Дэпутаты Каліноўскага-3



Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Свіслачы, да якога 27-га кастрычніка гэтага году па даўно вызначаным і многа раз пройдзеным маршруце падышлі ўдзельнікі ўрачыстай акцыі па ўшанаванні паўстанцаў і іншых палеглых за Беларусь ваяроў, ззяў у промнях ласкавага сонейка, якое ў гэты дзень вітала прысутных надзвычайнай цеплынёй. У Беларусі гэта адзіны помнік вялікаму кіраўніку паўстання 1863-64-га гадоў. Ёсць Каліноўскаму помнікі ў Польшчы, ёсць у Літве. У любай жа Беларусі кіраўнік паўстанцаў з паўнавартаснага ўшанавання дзяржавай мае толькі шыльду ў Менску, ды бюст у Свіслачы. Іншыя памятныя знакі, яму, ды іншым паўстанцам, паставілі ўдзячныя нашчадкі з пазадзяржаўных структур. І ў Якушоўцы, на родавай сядзібе Каліноўскіх паставілі, і ў іншых месцах, за што неаднаразова заплацілі пераследамі з боку ўладаў ды карамі. Ну што ж, нялёгка быць Дэпутатамі Каліноўскага ў Беларусі. Але іх гэта не спыняе. Актывісты традыцыйна прышлі ўшанаваць памяць сваіх славутых продкаў і ў гэтым годзе.

З Ліды, з Ваўкавыску, з Менску… Ну і, канешне, з Гародні. І ясна, што з самой Свіслачы. З знічкамі, лампадамі, кветкамі, сцягамі… З бела-чырвона-белымі сцягамі, вядома ж. Праўда, не ўсе. Некаторыя вырашылі, што ў гэты гарачы перадвыбарчы перыяд (а ў Беларусі ідуць парламенцкія выбары) ім трэба пагуляць у агітацыйную кампанію акурат у гэты дзень. Ну, тут кожны хай вырашае для сябе, што яму сапраўды важна, паспрабаваць стаць дэпутатам парламенту, ці быць Дэпутатам Каліноўскага…

Хай сабе хто знойдзе такое апраўданне, што ў гэты дзень яго вельмі прагнулі пабачыць яго выбаршчыкі. Ці хай схаваецца за гэтае апраўданне. Як заўгодна. Але вось хто найбольш прастаяў пад нашымі сцягамі ў цяперашні выбарчы перыяд, як гэта рабіў кіраўнік гарадзенскіх БНФаўцаў Вадзім Саранчукоў, то такія вырашылі, што ў гэты дзень варта набрацца моцы ад сваіх вялікіх продкаў тут, ля іх магіл і помнікаў…

– Гэтае месца будзе заўсёды наведвацца патрыётамі, – выступіць перад прысутнымі кіраўнік агульнабеларускага БНФ Аляксей Янукевіч.

І сапраўды, ўжо многа год запар яно не пустуе ў апошнія выходныя кастрычніка. Ды і ў іншы час сюды з’язджаюцца тыя, каму неабыякавая ні гісторыя беларускага народа, ні яго будучыня. Большасць апазіцыйных кандыдатаў перад прэзідэнцкімі выбарамі лічылі сваім абавязкам выказаць сваё бачанне будучыні Беларусі менавіта ля гэтых помнікаў. Праўладныя сюды не сунуліся… У кожнага свае ідэалы…

Прысутныя ускладаюць кветкі, запальваюць лампады, знічкі, гавораць прамовы. З гонарам і павагай перасоўваюцца ад помніка Кастусю Каліноўскаму да манумента Рамуальду Траўгуту. Адтуль да будынку колішняй Свіслацкай гімназіі, дзе былі навучэнцамі многія нашы славутыя землякі. Паўсюдна гучыць “Жыве Беларусь!!!”. Свіслач прывыкла да гэтага воклічу. Ды і ўся Беларусь ужо прывыкла.

А ў гэты час, за імпрэзай пільна назіраюць не толькі пераапранутыя ў цывільнае сілавікі, але і помнікі Леніну і Сталіну, якім улады знайшлі месца ў цэнтры Свіслачы, паміж бюстам Кастусю Каліноўскаму і манументам Рамуальду Траўгуту. У гэтых гістарычных персанажаў няма ў Свіслачы родавай сядзібы, як у Каліноўскіх. Няма на свіслацкіх могілках іх сваякоў. Ды і пра існаванне такога месца яны наўрад ці ведалі калі. Але ж улады ім помнікі тут прыстроілі. Цікавыя ў нас сёння ўлады…

Яны на дзень кастрычніцкай рэвалюцыі выходныя нават зрабілі. Каб народ прыпхнуць хоць неяк да помнікаў Леніну. А вось да Каліноўскага людзі едуць самы. І Каліноўскі гэта бачыць, і Ленін, і ўлады, і народ… Увесь свет бачыць…

Яшчэ раз гучнае: “Жыве Беларусь!!!”, і прысутныя зноў рассаджваюцца па транспарце, на якім прыехалі ў Свіслач. Наступны прыпынак вёска Якушоўка, дзе мясцовыя актывісты сваімі сіламі і сродкамі закансервавалі як умелі падмуркі сядзібы Каліноўскіх, дзе жылі нейкі час з сям’ёй Кастусь і Віктар Каліноўскія. І дзе стаіць высокі, аздоблены металам крыж Еўфрасінні Полацкай у гонар беларускіх ваяроў.

Там будзе перадапошняя, самая натхняльная і эмацыйная частка гэтай традыцыйнай імпрэзы. А Свіслач праводзіць гасцей суквеццем восеньскіх колераў, і нейкай урачыстасцю, гонарам і цішынёй, што цалкам адпавядае велічы моманту…

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ