Зачыстка і ачышчэнне



Мінулыя 10 дзён увойдуць у летапіс найноўшай гісторыі Беларусі як чорная дэкада «зачысткі». Менавіта такім тэрмінам акрэсліла ўлада працэс фактычнай ліквідацыі недзяржаўных арганізацый і жорсткіх рэпрэсій супраць незалежных журналістаў і грамадска-культурных лідараў. Тэрмін не новы, ён яшчэ з часоў расейска-чачэнскай вайны і фізічнага знішчэння ўсяго і ўсіх у Ічкерыі, хто не хацеў паддацца маскоўскай акупацыі. Так што прырода і паходжанне гэтай зявы добра вядомыя. Але розніца ёсць – у Ічкерыі пераследавалі тамтэйшых патрыётаў, якія былі з аўтаматамі, а ў Беларусі – патрыётаў, якія з дыктафонамі і кніжкамі.

Усе заўважылі, што рэпрэсіі істотна ўзмацніліся пасля чарговага візіту начальніка менскага «Чырвонага дому» у Маскву. І неістотна – гэта крамлёўскі ўладар даў непасрэдную каманду на знішчэнне беларускай супольнасці, ці ён проста «блаславіў» такія брутальныя дзеянні свайго гадаванца і «малодшага брата». Галоўнае тут у тым, што знішчэнне беларускай дэмакратычнай супольнасці ажыццяўляецца нагамі і рукамі пераважна самых грамадзян Беларусі. Ніякіх танкаў і дэсантаў з усходу ня трэба. Так, дзясятак куратараў і назіральнікаў для пэўнасці. Ну а маскоўскі хан задаволена пацірае свае крывавыя далоні.

Характэрна, што пад «зачыстку» трапілі не толькі тыя, хто ў той ці іншай форме, наўпрост ці ўскосна, выступаў супраць рэжыму, але і досыць лаяльныя ці «вегетарыянскія» арганізацыі, і нават тыя структуры, што без дазволу і ведама ўлады не ступалі і кроку. Выканаўцы гэтых пагромаў і арыштаў напэўна ў бальшыні цешацца ўседазволенасцю і беспакаранасцю сваіх дзеянняў. Але гэтая беспакаранасць толькі да пары. Яны не ведаюць, ці забыліся з нядаўняй гісторыі, што першая генерацыя выканаўцаў рэпрэсій сама неўзабаве «ідзе пад нож». Прыкладам, толькі апошнія прадстаўнікі сілавых структур сталінскага рэжыму засталіся беспакаранымі, ранейшыя ж чэкісты-энкавэдысты ўсе былі расстраляныя сваімі паслядоўнікамі – разам з іхнымі ўсемагутнымі начальнікамі – яжовымі, ягодамі. Урэшце быў атручаны і сам Сталін, а Берыя – расстраляны. Тое ж адбудзецца і з сённяшнімі праваднікамі рэпрэсій у Беларусі, калі карная сістэма будзе развівацца далей.

Паралельна з жорсткай «зачысткай» грамадскасці ідзе і ачышчэнне мазгоў актыўных людзей ад ранейшых ілюзій. Найбольшая і найшкоднейшая з іх – гэта пра тое, што ўрэшце нас «вызваліць» Масква. Для тых, хто хоць крыху мае глуздоў у галаве, зразумела, што гэта будзе «вызваленне» сама дарагой цаной. Іншая ілюзія – гэта ранейшы спадзеў на беларускіх чыноўнікаў – патэнцыйных «рэфарматараў». Успомніце як яшчэ гады паўтара таму некаторыя ліберальныя медыі, якія зараз трапілі пад дзяржаўны «бульдозер», піярылі «прагрэсіўнага» Макея. І як пасля гэты міністр выявіў сябе «ва ўсёй красе».

Яшчэ адна надзвычай шкодная найноўшая ілюзія – гэта надзеі на заходнія санкцыі, якія нібыта павінны прывесці да краху рэжыму ў Беларусі. Санкцыі безумоўна патрэбныя, але не такія як зараз. Адна рэч – пазбавіць рэжым спартовых забаваў у выглядзе розных чэмпіянатаў, ці персанальныя санкцыі супраць адыёзных чыноўнікаў, але іншая – санкцыі, якія разбураюць эканоміку, дыпламатычныя структуры, асновы не рэжыму, а менавіта дзяржавы. Трэба, па-першае, ўсведамляць, што гэтыя заходнія санкцыі кампенсуюцца поўнай падтрымкай Расеяй свайго менскага філіялу. Нават калі будуць галадаць Варонеж ці Пецярбург – грошы ў Менск з усходу будуць ісці па-ранейшаму. А, па-другое, ніколі такія санкцыі, якія здзяйсняе Захад зараз у дачыненні да Беларусі, не прыносілі ніякага пазітыўнага выніку. Найбольш яскравы прыклад тут – гэта Куба. Колькі ўжо дзесяцігоддзяў супраць тамтэйшага камуністычнага рэжыму ўводзяцца такія санкцыі?! А «востраў несвабоды» больш паўстагоддзя так і застаецца выспай дзікага таталітарызму. Менавіта ў бок Кубы дрэйфуе зараз і рэжым Беларусі. З адным адрозненнем у горшы бок – Куба ў кожным разе застанецца Кубай, а вось Беларусь можа зноў стаць «Северо-западным» краем. Асабліва ў святле, дакладней цемры, агрэсіўнай пуцінскай дактрыны, якую ён выклаў у сваім новым палітычным маніфесце. Але пра яго іншым разам.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ