Zарын, zаман і V-газы



Некалі, яшчэ ў Савецкім саюзе, на ўроках пачатковай ваеннай падрыхтоўкі вучылі нас якія бываюць хімічныя атрутныя рэчывы, што прымяняліся пры ваенных дзеяннях і адпаведных атаках. З таго часу запомнілася тройка, якая гучала як прымаўка – зарын, заман і V-газы. Можа якраз з гэтага расейскія акупанты вывелі свае літары Z і V, якія так старанна малявалі на сваёй тэхніцы пры ўварванні ва Украіну. Гэтыя дзве лацінскія літары напоўнілі расейскую, здавалася б, кірылічную душу, сапраўднай атрутай шавінізму і нянавісці новай, дагэтуль небывалай, канцэнтрацыі.

Аднак найбольш атрутным расейскім газам стаўся якраз звычайны прыродны газ, якога так многа ў нетрах земляў, захопленых праз стагоддзі маскоўскімі імперыялістамі. Гэты газ разам з нафтай атруцілі цэлае пакаленне еўрапейскіх палітыкаў і эканамістаў. Многія з іх два дзесяцігоддзі падсаджвалі свае краіны на расейскую «трубу», некаторыя, найбольш вушлыя, пасля сканчэння сваіх прэмерскіх ды канцлерскіх кадэнцый пераселі ў газпрамаўскія цёплыя крэслы. А некаторыя дзяржавы былога СССР праз гэтую нафта-газавую «іголку» «старэйшага брата» сталі поўнасцю залежнымі ад маскоўскага вентыля. Калісьці ў адным з друкаваных бюлетэняў была горка-іранічная карыкатура пра сітуацыю ў Беларусі: выява электрычнага крэсла і подпіс: «Расея дала газ, хутка дасць і ток!».

Дагэтуль пуцінская Расея шантажуе сваіх заходніх партнёраў класічнай пагрозай адключыць гэты газ. А тым, хто ўжо даўно не хоча быць такім «наркаманам», прыкладам Польшчы, гэты газ ужо перакрылі. На што польскія эканамісты і палітыкі, якія дбайна рыхтаваліся і парупіліся пра альтэрнатыўныя крыніцы паліва, толькі пасмяяліся. Маскоўскія стратэгі перакрылі трубу нават «братушкам» з Балгарыі, яшчэ нядаўна, здавалася б такім надзейным сваім саюзнікам. Але, думаецца, і Балгарыя знойдзе выйсце з гэтай сітуацыі. Апошнімі напэўна адмовяцца ад расейскага палітычна атрутнага газу Нямеччына ды Аўстрыя. І без асаблівых гаспадарчых стратаў. А вось у Расеі ў арсенале ўрэшце толькі і застануцца, што зарын, заман і V-газы. Бо нават здабыча тых жа нафты і звычайнага газу стане стратнай, як і ўсё ў эканоміцы гэтай дзяржавы.

Уладзімір Хільмановіч

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ