Адкуль дзьме вецер



Асабіста я не часта нарываўся на думкі незалежных аналітыкаў, якія хаця б за месяц да цяперашніх выбараў спрагназавалі б хоць прыблізна тую актыўнасць, якая здарылася. Ды і сам я таксама не чакаў такога, хоць часамі стараюся і аналізаваць, і рабіць прагнозы. А беларускія выбаршчыкі, што называецца, рванулі з нізкага старту, і не спыніць іх.

Напэўна і ва ўладаў такіх разумных аналітыкаў не знайшлося, каб заранёў папярэдзіць яе пра мажлівыя наступствы. Практычна ўсе схіляліся да думкі, што канчатковы вынік ужо вядомы. Таму і працэс вялікай цікавасці не ўяўляе, бо вядомы таксама. І жорстка памыліліся. Прынамсі разгубленасць у дыктараў праўладных тэлеканалаў адчувалася не толькі ў голасе, але і на выразе твару. 

Бо працэс падкінуў масу нечаканасцяў. І тут самыя смелыя загаварылі, што і канчатковы вынік можа таксама здзівіць. Бо, па праўдзе кажучы, вялікія чэргі да столікаў з сябрамі ініцыятыўных груп толькі для таго, каб паставіць свой подпіс, сапраўды ўражваюць. І гэта пад час пандэміі, якая не асабліва натхняе на вандроўкі ў цэнтр гораду.

Ну а самыя дасведчаныя пачалі задаваць пытанне, калі ва ўладаў здадуць нервы. Што здадуць сумневу не было. Справа ў часе. І ўлада вырашыла той час на губляць без толку. І вось ужо ў старадаўняй Гародні, на зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую, куды завітаў яе муж, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, з’явілася і міліцыя. У выніку сам блогер і яшчэ некалькі чалавек з каманды яго жонкі аказаліся ў міліцэйскім пастарунку. Ну і справу на іх завялі, вядома ж.

Сілавікі неўзабаве агучылі сваю версію гэтага інцыдэнту. Паўтараць яе няма вялікага сэнсу. Хіба што ўсе ўжо з ёй азнаёміліся, як і паглядзелі ў сеціве відэа з сапраўднымі падзеямі таго дня. Больш цікавым ёсць заявы нязменнага ўжо больш двух дзясяткаў гадоў кіраўніка краіны, які таксама баластуецца на гэтых выбарах.

Ну тое, што квітнеючую дзяржаву нейкія незразумелыя сілы ад яго не атрымаюць, гэта ўжо старое. Як і тое, што ніякіх майданаў у Беларусі не будзе. Да гэтых слоў таксама ўжо прызвычаіліся. Але ёсць і нешта новенькае. Начальнік краіны недвухсэнсоўна заявіў, што ведае адкуль дзьме вецер. І слухачам стала зразумела, што гаворка пра вецер з усходу. А раней палохаў вятрамі з захаду.

Увесь парадокс гэтай сітуацыі ў тым, што пра вецер з усходу гаворка не змаўкае з першых дзён незалежнасці Беларусі. Толькі вось цяперашні прамоўца той непагоды чамусьці не заўважаў. Іншыя на той вецер звярталі ўвагу. Гэты вецер увесь час здувае беларускія нацыянальныя каштоўнасці, родную мову, дэмакратычныя пачынанні, правы чалавека, надзею на свой шлях і многае другое.

Толькі вось ёсць адно цікавае пытанне, а хто адчыніў дзверы для гэтага скразняку?

І адказ на гэтае пытанне таксама не ёсць сакрэтам. Той і адчыніў, хто дваццаць шэсць год прахалоджваўся на гэтым ветры, ўсё шырэй адчыняў для яго вокны і дзверы, рушыў сцены, выкопваў памежныя слупы. Усё рабіў, каб гэты усходні вецер узмацняўся. А зараз западозрыў, што пераросшы ў цунамі, ён можа знесці і яго самога.

Ну што ж, у жыцця своеасаблівае пачуццё гумару. Яно можа падкінуць і не такія сюрпрызы. Ну а што да скразняку з усходу, то лагічна было б кінуцца зачыняць дзверы. Толькі штосьці на гэта не падобна. І як лакмусавая паперка будзе парад на Чырвонай плошчы ў Маскве, які перанеслі на чэрвень з-за пандэміі. А ў Беларусі не пераносілі і правялі ў траўні. Ці паедзе ў Маскву кіраўнік Беларусі? Бо мае запрашэнне ад свайго расейскага калегі. Як і той меў запрашэнне на парад у Мінску. Толькі не паехаў.

Вось і будзе ўсё ясна з тым ветрам, працягвае ён дзьмуць, ці пачаў засмоктваць як вір. Бо каб суцішыцца, то ён ніколі не суцішыцца. Будзе або дзьмуць, або засмоктваць.

Зрэшты, гэта праблема не толькі аднаго, ці некалькіх прэтэндэнтаў ў прэзідэнты. Гэта праблема ўсяго народу. Не важна, які будзе кіраўнік цяпер ці некалі ў будучым. Гэтая праблема будзе для ўсякага. І як яе вырашаць, кожны мусіць ведаць ужо зараз. І як хацелася б пачуць гэта ад кожнага прэтэндэнта на сама высокую пасаду ўжо цяпер.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ