Забарона на журналістыку
Незалежная журналістыка ў Беларусі фактычна знаходзіцца пад забаронай. Дазваляецца толькі прыдворная абслуга ў выглядзе фінансаваных дзяржавай раённых, абласных і цэнтральных медый, якія пакліканыя весці прапаганду рэальных, а больш міфічных, дасягненняў сінявокай рэспублікі і яе кіраўнікоў. Найперш канешне галоўнага начальніка дзяржавы, у другую чаргу – буйных чыноўнікаў, ну і па астатку – “вертыкальнікаў” больш дробнага калібру. Ёсць жорстка выпрацаваны больш чым за дваццаць гадоў непахісны фармат і алгарытм дзеянняў. Гэта калі зверху вызначана пра што пісаць непажадана, пра што – катэгарычна нельга, пра што пісаць толькі добра, а дзе белае назваць чорным і наадварот. Гэтым дзяржаўным ідэолагам нават тэарэтычна цяжка асэнсаваць, што журналістыка – гэта не ўсхваленне кіраўнікоў дзяржавы, іх дальнабачнасці і “мудрасці”. Што кожны журналіст у кожнай краіне у той ці іншай ступені павінен быць у апазіцыі да ўлады. Што асноўная місія журналістыкі – гэта выяўляць заганы, недахопы, прычым не толькі і не столькі грамадства, а найперш улады, кіроўных структур краіны. Думаецца, што гэтая простая ісціна нават не прыходзіць ідэолагам РБ да галавы. Настолькі яны, нібы механістычныя робаты, запраграмаваныя зусім на іншае. У сістэме іх каардынатаў няма месца такім паняткам, як мараль, этыка, сумленне. Асноўнае заданне дзяржаўных медый – гэта аблізваць сваіх гаспадароў.
На іншым полюсе медыйнай прасторы нешматлікія незалежныя выданні, блогеры і журналісты-фрылансеры. Іх дзяржава цярпець ня можа, таму усяляк дыскрымінуе, абражае і пераследуе. Таму, прыкладам, журналісты Беларускага Радыё Рацыя і тэлеканалу Белсат пад асаблівым прыцэлам. Шчыра прызнаюся, што я проста захапляюся сваімі калегамі, якія шмат гадоў церпяць і вытрымліваюць пераслед, прэсінг з боку сілавых і судовых структур, бясконца штрафуюцца і знаходзяцца пад пагрозай яшчэ больш жорсткіх рэпрэсій. Мілана Харытонава, Алесь Ляўчук, Яўген Скрабец з Брэсту, Тамара Шчапёткіна з Бярозы, Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач з Глыбокага, Алесь Дзянісаў, Алесь Кіркевіч, Андрэй Мялешка з Гродна, Ларыса Шчыракова, Андрэй Толчын і Кастусь Жукоўскі з Гомеля, Генадзь Барбарыч, Аляксандр Баразенка, Вольга Чайчыц з Мінску – усе гэтыя журналісты шматразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці і караліся на судзілішчах. Прашу прабачыць тых журналістаў, якіх я ў гэтым пераліку мог забыцца і прапусціць. А штрафы вялізныя – у пераразліку па 300-600 даляраў за кожным разам. Кастусь Жукоўскі зусім нядаўна нават быў змушаны нават пакінуць Беларусь.
Тут для тых, хто недасведчаны ў заканадаўстве трэба патлумачыць асаблівасць артыкулу адміністрацыйнага кодэксу 22.9, частка 2 (“незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі”). Не думайце, што гэты артыкул сам па сабе настолькі рэпрэсіўны. Па юрыдычнай логіцы ён прадугледжвае адказнасць не фізічных, а юрыдычных асобаў. Але суды атрымалі цвёрдую ўстаноўку караць менавіта асобных журналістаў-фрылансераў. Зарэгістраваць жа рэдакцыі таго ж Беларускага Радыё Рацыя ці Белсату ў Беларусі немагчыма. Немажліва і атрымаць асабістую акрэдытацыю ад МЗС Рэспублікі Беларусь. Наш калега Віктар Парфёненка зрабіў ужо 10 (!) такіх спробаў. І канешне ўсё марна. Такім чынам журналісты пастаўлены ў сітуацыю замкнутага кола, выйсця з якога няма.
Ніякай “адлігі” ці лібералізацыі ў галіне існавання незалежных медый і асобных журналістаў нават не праглядваецца. Наадварот, сітуацыя цэлы час няўхільна пагаршаецца. Вось на мінулым тыдні ў Гродне зноў судзілі Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава, якія знялі сюжэт пра турыстычны патэнцыял старажытных сутарэнняў гораду над Нёманам. Вынік прадказальны – вялізныя штрафы абодвум. Апошняя вестка яшчэ горшая – супраць брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна пачалі адразу дзве крымінальныя справы па артыкулах “паклёп” і “абраза”. Нібыта Пятрухін абразіў сваім відэаролікам годнасць міліцыянтаў. Хоць больш, чым яны самы сябе, ніхто іх прынізіць не ў стане.
Такія сённяшнія рэаліі жыцця і працы беларускіх журналістаў.
Уладзімір Хільмановіч