Для роздуму
“Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі…”. Такімі словамі звярнуўся ў 1881-м годзе да беларускай нацыі ў прадмове да свайго першага зборніка вершаў “Дудка беларуская”, славуты беларускі паэт, празаік, публіцыст і патрыёт Францішак Багушэвіч.
А праз 138 гадоў ад таго далёкага часу, у незалежнай краіне з ганаровай назвай Рэспубліка Беларусь, падчас арганізаванай беларускімі ўладамі “Вялікай размовы з прэзідэнтам”, да кіраўніка краіны звярнулася дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім з пытаннем пра стварэнне ў суверэннай беларускай краіне ўніверсітэта з беларускай мовай навучання… Ну хоць аднаго такога ўніверсітэту…
На гэтай саркастычнай ноце можна ўжо было б і заканчваць гэты фельетон і брацца за іншую тэматыку. Бо як па мне, моўная тэма і на “Вялікай размове з прэзідэнтам” у прыватнасці, і ў сённяшняй Беларусі ўвогуле раскрытая цалкам ужо ў першых двух абзацах. Усё астатняе, гэта ўжо дробныя дэталі. Ну як прыкладам тое, што пытанне выглядала як просьба, зрэшты як і ўсе астатнія пытанні, на ўсе іншыя тэмы.
Ну сапраўды, у каго ж яшчэ можа прасіць спрыяння ў выкананні закону пра мовы прадстаўніца Таварыства Беларускай Мовы як не ў начальніка дзяржавы?! Ну не патрабаваць жа ёй гэтага ад навучальных устаноў непасрэдна, выкарыстоўваючы свой мандат дэпутата Парламента?! Ды і ў судзе нагадваць пра тое, што беларуская мова мае статус дзяржаўнай таксама немэтазгодна. Вось толькі і застаецца біць чалом на людзях.
Кіраўнік краіны не здзівіўся такому пытанню. Сказаў, што гэтую тэму трэба прапрацаваць. Алена Анісім таксама ані трошкі не здзівілася такому адказу. І ніхто не здзівіўся, ні пытанню, ні адказу, ні далейшым тлумачэнням. Беларускі начальнік крыху паразважаў пра тое, што моўнае пытанне нельга палітызаваць, і што пакуль ён прэзідэнт, то не дапусціць, каб людзей дзялілі па той прыкмеце, ведаюць яны беларускую мову ці не. І ўвогуле ён супраць таго, каб некаторыя фарсілі беларускай мовай.
Так што ці даў поўны і грунтоўны адказ лідар дзяржавы на пытанне ці будзе ў Рэспубліцы Беларусь універсітэт з беларускай мовай навучання хай кожны вызначыць сам. Зрэшты, думаю і да гэтага ўсім было зразумела, што ў беларускіх універсітэтах хутчэй будзе можна атрымаць вышэйшую адукацыю па-кітайску, чым па-беларуску.
Увогуле ў той дзень кіраўнік РБ па моўным пытанні ўсё ж зрабіў свой канкрэтны пасыл. Ён сказаў каб не адмаўляліся ад рускай мовы. Бо руская мова гэта вялікая, і гэта наша. І калі мы ад яе адмовімся, то некаму падарунак зробім. Атрымалася амаль па Багушэвічу. Толькі назва мовы іншая.
Ну але хопіць пра тыя дэталі. Моўная ж тэма цалкам раскрытая ў першых двух абзацах. Незразумелым застаюцца іншыя рэчы, пра якія можа і варта пагаварыць. Прыкладам, навошта задаваць такое пытанне адрасату, калі дакладна ведаеш, які будзе ад яго адказ?! Ну і чаму, напрыклад, не задаць падобнае пытанне тым, чый адказ будзе не такі адназначны, а ў прынцыпе мусіць быць набліжаны да Багушэвічаўскага. Спытаць у некаторых лідараў грамадскага сектару, чаму яны праводзяць семінары і розныя шматлікія навучанні для беларускай актыўнай моладзі па-руску, спытаць у рэдактараў некаторай незалежнай прэсы, чаму яны ўсё радзей ужываюць беларускую мову на старонках сваіх друкаваных выданняў, спытаць у кіраўнікоў незалежных інтэрнэт-рэсурсаў, чаму яны напачатку робяць дадатковую версію на рускай мове, а пасля ставяць яе асноўнай. Ці не нагадвае гэта афіцыйную сітуацыю з двухмоўем? І чаму яны набіраючы больш праглядаў ад небеларускамоўнай публікі, тым самым дзеля сваіх шкурных інтарэсаў выцясняюць з інтэрнэт-прасторы тых, хто застаецца верным роднай мове і запаветам такіх нацыянальных герояў як Францішак Багушэвіч…
І вось гэта сапраўды тэма вартая асэнсавання і дэталёвага вывучэння. Калі і дзеля чаго адбылася знявага да беларускай мовы з боку тых, хто прымазваецца да актыўнай беларускай эліты. І духоўнай, і культурнай і палітычнай эліты. І яе ў двух абзацах, гэтую тэму, не раскрыеш. Таму яна пачатая пакуль што для роздуму. Працяг будзе.
Віктар Сазонаў