“Антысаветчына” і “антыбеларусчына”
Па беларускай інтэрнэт-прасторы пачаў гуляць запіс, на якім чатырнаццацігадовым навучэнцам беларускай навучальнай установы настойліва рэкамендуюць уступаць у БРСМ. Аргументы за ўступленне настаўніца прыводзіць па-даросламу моцныя, канкрэтныя, называючы адмову ўступаць у арганізацыю правапераемніка ленінскага камсамола напачатку “антысаветчынай”, а пасля і “антыбеларусчынай”. І не зважае на меркаванні бацькоў навучэнцаў, якія супраць таго БРСМу. І папярэджвае яшчэ, што адсутнасць пасведчання БРСМ можа негатыўна паўплываць у будучым пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі.
Па сабе ведаю як гэта можа быць. У свой час, як я стаў савецкім піянерам, мне на карак як частачку савецкага сцяга пачапілі чырвоны піянерскі гальштук. І вось тады, насуперак сваім дзіцячым чаканням, я не заўважыў асаблівага захаплення гэтым фактам у сваіх бацькоў. А дзяды дык увогуле прасвятлілі мяне наконт беларускіх нацыянальных колераў, якім мой піянерскі гальштук не зусім адпавядаў. Таму ў адрозненні ад той настаўніцы на запісе пра БРСМ, я ўжо з дзіцячых гадоў перастаў блытаць паняткі “антысаветчына” і “антыбеларусчына”. Як па мне, дык яны выключаюць адзін другога і сінонімамі аніяк не з’яўляюцца. І таму, як прыйшоў час уступаць у шэрагі ВЛКСМ, правобраз сённяшняга БРСМу, я проста праігнараваў гэту працэдуру. Хоць у той час у гэтую арганізацыю па фармальнай прыкмеце ўступалі ўсе. Але мне не хацелася больш выглядаць дурнем у вачах сваіх дзядоў.
Настаўнікі Гальшанскай сярэдняй школы ані разу не сказалі мне ісці супраць думкі старэйшых родных. Наколькі мая нязгода быць камсамольцам паўплывала на атэстат сказаць не бяруся. Можа і ніяк. А вось пры паступленні ў Менскі тэхналагічны інстытут на факультэт лясной гаспадаркі даведка ад камсамольскай арганізацыі аказалася абавязковай. Без яе дакументы не прымалі ўвогуле. І як я ні даказваў, што па маёй лясной спецыяльнасці і бабрам, і ваўкам, і нават зайцам глыбока да лямпачкі, камсамолец я ці не, і што аніякі мядзведзь ці іншы лясны звер у мяне патрабаваць камсамольскі білет, каб зайсці ў лес, не будзе, дакументы без камсамольскай даведкі ўсядно не прымалі.
Я ад безнадзейнасці нават пажартаваў, што партызанаў у нашых лясах даўно ўжо няма, а калі і былі б, то невядома дапамог бы мне камсамольскі білет, ці нашкодзіў бы. Бо розныя ў нас былі партызаны. Жарт не быў успрыняты належным чынам. Наадварот напалохаў.
Не ведаю чым бы закончылася ўсё, каб не адзін з камісіі. Ён пачакаў як я выйду ў калідор, дагнаў мяне і ціхенька параіў, каб я ехаў у Ашмяны, зайшоў у раённую камсамольскую арганізацыю і ўступіў туды хаця б на адну гадзіну, каб даведку атрымаць. А пасля зразу і выйсці з той арганізацыі можна. Ніхто, нібыта, трымаць не будзе. Патрэбны я там як зайцу стоп-сігнал. Яны самыя там толькі за грошы сядзяць. Або і па-іншаму зрабіць можна, узяць даведку што я не камсамолец. Маўляў, ніхто той даведкі чытаць не будзе. Проста глянуць, што ёсць даведка з камсамолу, і дакументы прымуць.
Не думаў я тады, што праз доўгіх ажно трыццаць восем гадоў пасля гэтай ганебнай для савецкай сістэмы адукацыі падзеі, падобная парада будзе актуальная і надалей для людзей на маёй Радзіме. І што падрашчакоў, школьнікаў, па-сутнасці яшчэ дзяцей, будуць палохаць будучыняй, калі яны не ўступяць у невядома куды…
Ну а запіс стаў хітом. Самыя ўдзельнікі не ведаюць хто яго запісаў. Можа хто з-за дзвярэй, можа з пад стала… А так хочацца думаць, што зрабіла яго сама настаўніца, якую гэта ўжо так дастала, як і многіх іншых, што вырашыла вось такім чынам спыніць тэатр абсурду. А што?! Я б такую прыгожую версію не адкідваў. А то чалавек з вышэйшай адукацыяй ставіць знак роўнасці паміж словамі “антысаветчына” і “антыбеларусчына”.
Але тэатр усядно працягваўся. Аказваецца ў Беларусі святкавалі стагоддзе ВЛКСМ. І па тэлебачанні ішла рэклама, сам бачыў, і БРСМ уклаў свой пасільны ўнёсак у арганізацыю святкавання, і іншыя знайшліся. Праводзілі мерапрыемствы розныя, хіба назад у СССР хацелі. Ну то так ім і трэба.
Віктар Сазонаў