Бела-чырвона-белае сэрца
Амаль два тыдні гэты горад называлі не інакш, як Вольны Горад Гародня. Амаль два тыдні над ім і ў ім свабодна луналі бела-чырвона-белыя сцягі, хадзілі ўсцешаныя людзі і віталіся адзін з другім словамі “Жыве Беларусь!!!”. Амаль два тыдні адноснай свабоды, за якую было заплачана вялікім коштам…
Пасля ледзьве не тыднёвага перыяду жудаснай бойні, арыштаў і пераследаў, учыненых сілавікамі пасля выбараў, прайшло яшчэ два тыдні адноснага зацішша з боку ўладаў. Адноснага. Нельга сказаць, што у гэты перыяд пераследы спыніліся. Не. Улада як і раней рабіла ўсё што магла, каб збіць пратэстны настрой грамадства. Проста зверстваў стала менш. Жорсткае абыходжанне з затрыманымі стала небяспечным для самой улады, бо выклікала ў грамадства моцнае абурэнне. Але нават і такому касметычнаму паслабленню рэпрэсіўных мер надыходзіць канец. І вось зноў ціск на грамадскасць пачаў узмацняцца. Два тыдні хапіла ўладам, каб знайсці хаўрусніка і падтрымку ў справе націску на свой народ. Зноў ў Гародні з новай сілай і інтэнсіўнасцю заводзяцца справы, выклікаюцца і затрымліваюцца людзі, праводзяцца акцыі масавага запалохвання і пераследу. І не толькі ў Гародні. Па ўсёй Беларусі так.
Адразу пасля выбараў ва уладаў быў канкрэтны план, правераны імі ў мінулыя часы. Калі людзі выйдуць на вуліцу аспрэчваць вынікі выбараў, улады вырашылі даць ім так, каб на другі дзень не толькі выйсці не захацелі, але і не змаглі. Але так не атрымалася. Пасля жорсткіх разгонаў і жудасных затрыманняў удзельнікаў мірных акцый, пасля тых чорных падзей, калі з’явіліся першыя зніклыя без вестак, першыя загінуўшыя, першыя пакалечаныя і тысячы збітых і арыштаваных, грамадскасць Беларусі згуртавалася і выйшла зноў. А затым зноў і зноў. Улады ўзялі паўзу, каб зрабіць перадыслакацыю сіл…
І вось ужо ў Гародні да людзей на плошчы выйшлі прадстаўнікі выканкаму, і вось ужо паабяцалі не перашкаджаць мірным акцыям, і вось ужо сталі адпускаць затрыманых… Відавочна было ад пачатку, што ўладзе патрэбна паўза. Яны не чакалі такой моцы і трываласці вольнага беларускага духу. Яны не здагадваліся, што ён ёсць, той вольны дух. Што ж гэта за ўлада, якая ажно так не ведае свайго народу?! Чужая, хіба што. Гісторыю вучыць трэба. Там усё ёсць.
А яшчэ ж восенню мінулага году ў старадаўняй Вільні, Зямля і Гісторыя раскрылі магілы беларускіх паўстанцаў, нібыта хацелі паказаць усяму свету і гэтай уладзе, што такое прага беларусаў да свабоды, што яна існавала заўсёды, што за яе аддавалі жыцці, і што яе нельга знішчыць. Тады, на перапахаванні парэшткаў Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863-64-га гадоў неба над Вільняй было бела-чырвона-белым ад беларускіх нацыянальных сімвалаў. Дарэмна тады на гэта не звярнулі ўвагі ўлады. Можа гэта стрымала б іх ад многіх неабдуманых дзеянняў. Вольны дух, які падарыла ад прашчураў сённяшнім пакаленням раскрытая Зямля, беларусы развезлі па ўсёй сваёй Радзіме.
Я памятаю той дзень вельмі добра, бо менавіта тады марыў убачыць неба Гародні ў такіх бела-чырвона-белых колерах, у якіх было неба Вільні. Тады я ўспамінаў нашага славутага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, які напісаў, што Хрыстос прызямліўся ў Гародні. І тады, як падарунак Нябёсаў, у маёй свядомасці сама стала складвацца песня “Хрыстос прызямліцца ў Гародні”, дзе сцвярджалася, што Хрыстос яшчэ прызямліцца ў Гародні, ды скажа: “Жыве Беларусь!!!”.
Бела-чырвона-белае неба ў Гародні мы ўсе ўбачылі. Мала таго, такое неба мы убачылі над усёй нашай Радзімай. І нават па ўсім астатнім свеце, хай сабе не так, як у нас, але ўсё ж Нябёсы крыху афарбаваліся ў нацыянальныя беларускія колеры паўсюль.
Нельга на такія сімвалы і знакі, якія мы бачылі восенню ў Вільні, не звяртаць увагі. Але ўлады не звярнулі, як не звярталі ўвагу на жаданні беларусаў і іх прагу да свабоды ды справядлівасці. Не хацелі звяртаць. Палічылі што ў іх ёсць і ўсемагутнасць, і ўсёдазволенасць. І ў дадатак, з неабмежаванага пачуцця сваёй беспакаранасці і самаўпэўненасці, улады ўчынілі ў Мінску чарговае цывілізацыйнае і духоўнае злачынства, празванае беларусамі крыжаломам. У Курапатах, на месцы масавых пахаванняў нявінна расстраляных беларусаў, зноў узрушылі Беларускую Зямлю. Цяпер ужо выцінаючы адтуль крыжы…
Няўжо яны думалі, што гэта зыдзе ім з рук?! Няўжо яны думалі, што ёсць на свеце ўлада, якая мацнейшая за Крыж?! Ох, нельга так з крыжамі!
І яны пабачылі іншы крыж, які ўжо нельга было ні зламаць, ні выдзерці! Пабачылі тады, калі беларусы сабраліся ля стэлы ў Мінску каб выказаць пратэст, і сталі паабапал дарогі, каб не перашкаджаць дарожнаму руху. І адразу дарожнае скрыжаванне ў цэнтры беларускай сталіцы ператварылася ў неверагодна вялікі крыж бачны з усяго свету, аточаны вакол бела-чырвона-белым морам нацыянальнай беларускай сімволікі, якую ў сваіх руках трымалі сотні тысяч беларусаў. А па самым дарожным крыжы ехалі і гудзелі аўтамабілі з такой жа сімволікай. Яны на палотнішчах з выявамі неўміручай Пагоні везлі тысячы крыжоў намаляваных на шчытах той Пагоні.
Цікава, ці пабачыўшы гэтыя крыжы улады ўспомнілі пра паламаныя курапацкія?! Але гэтыя крыжы было ўжо не зламаць. Іх трымаў у руках беларускі народ. Аднаго толькі не хапала, арыгінальнага крыжа Еўфрасінні Полацкай, які вывезлі з нашай Зямлі. Але на ўсё свой час і Божая воля.
На збіццё сваіх суайчыннікаў увесь беларускі народ адказаў масавымі акцыямі мірнага пратэсту. Калі сілавікі працягвалі злоўжываць сілай да мужчын, выйшлі жанчыны. Неверагодна, але нейкая калектыўная нацыянальная інтуіцыя падказала народу, што трэба ісці гэтым шляхам. А біць жанчын небяспечна. Бо невядома, як на гэта адрэагуюць пасля іх мужчыны. Наколькі далёка выльецца іх абурэнне?!
А пасля зноў выходзяць мужчыны. А пасля разам, нават сем’ямі, яшчэ раз падкрэсліваючы мірны, але ўпарты і незваротны характар пратэсту.
І вось ужо больш трох тыдняў працягваецца супрацьстаянне. З аднаго боку мірныя акцыі, узброеныя толькі нацыянальнай сімволікай і плакатамі, цвёрдасцю духу і прагай да справядлівасці і свабоды. З другога боку ўлада і сілавікі, з бязмежнымі мажлівасцямі сілавога ціску і хаўруснікамі.
І мірныя ўжо на першым этапе перамаглі. Бо ні ў каго не прасілі дапамогі. А вось улады звярнуліся ажно да кіраўніка іншай краіны, і акурат да таго, хто прапаноўваў далучаць Беларусь да сваёй краіны часткамі або цалкам.
І вось цяпер трывога толькі нарастае. Начальнік краіны заявіў, што перакідвае войскі на захад. Цяпер усходняя мяжа аголеная. Можна ісці парадным маршам. Ды і сам прыехаў на Гарадзеншчыну, дзе памяняў яе кіраўніка. А яшчэ заявіў, што дакладна дамовіўся з расейскім калегам пра дапамогу яму. Ды і расейскі калега выказаўся, што “па просьбе беларускіх уладаў ён стварыў рэзерв сілавікоў для аказання падтрымкі парадку і абароны жыцця і маёмасці грамадзян”. Беларускіх грамадзян ён мае на ўвазе. Сваіх, напэўна, ужо абараніў.
Ніхто гэтай заяве асабліва не здзівіўся. Яе чакалі. Было, праўда, меркаванне, што кіраўнік усходняй дзяржавы і так кінецца гэта рабіць без папярэджання. Але ён, гэтым разам, папярэдзіў. Напэўна ведаў, што ніхто ў свеце не адважыцца яму пярэчыць.
І вялікага пратэсту з усяго свету мы, насамрэч, пакуль што не пачулі. Беларусаў прадавалі стагоддзямі. Мы да гэтага звыкліся. Але гэтая здрада зойме сваё месца ў гісторыі, як асабліва цынічная. Некалі, як з’явіцца больш палітыкаў з пачуццём сораму, ім будзе сорамна.
Але і ў расейскага кіраўніка не ўсё ідзе так гладка як з яго абяцанкамі. У самой Расеі людзі пачынаюць падтрымліваць менавіта грамадскасць Беларусі. Падымаюць на футбольных палях бела-чырвона-белы сцяг і крычаць “Жыве Беларусь!!!”. Выказваюцца ў падтрымку беларусаў. Хто яго ведае, як сябе тут павядзе той славуты сілавы рэзерв. Тут трэба добра паламаць галаву абодвум кіраўнікам, ці задзейнічваць яго.
Ну а беларусы працягваюць паказваць цуды салідарнасці і ўзаемападтрымкі. Цуды самаахвярнасці і стойкасці. Штодня праходзяць акцыі ў розных фарматах і месцах з адной толькі мэтай, паказаць уладзе Волю Народа. Ды і патрабуюць то не так і шмат. Усяго толькі справядлівых выбараў.
Людзі падаставалі свае нацыянальныя сімвалы, якія бераглі і хавалі дзесяцігоддзямі. Яны паказалі, якімі яны ёсць насамрэч. Вось яны, беларусы! Яны доўга могуць чакаць, але калі ўжо ўцямілі што ў галаву, то з гэтым трэба лічыцца. Яны прадэманстравалі, што ў імя спакою могуць цярпець доўга. Але пераходзіць мяжу злоўжывання іх цярпеннем нельга.
І вось Гародня зноў у бела-чырвона-белых сімвалах, якія нясуць тысячы людзей. Аўтамабілісты, у якіх белыя і чырвоныя машыны, выстраілі з дзесяткаў сваіх аўтамабіляў бела-чырвона-белую канструкцыю, і яна па кальцавой дарозе аб’ехала ўвесь горад некалькі разоў. На дамах вывешваюцца нацыянальныя сімвалы. Змаганне за назву Вольны Горад Гародня працягваецца!
І змаганне за Вольны Горад Менск таксама працягваецца! І за аналагічныя назвы іншых гарадоў! І змаганне за назву Вольная Краіна Беларусь не спыняецца!
Цяжка сказаць як складуцца далейшыя падзеі. Беларускі сцэнар аказаўся не толькі зусім нечаканы, але і непрадказальны. Падавіць вялікай сілай пратэсты на нейкі час можна. Але нейкі час таксама некалі заканчваецца.
З упэўненасцю можна заяўляць толькі адно, што будучыня Беларусі, гэта свабодная, незалежная, дэмакратычная краіна. Калі гэта стане, зараз гадаць не варта. Галоўнае, што стане. Абавязкова так будзе!
Цяжкі і складаны гістарычны шлях гэтага народу, але яго перспектывы яскрава акрэсліваюцца ў падзеях апошніх часоў. Будучыня гэтай краіны беларуская, бо ў яе бела-чырвона-белае сэрца.
Віктар Сазонаў