Беларускія “Дзяды”



Нават гарадская мітусня цяперашняга жыцця не змагла істотна памяняць на Беларусі даўнішнюю традыцыю восеньскага ўшанавання памяці продкаў. Ну а на вёсцы яна засталася зусім нязменнай з пары майго дзяцінства, калі мы яшчэ непаўналетнімі назіралі, як у дарослых нечакана адыходзілі на другі план штодзённыя турботы, мяняўся выраз аблічча людзей, станавіўся больш задумлівы, урачысты, як і рухі, і нават гаворка…

Людзі рыхтаваліся ушанаваць тых, каго больш няма тут, але каго помняць, любяць, берагуць па ім памяць у сэрцы і душы. Узгадвалі пра памерлых толькі добрае. Казалі, што чалавека, які пакінуў гэты свет, можна і трэба шанаваць ужо толькі таму, што ён тут быў і зведаў на сабе, што такое ёсць жыццё… Ну а калі ён яшчэ і пражыў тое жыццё прыстойна, то варта асабліва гэта азначыць…

Традыцыя ушаноўваць продкаў ёсць у кожнага народу. І ва ўсіх ёсць свае адметнасці. Але што да беларускіх “Дзядоў”, то яны найбольш з усіх традыцый раскрываюць нацыянальны характар і менталітэт беларусаў. У гэтай традыцыі разам ужываюцца рэлігійны і свецкі характар, рытуальныя і духоўныя праявы, і яна аднолькава патрэбная як тым, хто ўжо пакінуў гэты свет, так і тым, хто знаходзіцца тут.

Нават “Вікіпедыя” па запыце на беларускае слова “Дзяды” піша, што гэта памінальныя дні ў народным календары беларусаў, а таксама ў насельніцтва, тэрыторыі якога прылягаюць да межаў Беларусі. І пералічвае, што гэта Падляшша, Смаленшчына, Аўкштайція, акрэсліваючы, па-сутнасці, тэрыторыю этнічнага рассялення беларусаў. Хаця па часе гэтая падзея прыкладна супадае з аналагічнымі і ў іншых народаў. І хоць памінальных дат у беларусаў ёсць некалькі, восеньская мае свае ўнікальныя асаблівасці, якія як бы зліваюцца з прыродным характарам усяго наваколля.

Вось і гэтым годам рознакаляровая прыгажосць ранняй восені, якая вабіла позірк непаўторнасцю пейзажаў, рэзка памянялася на пазнейшую дажджлівую і ветраную рэальнасць. Усё больш на рынках і ў іншых месцах з’явілася кропак продажу свечак, лампадак, кветак… Усё больш машын пачалі рухацца ў бок могілак, каб прыбраць іх своечасова ад апалага лісця, якое працягвала падаць пад парывамі ветру… Дух падрыхтоўкі да ўшанавання сваіх продкаў адчуваецца і назіраецца паўсюдна.

Тое, што дні шанавання продкаў у прынцыпе носяць як рэлігійны, так і свецкі духоўны характар, гэта як бы ўсё зразумела і не выклікае асаблівых пытанняў. Але для беларусаў на апошнім адрэзку сваёй гісторыі, свецкая частка “Дзядоў” стала яшчэ і сімвалам беларускага духоўна-нацыянальнага Адраджэння, якое грунтуецца на памяці не толькі сваіх асабістых продкаў, але і славутых дзеячаў беларускай гісторыі. Таму менавіта восеньскія “Дзяды” сталі яшчэ і знакам духоўнай еднасці нацыянальна свядомай часткі беларускага грамадства. Зрабіліся сімвалам таго, што беларусы, нягледзячы ні на якія спробы выпаліць іх нацыянальны дух, вынішчыць іх традыцыі і вытравіць з памяці нават успаміны сваёй гісторыі, як былі так і застаюцца народам з глыбокімі каранямі, сваёй памяццю і павагай да мінулага і да сваіх продкаў.

Таму ўшанаванне памяці славутых сыноў і дачок гэтага народу ўжо стала яшчэ адной духоўнай і рытуальнай традыцыяй, і кожны год актывісты грамадзянскай супольнасці акрамя наведвання магілаў сваіх асабістых продкаў, наведвалі і месцы пахавання славутых беларусаў, прыносілі кветкі і бела-чырвона-белую сімволіку да помнікаў і памятных дошак, і нават да знакавых будынкаў, ды на месцы славутых падзей…

Сёння, калі прасякаюцца ўсе праявы грамадзянскай актыўнасці, то і гэтую духоўную місію зрабіць не так проста. Хоць славутых беларусаў, якія пакінулі гэты свет, і пра якіх нельга не ўспомніць у агульнанацыянальнай прасторы, стала яшчэ больш. Але ж мы памятаем, што адным з неад’емных элементаў восеньскіх “Дзядоў” ёсць памінальная вячэра, дзе мы можам узгадаць тых, каго жадаем, і на якую прыходзяць душы нашых продкаў. Напэўна, гэтым разам, і душы славутых беларусаў, герояў ды рупліўцаў беларускага Адраджэння, не прамінуць завітаць у беларускія хаты разам з душамі памерлых сваякоў, і прынясуць з сабой сваю духоўную моц і веру. Напэўна, нашы людзі гэтага даўно ўжо заслугоўваюць.

Віктар Сазонаў

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ