Дзень памяці паўстанцаў



Акцыя, прысвечаная памяці герояў палеглых за Радзіму – “Дзень памяці паўстанцаў 1863-га году” традыцыйна прайшла ў Свіслачы. Як заўсёды ў апошнія выходныя кастрычніка ўжо больш за дваццаць год запар ладзіцца гэтае мерапрыемства. На яго прыходзяць не толькі жыхары Свіслачы, але і прыязджаюць людзі з усёй Гарадзенскай вобласці, а таксама прадстаўнікі Менску і іншых рэгіёнаў Беларусі. Гэтае мерапрыемства адкрывае шэраг іншых, звязаных з ушанаваннем продкаў і з’яўляецца пярэдаднем Дзядоў. Летась гэтая штогадовая акцыя была прызнана Асамблеяй няўрадавых арганізацый рэгіянальнай падзеяй году.

У Свіслачы грамадскімі актывістамі і краязнаўцамі была знойдзеная магіла Віктара Каліноўскага, роднага брата кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Віктар Каліноўскі быў ідэйным натхняльнікам свайго брата. На жаль ён не дажыў да паўстання. Яго ж брат, нацыянальны герой беларусаў Кастусь Каліноўскі ўзняў узброены супраціў супраць акупантаў. Ён быў схоплены ворагамі і павешаны ў Вільні, а цела карнікамі было знішчана ці схавана так, каб беларусы не ведалі дзе яно. Таму гэтае мерапрыемства, Дзень памяці паўстанцаў і ўсіх палеглых за Беларусь традыцыйна праводзіцца ў Свіслачы ля магілы Віктара Каліноўскага.

З году ў год гэтае мерапрыемства ладзіцца прыкладна па адным сцэнары. Арганізатары прышлі да высновы, што нічога мяняць не трэба. Бо гэта Дзень памяці і мусіць адбывацца па беларускіх нацыянальных традыцыях ушанавання.

Пачынаецца ўсё малебнам у мясцовым храме. Затым усе збіраюцца на магіле Віктара Каліноўскага, дзе пасля кароткай прамовы хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць герояў. Лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі. Удзельнікі прыходзяць у цэнтар гораду да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. Ускладваюцца кветкі, запальваюцца знічкі, гучаць прамовы. Затым усе едуць у Якушоўку, дзе на месцы радавой сядзібы Каліноўскіх усталяваны крыж і пастаўлены памятны камень. Тут, пра нашых герояў апавядаюць не толькі арганізатары, але і госці. Практычна ўсе лідары апазіцыі ў розныя гады выступалі тут і аддавалі даніну павагі нашым слаўным продкам.

Ну а пасля паўстанцкая вольніца. Лес, вогнішча, стравы, напоі і песні беларускіх бардаў ды іншых вядомых выканаўцаў. Раз’язджаюцца ўдзельнікі заўсёды натхнёныя і самой падзеяй, і ўспамінамі пра мужнасць тых беларусаў, якія былі да нас.

Хоць свята праходзіць увесь час па адным і тым сцэнары, улады на яго рэагуюць кожны год па рознаму. Хто там аддае загады застаецца таямніцай. Зразумела толькі адно – вельмі многім не падабаецца адраджэнне беларускай нацыянальнай свядомасці. Нэрвуе іх хіба і тое, што нягледзячы на пераслед штогод беларусы прыязджаюць сюды каб даказаць усім, а найперш сабе самым, што наш народ застаецца вартым сваіх слаўных герояў.

Удзельнікаў Дня памяці неаднаразова затрымлівалі і судзілі, запалохвалі і перашкаджалі збірацца. Бывала, што хоць усё праходзіла пад пільным наглядам сілавікоў з абавязковым запісваннем таго што адбываецца на відэакамеру, абыходзілася без пераследаў.

У гэтым жа годзе перашкоды пачаліся загадзя. 29 кастрычніка гарадзенскі аўтапарк, відавочна што пад ціскам звонку, адмовіў арганізатарам у прадстаўленні ўжо аплачанага аўтобуса. Арганізатар аўтобуснага выезду ў Свіслач і вядучы акцыі Уладзімір Хільмановіч падаў скаргу на імя дырэктара. Тэрмінова быў запушчаны запасны варыянт даезду ў Свіслач, і гарадзенцы таксама, разам з наведвальнікамі з іншых мясцін змаглі аддаць даніну памяці нацыянальным героям.

Само ж мерапрыемства прайшло без дадатковых эксцэсаў. Невядома як будзе далей. Чакаць можна чаго заўгодна. Прыкладам, удзельнік мінулагодняй акцыі Вадзім Саранчукоў ледзьве не праз год атрымаў паведамленне, што аказваецца быў суд і ён прызнаны вінаватым і пакараны. Як будзе гэтым разам – ня ведае ніхто.

А ўдзельнікі раз’ехаліся з цвёрдым перакананнем, што недалёкі той час, калі эстафету арганізацыі гэтага мерапрыемства возьме на сябе сапраўдная беларуская ўлада.

Вечная памяць героям, якія аддалі свае жыцці за Радзіму!!!

Жыве Беларусь!!!

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ