Засмарканая сурвэтка



Багатыя таксама плачуць. Ліанэль Месі, развітваючыся з Барселонай, дзе прайшла пераважная частка яго сапраўды бліскучай кареры, на прэс-канферэнцыі пусціў сентыментальную слязу. У прынцыпе натуральная рэакцыя жывога чалавека. Гэтыя кадры абляцелі ўвесь свет, што ня дзіва ў час татальнай мультымедыйнасці. Але на гэтым гісторыя не скончылася. Праз пару дзён зявілася навіна, што сурвэтка ні то са слязьмі, ні то са смаркачамі Месі, прадаецца за адзін мільён (!) даляраў. І тут ужо думаецца, што свет гэты зваряваў канчаткова. Што ні страшны ковід, ні стыхійныя бедствы ня ў змозе вярнуць розум чалавецтву, схамянуць яго. Гэта ж трэба такое мысленне мець – каб падбіраць пасля чалавека запэцканыя сурвэткі. Ніжэй толькі – збіраць яшчэ за гламурнымі «зоркамі» туалетную паперу.

Уяўляю, як Усявышні глядзіць на ўсё гэта. Маўляў, я даў вам замест вайны такую цудоўную гульню як футбол – і ў што вы яе пераўтварылі?! Асабліва абсурдным выглядае цяперашні клубны футбол. Сапраўды з папулярнай і відовішчнай гульні зрабілі нейкую бітву кашалькоў ці банкаў, пераўтварылі звычайных людзей у ідалаў і бажкоў. Бляск залатога цяльца стаўся для бальшыні жалезным аргумантам. Хіба гэта нармальна, калі палова Афрыкі галадае, а тысяча-дзве выхадцаў з афрыканскага кантыненту ў Еўропе сядзіць на фантастычных заробках!? Калі ідал мільёнаў Крышціяну Раналду за адзін удар па мячу не тое што ў гульні, а нават на трэніроўцы, зарабляе больш, чым сярэднестатыстычны еўрапейскі рабочы за месяц цяжкай працы на заводзе!? Таму назіраць сучасны клубны футбол на роўні сустрэчы, прыкладам «Пары Сэн-Жэрмен» – мадрыдскі «Рэал» хутка будзе ўвогуле агідна. Створаны зборныя свету з дзясятку клубаў-монстраў, усе іншыя – проста статысты, масоўка. Страчаны ўвесь спартовы сэнс зявы спабору.

У тых жа еўракубках, пэўную цікавасць могуць выклікаць толькі бітвы «давідаў» з «галіяфамі». Вось днямі чэнстахоўскі «Ракув» адолеў казанскі «Рубін» з Татарстану, адзін з багацейшых клубаў Расейскай федэрацыі. Толькі ў такіх выпадках зяўляецца пэўная надзея, што сапраўдны футбол яшчэ жывы і ёсць месца на футбольным полі пэўным шанцам, нават подзвігу і нейкай справядлівасці. Для беларусаў у футболе такім яркім прыкладам амаль дваццаць гадоў быў барысаўскі БАТЭ, але зараз і гэты, па-сутнасці, адзіны прыватны клуб Беларусі, у стадыі няўхільнай дэградацыі. Калі еўрапейскі футбол знішчаюць нерэальныя грошы, то беларускі – адстаўныя палкоўнікі і «крэпкія хазяйственнікі», якія няздарна ім кіруюць.

Так што адзінае, што засталося ў футболе – гэта турніры нацыянальных зборных. Такія, як апошні Еўрачэмпіянат, які падарыў нямала пазітыўных эмоцый. Там няма такіх шалёных грошай, як у клубах, а відовішча застаецца яркім.

А вось такійская алімпіяда, якая прайшла без гледачоў, праўдападобна, нікому, акрамя, спартоўцаў была непатрэбная. Ні рацыянальным японцам, разлікі якіх на матэрыяльную выгоду зусім не спраўдзіліся, ні адпаведна рэкламным кампаніям, ні пераважнай бальшыні заўзятараў спорту, якія, здаецца, ці зусім ігнаравалі рысталішча, ці глядзелі гэтыя спаборніцтвы «адным вокам», хутчэй па інерцыі даўняй зацікаўленасці. Да ўсяго алімпійскія прынцыпы зараз расцягваюцца як гімнастычная гума. Нават традыцыйны дэвіз «gitius, altius, fortius” змянілі. Да класічнай трыяды «хутчэй, вышэй, мацней» дадалі нешта кшталту «раўней» ці «разам». Але словы толькі сутрасаюць паветра, але не мяняюць сутнасці людзей. А ўжо да якога абсурду пашырылі алімпійскую праграму – то і гаварыць не хочацца. Такіх штучных відаў спорту панапрыдумвалі, што смешна. Бо гэтыя віды то на незвычайную забаву выглядаюць, то на нейкія цыркавыя нумары. Можа неўзабаве і збіранне выкарыстаных насовак і сурвэтак за зоркамі спорту ўключаць у праграму асобным відам. Наступныя алімпійскія гульні запланаваныя ў Парыжы ў 2024 годзе. Праўда, запланаванае сімвалічнае запальванне алімпійскага агню на Эйфелевай вежы ажыццявіць не ўдалося – вецер не даў. Можа гэта чарговы знак звыш – але хто ведае ці зразумее…

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ