі Шайгу зноў заявіў, што „абставіны дыктуюць неабходнасць прыняцця тэрміновых сумесных мер па ўмацаванні абараназдольнасці саюзнай дзяржавы”. Высновы адпаведныя.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ