Але заўсёды
“Праўда заўсёды перамагае. Толькі вось неяк пасля. А хочацца, каб заявіла пра сябе зараз, прама цяпер. Але яна чамусьці не спяшаецца выплываць на вонкі. Перамагае толькі пасля. Але заўсёды”.
Гэтае выслоўе напэўна ведае кожны. І хіба што кожны ў сваім жыцці неаднойчы меў нагоду пераканацца, наколькі яно праўдзівае. Асабліва ў першай частцы. Другую, часамі, калі людзі стамляюцца ўжо ў пошуках той праўды, то не заўсёды заўважаюць. Але, калі добра прааналізаваць любую сітуацыю, то аказваецца, што і з другой часткай гэтага выслоўя ўсё ў норме.
Вось і зараз, прачытаўшы ў інтэрнэтнай прасторы нашумеўшы матэрыял “Наталля Машэрава: Напярэдні аварыі ў бацькавай машыне разбілі фары”, пачынаеш чарговы раз пераконвацца, як павольна, але ўпэўнена інфармацыя прасочваецца ў публічную прастору. У сваім расповедзе дачка хіба што адзінага любімага беларусамі кіраўніка БССР, першага сакратара ЦК КПБ Пятра Міронавіча Машэрава прыводзіць чарговыя довады на карысць той версіі, што тагачасны кіраўнік Беларусі не выпадкова патрапіў у аўтамабільную аварыю, дзе і трагічна загінуў.
На беларускай зямлі то гэтая версія была самая папулярная ад самага пачатку. Гэта паказвала, наколькі нашы людзі не верылі афіцыйным сродкам масавай інфармацыі СССР. Не верылі аніводнаму слову кіраўніцтва краіны саветаў і ўсім яе структурам. Афіцыйныя газеты і тэлебачанне (а іншых і не было) пісалі адно, а людское радыё з вуснаў у вусны перадавала сваё. Афіцыйнай версіі не верыў ніхто, грамадскай версіі верылі нават афіцыйныя дзяржаўныя прапагандысты, пра што пасля развалу Савецкага Саюзу публічна і бессаромна хваліліся.
Што тычыцца афіцыйнай версіі пра аварыю з гібеллю тагачаснага кіраўніка БССР, то беларускае грамадства не прыняло яе адразу. А аднойчы, ужо ў наш час, я неяк пазнаёміўся з адным шафёрам, які у часы СССР вазіў кіраўніцтва Гарадзенскай вобласці. Іван у час нашага знаёмства ўжо быў пенсіянерам, і любіў расказваць розныя гісторыі з свайго шафёрскага досведу пра тое, як жылі, працавалі і адпачывалі тагачасныя кіраўнікі. Расказчык ён быў вельмі цікавы, і нават стаў правобразам аднаго героя, таксама шафёра, з майго рамана “Генетычны алфавіт”, які выйшаў у Беластоку ў верасні гэтага году.
Сустракаўся Іван і з Пятром Міронавічам непасрэдна, як той прыязджаў на спатканні з кіраўніцтвам Гарадзеншчыны. Вельмі хваліў яго, захапляўся ім. Распавядаў, як аднаго разу у вёсцы нейкі дзядок пачаставаў высокапастаўленую дэлегацыю сваёй уласнай самагонкай. Кіраўнікі Гарадзеншчыны напалохаліся, што Машэраў пакарае іх за раскрыты факт нелегальнага вырабу гарэлкі. А той пачаставаўся і пахваліў вяскоўца. Сказаў, што нашай лікёра-гарэлачнай галіне варта ў яго павучыцца, як рабіць такі якасны прадукт.
І вось аднойчы Іван, раздушыўшы разам са мной паўлітровік такой жа самаробнай вадкасці, прывезенай з Белавежскай пушчы, нечакана заявіў, што яго непасрэдна выклікалі на работу акурат ў той дзень, калі здарылася трагедыя з Пятром Міронавічам. А ў яго быў выходны, і раней такога не здаралася, бо графікі працы складаліся заранёў. І ён вельмі хацеў бы, на старасці гадоў, напісаць пра гэта. Бо мае што дадаць да сказанага. А паколькі ён не пісака, то акурат да такога і звярнуўся. І не толькі свае ўражанні пра той дзень ён хацеў агучыць, але і іншых шафёраў, з якімі таксама адбываліся незразумелыя рэчы. То іх на іншыя машыны перасаджвалі, то ўвогуле замянялі. У кожнага свае падрабязнасці. Пасля шафёры пра тое развезлі і разнеслі па ўсёй краіне, што і ўмацавала перакананасць беларускага грамадства ў праўдзівасці менавіта неафіцыйнай версіі.
Праўда, словы Івана так і не ляглі на паперу. Бо на наступны дзень ён прыйшоў з прабачэннямі, ды сказаў, што не будзе паглыбляцца ў друкаваную канкрэтыку, бо хоча яшчэ пажыць як жыве, а людзі, маўляў, і без яго аповедаў не дурныя, самыя разбяруцца. Быў вельмі знерваваны, нават пахмяляцца не стаў.
Ну а беларусаў і сапраўды не трэба пераконваць у неафіцыйнай версіі. Яны яе як прытрымліваліся, так і прытрымліваюцца па сённяшні дзень. Наадварот, гэта калі нехта хоча, каб афіцыйная версія стала асноўнай, то гэта ім трэба пастарацца з пошукам доказаў. Але ніхто, чамусьці, і не стараецца.
Віктар Сазонаў