Беларускі Санта
Дык Санта Клаўс, ці Дзед Мароз, ці Святы Мікола? Задаецца, няшмат ёсць месцаў на зямлі, дзе дзядуля або бабуля можа ад сваіх унукаў пачуць пытанне пра тое, чым адрозніваецца Санта Клаўс ад Дзеда Мароза або ад Святога Мікалая. Бо нібыта і вопратка ў іх аднолькавая, і падарункі таксама на іх сумленні, і прыходзяць яны раз на год і прыкладна ў адзін і той жа час. Ну то хто з іх галоўны, хто лепшы, хто больш шчодры, ды ўвогуле, якая між імі розніца?
Дык вось, наша краіна, Беларусь, акурат і ёсць такім месцам, дзе дзеці задаюць падобныя пытанні дарослым. Бо ходзяць па нашай зямлі ўсе тры гэтых персанажы, і ўсе тры выконваюць нібыта тыя самыя функцыі. А так у прыродзе не бывае. Ну а дарослыя і сапраўды не ведаюць, як адказаць на дзіцячыя пытанні, бо так гістарычна склалася, што як яны самыя былі дзецьмі, такіх замарочкаў не ўзнікала.
О, колькі я чуў тлумачэнняў ад бацькоў сваім маленькім нашчадкам на гэтае шчырае і наіўнае дзіцячае пытанне! Як блыталіся старэйшыя, умудроныя жыццёвым досведам людзі, спрабуючы даць дзецям хоць які, больш менш лагічны адказ!
– Мама, а хто гэта, Санта Клаўсы ці Дзяды Марозы? – Пытаецца маленькі хлопчык, паказваючы пальцам праз вакно гарадскога аўтобуса на дзядзькаў у чырвоных вопратках з белымі бародамі, якія грукаючы кіямі крочаць па цэнтральнай вуліцы гораду.
– Ну я ж табе казала, што можна называць і так і гэтак, розніцы няма аніякай, – адказвае збянтэжаная маці, рыхтуючыся знайсці хоць які-небудзь больш-менш разумны адказ, калі дзіцёнак спытае чаму іх так шмат, тых персанажаў, якіх няма розніцы як называць.
Зрэшты, на маю думку, і адказ на першае пытанне быў не проста памылковы, але і дэзарыентуючы. Бо гэтыя навагоднія постаці, Дзед Мароз, Санта Клаўс і Святы Мікалай вельмі адрозніваюцца адзін ад другога. Розніца між імі вялікая. Дзеда Мароза нам падарыла савецкая ўлада, як матэрыялістычную альтэрнатыву Святому Мікалаю. І ён атрымаўся падобным на тое, як успрымалі рэчаіснасць тагачасныя чыноўнікі і дамінуючая руская нацыянальная большасць. Таму і дадалі да старога дзеда яшчэ і маладзенькую дзяўчынку Снягурачку. Гэты вобраз у Расеі так прыжыўся, што яны і зараз не збіраюцца нічога мяняць, хоць афіцыйна нібыта вярнуліся да праваслаўя, паводле якому святыя шукаюць сабе спадарожнікаў зусім не па эфектнаму выгляду.
У Санта Клаўса, як у прадстаўніка заходняй культуры, чыста тэарэтычна недзе мусіць быць пажылая і вельмі добрая місіс Клаўс. Яна, зноў жа, чыста тэарэтычна, хіба што дапамагае ўпакоўваць падарункі, бо яны вельмі акуратна і з любоўю спакаваныя пяшчотнымі жаночымі рукамі. Але сённяшні Санта чамусьці часцей з’яўляецца не з ёй, а з бутэлькай Кока-Колы. Напэўна таму вакол яго круцяцца ўсялякія эльфы, персанажы зусім незразумелыя для маленькіх беларусаў. Але яны і ім не здзіўляюцца, хоць і прыходзяць бывае тыя еўрапейскія эльфы разам з рускімі Кашчэямі і нават з Бабай Ягой.
Святы Мікола, дарэчы, адзін з гэтай тройкі, які размаўляе па-беларуску. І прыходзіць ён стаў у першую чаргу ў беларускамоўныя сем’і, або на імпрэзы, арганізаваныя беларускамоўнай супольнасцю. Ад Санта Клаўса ён можа узяць эльфаў, ад Дзеда Мароза Снягурачку, а можа прыйсці і з тымі і з гэтай. Можа нават завітаць адзін. Яшчэ не вызначыўся, як яму больш да спадобы. Як і яго краіна.
Ды і тое, што Дзед Мароз, Санта Клаўс і Святы Мікалай прыходзяць у адзін і той жа час, гэта толькі здаецца. Бо Санта Клаўс прыходзіць на Каляды па Грыгарыянскім календары, і застаецца да Новага году па гэтым жа адлічэнні часу. Дзед Мароз прыязджае пазней, На Новы год па Грыгарыянскім календары, і застаецца да Новага году па Юліянскім календары. І толькі Святы Мікалай прыходзіць па Грыгарыянскім календары, самы першы, а зыходзіць па Юліянскім, самы апошні…
Таму, на дзіцячае пытанне, чым адрозніваецца Дзед Мароз, Санта Клаўс і Святы Мікола, адказ хіба што ёсць. Яны адрозніваюцца цывілізацыйна. Ёсць Еўропа, ёсць Расея, і ёсць Беларусь. Ёсць яна, і як аказваецца, яна ёсць з сваёй уласнай цывілізацыяй…
Ну а пакуль што па яе зямлі гуляюць на роўных і Дзед Мароз, і Санта Клаўс, і Святы Мікола…
І ўсе трое віншуюць з Калядамі і Новым годам!!!
Віктар Сазонаў