Зона расейшчыны
Там, дзе «русский язык» – там непазбежна расейская агрэсія, адсталасць, дэградацыя і вайна. Не абавязкова ўсе гэтыя кампаненты-складнікі, але бальшыня з іх дакладна. Прыгадаем тую частку Малдовы, якая завецца Прыднястроўем ці Трыністрыяй. Прыгадаем Крым і захопленую Расеяй ў 2014 годзе частку ўкраінскага Данбаса. І нарэшце – сама горкае для нас – прыгадаем Беларусь, якая ўжо столькі часу зазнае сапраўдны здзек над сваёй культурай і мовай. Наяўнасць на нейкай тэрыторыі носьбітаў расейскай мовы – гэта неадменная падстава для Масквы прыйсці «бараніць» і «вызваляць» гэтых носьбітаў. І чарговая вайна супраць Украіны была развязаная Крамлём менавіта пад знакам абароны нібыта дыскрымінуемага расейскамоўнага насельніцтва. Якое апошнімі месяцамі напоўніцу зазнала ўсе жудасці такога «вызвалення». Прычым у гэтай вайне змяшалася ўсё. Жахлівым палітычна-крывавым фарсам выглядае тое, як напаўпісьменныя ў расейскай мове прадстаўнікі розных народаў імперскай Расеі (бураты, татары, калмыкі, дагестанцы, якуты ды многія іншыя) «дэнацыфікуюць» чыста расейскамоўных жыхароў Харкава ці гарадоў Луганшчыны.
У Беларусі ўкараненнне чужога няўхільна ўкараняецца ўжо больш чым чвэрць стагоддзя. І працэсу гэтаму не відаць канца. На мінулым тыдні чарговы міністр адукацыі (прозвішча яго нават не мае ніякага значэння) заявіў пра празмернае напаўненне школаў Беларусі замежнымі мовамі. Так што прыянтае рашэнне скараціць колькасць гадзінаў на выкладанне ангельскай, ды іншых заходніх моваў. Тлумачэнне таксама было дадзена неверагодна дасціпнае – маўляў, гэтым ангельскім ды іншым мовам людзі і самы навучацца. А вось хто іх навучыць расейскай – калі не наша школа!? Пра мовы нацыянальных меншасцяў і гутаркі няма. Сёлета дзяржавай прынятае рашэнне ліквідаваць апошнія дзве школы з польскай мовай навучання – у Гародні і Ваўкавыску. Пры тым заяўлена, што нібыта там цяпер будуць навучаць па-беларуску і па-расейску. Толькі гэта чарговая прапагандысцкае ашуканства, бо ніякай беларускай мовы там не будзе, а неўзабаве запануе суцэльная русіфікацыя. Па-праўдзе, яна ўжо і так пануе, але імперцам і іх мясцовым халуям усё мала. Ім трэба тое, што не ўдалося сто пяцьдзесят гадоў таму – канчаткова пераўтварыць беларускую зямлю ў Северо-Западный край, у зону расейшчыны з усімі яе найгоршымі праявамі.
Тут варта зацеміць, што самы імперцы і іх памагатыя насамрэч не з’яўляюцца ніякімі носьбітамі так званай вялікай расейскай культуры. Ці не 90 адсоткаў прадстаўнікоў гэтай культуры – гэта выхадцы зусім з іншых краёў. Саму расейскую мову нармаваў і парадкаваў датчанін Уладзімір Даль. І якую сферу расейскай культуры не крані – усюды вылазяць «инородцы» – украінец Гогаль, эфіоп Пушкін, беларус Дастаеўскі, шатляндзец Лермантаў, француз Брулоў, паляк Врубель, армянін Айвазоўскі, італіец Расстрэлі – гэты спіс можна доўжыць бясконца. Амаль ўсе дасягненні расейскай культуры створаны замежнікамі і выхадцамі з іншых краін. Пецярбург поўнасцю будавалі еўрапейцы, нават маскоўскі Крэмль стварылі гомельскія будаўнікі. Кнігадрук у дзікую Масковію неслі таксама нашы асветнікі.
Самы ж маскоўцы – гэта спрадвеку акупанты, якія з’яўляюцца носьбітамі разбурэння, беззаконня, хамства, расейскага мату. Іхная так званая эліта наўрад ці можа адрозніць нават Рахманінава ад Скрабіна, Чэхава ад Буніна, а Шышкіна ад Васняцова. Але яны ўсё роўна агрэсіўна будуць лезці з сваім «рускім-вузкім» языком паўсюль, дзе толькі ёсць яго носьбіты – ад Латвіі да Малдовы. І ўсюды, дзе запануе гэты «язык» будзе нішчыцца мясцовая нацыянальная адукацыя і культура. Як гэта катастрафічна здарылася зараз у фактычна акупаванай Беларусі.
Тым жа беларусам, якія былі змушаныя пакінуць сваю краіну з-за палітычнага пераследу ці выехалі з эканамічных прычын, варта найхутчэй вучыць мову той дзяржавы, дзе яны апынуліся, а паміж сабой пераходзіць на сваю родную. Каб на вуліцах Прагі, Вільні, Беластоку, Варшавы, Тбілісі з іх вуснаў гучала не расейшчына, а беларуская мова. Іначай і туды можа прыйсці антычалавечы разбуральны «русский мир».
Уладзімір Хільмановіч