Чыста беларускае самагубства



У адным брытанскім дэтэктыве, які называецца “Чыста ангельскае забойства”, адзін з герояў сцвярджаў, што забойствы нават далёкіх сваякоў не тыповыя для Англіі. Але другі яскрава даказаў, што такое забойства носіць выключна ангельскі характар. Бо толькі ў Англіі некаторым катэгорыям яе жыхароў па спадчыне і па старшынстве перадаваліся сацыяльныя прывілеі. І злачынны розум забойцы-сваяка штурхнуў таго на знішчэнне канкурэнта.

І сапраўды, многія рэчы носяць выключна нацыянальную адметнасць, прывязаную, зразумела, да канкрэтнага часу. І яшчэ да дзейснага заканадаўства. Бо ўсё адбываецца ў часе. І тое, што гадоў дваццаць таму было толькі хворай фантазіяй, сёння можа стаць рэальнасцю.

Вось у Гародні шафёр аўтобуса спыніў свой грамадскі транспарт з пасажырамі прама на мосце праз Нёман, залез на пярылы і сігануў у раку. Спроба самагубства па словах яго калег была выкліканая ўмовамі працы. І гэта вельмі яскравая акалічнасць нашага беларускага часу. У іншых краінах шафёр гарадскога аўтобуса вельмі адказная, дастаткова прэстыжная і што сама галоўнае – даволі высокааплачваемая прафесія. Умовы працы таксама вызначаныя з пазіцый вялікай адказнасці гэтай прафесіі і іх выкананне пільна адсочваюцца прафсаюзамі. У Беларусі некалі было гэтак жа. Людзі марылі атрымаць такую работу. Сёння ж ідзі і працуй, калі маеш адпаведную кваліфікацыю. Але для чаго? Каб праз нейкі час скочыць з свайго працоўнага месца прама ў Нёман?

З другога кутка Беларусі прыходзіць паведамленне, што мужчына звёў рахункі з гэтым жыццём, бо не змог выплаціць крэдыт. Зразумела, што гэта не ёсць апраўданнем, ці асэнсаванай мадэллю паводзін. Але тое, што чалавек які мае працу, руплівы, старанны, чулы, сямейны, бо браў крэдыт каб дапамагчы свайму дзіцяці набыць жыллё, не нейкі там беспрацоўны лайдак, а рабочы чалавек не ў стане выплаціць крэдыт за жыллё і знаходзіць такое выйсце з складанай сітуацыі, гэта таксама нешта гаворыць пра сённяшні беларускі час.

І тут само напрошваецца простае і лагічнае пытанне – чаму гэтыя людзі адважыліся менавіта на такое заканчэнне сваіх праблем, а не пайшлі, прыкладам, высвятляць стасункі з тымі, каго лічаць вінаватымі? Ці проста не выйшлі на вуліцу бараніць свае правы? І адказ на гэтае пытанне ёсць – ім проста сорамна прызнаць, што яны ўсё сваё жыццё памыляліся. Яны галасавалі за гэтую ўладу. Яны вучылі сваіх дзяцей не ісці супраць яе, забаранялі выходзіць на вулічныя акцыі, а тых хто выходзіў, называлі не добрымі словамі. Яны казалі што трэба працаваць а не дзерці горла і тады ўсё будзе добра… Яны працавалі… І што рабіць зараз? Прызнаць, што ўсё жыццё прайшло ў адным поўным падмане? А як пасля гэтага глянуць у вочы жонцы, дзецям, іншым людзям? Вось і выбіраюць некаторыя не зусім лагічную з здаровай кропкі гледзішча развязку. Бо нават такую працу, якая не можа забяспечыць патрэбы, проста так не кінеш. Бо тады чалавек пераходзіць у разрад “дармаедаў”. А беларускае заканадаўства ў справе з “дармаедамі” яшчэ не паставіла кропку. Таму падобныя суіцыды і іх спробы, як у тым ангельскім дэтэктыве, можна характарызаваць на сённяшні час як беларускія.

Але гэты час, калі нават такім сумным падзеям можна надаць назву “беларускія” ужо праходзіць. Бо сталее ўжо новае пакаленне. Пакаленне інтэрнэту, пакаленне, якое яшчэ сваім дзецям не забараняла актыўна адстойваць свае правы, пакаленне, якое яшчэ не сказала свайго слова. Частка гэтага пакалення прыстасоўваецца да ўмоў і шукае цёплыя месцы пры структурах улады і яе абслугі. Частка з’язджае за мяжу, каб там скарыстаць свае сілы і розум і на чужыне рэалізаваць свае мары і планы на жыццё.  

Але ёсць і такая частка, якая застаецца тут і пры гэтым не збіраецца паўтараць памылкі сваіх папярэднікаў. Яны зараз глядзяць на ўсё што адбываецца і пакуль што думаюць, як ім лепш зрабіць.

А ў Англіі, дарэчы, з моманту выхаду дэтэктыва “Чыста англійскае забойства” заканадаўства памянялася. І цяпер кожны ангелец можа сцвярджаць, што тое забойства, якое апісанае ў дэтэктыве, ужо не тыповае для туманнага Альбіёна.

Віктар Сазонаў

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ