Дэпутаты Каліноўскага-2



Надвор’е дваццаць сёмага кастрычніка ў Свіслачы было сапраўды цудоўнае. Я пра тое меў гонар крыху распавесці ў мінулым фельетоне “Дэпутаты Каліноўскага”. А ў гэтым хачу больш падрабязна расказаць пра саму арганізацыю мерапрыемства, на якае патрыёты з’язджаюцца ў Свіслач, каб ушанаваць памяць паўстанцаў і іншых ваяроў, што аддалі свае жыцці за Беларусь. А яшчэ хочацца крыху закрануць пра тое, як гэты невялічкі раённы цэнтр сустрэў гасцей.

Ну, з сустрэчай усё прасцей. Тут не толькі беларускія патрыёты, але і сённяшнія улады парушаць свае ўсталяваныя гадамі традыцыі не сталі. І на могілках, дзе пахаваны Віктар Каліноўскі, ужо як і ў мінулым годзе дзяжурылі людзі ў цывільным. Хоць па ўсім было бачна, што яны не цывільныя. Работа ў іх такая. Народ службовы, паднявольны, куды загадаюць, туды і мусяць ісці. Яны тут усіх ведаюць, і іх ужо ўсе пазнаюць таксама. Нават стромкую дзяўчыну, якая здымала ўсіх на відэа, а сваё аблічча захутала шалікам, таксама пазналі. Па фігуры. Фігура харошая. Відаць сочыць за ёй. Вось бы так нашы сілавікі сачылі за выкананнем заканадаўства і абаранялі правы суайчыннікаў на мірныя сходы! Выглядалі б гэтак жа хораша. У духоўным аспекце, вядома ж.

Ну а цяперашнія госці Свіслачы да камер даўно прывыклі. І да відэакамер, і да іншых, таму на тую апаратуру не рэагавалі. Хоць хацелася падысці і спытаць, ці ўсе сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты свіслацкія сілавікі на відэа здымаюць. Бо афіцыйна то, як я ўжо тлумачыў у мінулым фельетоне, адбывалася сустрэча з кандыдатам Максімам Губарэвічам. Але не для таго тут сабраліся каб з міліцыяй спрачацца. Ёсць справы важнейшыя. Ды і ўрачыстасць моманту не прадугледжвае непатрэбных перапалак.

А вось арганізацыя мерапрыемства, хоць усё выглядала традыцыйна і нібыта аднолькава з году ў год, насамрэч мае пэўныя асаблівасці. У гэтым годзе, прыкладам, вырашылі ехаць аўтобусам. На дарогу скінуліся. А вось на кветкі, свечкі, лампады і штогадовую заключную імпрэзу, калі ля вогнішча вітае вольны дух нашых продкаў, а пад сяброўскія размовы ў языках агеньчыка трашчаць на штыкецінах каўбаскі з салам, скідвацца не спатрэбілася. Бо тое зрабіла яшчэ адна маладая асоба з ідэальнай фігурай. Гэта Аляксандра Васілевіч. Некалькі гадоў таму, яна кіравала гарадзенскай арганізацыяй АГП. Але лёс так склаўся, што вымушаная была паехаць у ЗША. І там працуе дальнябойшчыцай на фуры. Але Радзімы не забывае. І на такое ўрачыстае мерапрыемства знайшла мажлівасць зрабіць свой унёсак. Ну што ж. Як бачым, каб насіць ганаровае званне Дэпутата Каліноўскага, можна і з самой Амерыкі нешта зрабіць.

Вельмі цешуся, што ёсць нагода напісаць пра гэта. Бо багата ведаю тых, хто стаў апазіцыянерам, каб паехаць туды. А там, нават бела-чырвона-белым сцягам памахаць на Дзень Волі не ў стане. Але ёсць і такія, хто не здраджвае сваім перакананням і ідэалам у кожным месцы, куды б не закінуў лёс. Хто гонар належыць да паўстанцкай нацыі цэніць і шануе. І не зрачэцца ні сваіх перакананняў, ні сваіх сяброў, якія штогод прыязджаюць у Свіслач схіліць галовы перад памяццю сваіх вялікіх продкаў…

– Мы зараз стаім на магіле яшчэ аднаго патрыёта, які быў ля вытокаў гэтай традыцыі, і які сваім жыццём паказаў, што значыць быць сапраўдным беларусам, – скажа Юрась Глебік на магіле свіслацкага патрыёта Віктара Дзесяціка.

І пасля гэтых слоў, гэтак жа як пасля ўрачыстай прамовы ля магілы Віктара Каліноўскага, прысутныя застынуць у хвіліне маўчання… Ветрык будзе лёгенька цярэбіць восеньскае лісце на дрэвах свіслацкіх могілкаў, нібыта таксама аддаючы даніну павагі яшчэ аднаму Дэпутату Каліноўскага… Як быццам бы нагадваючы ўсім, што ўсе памруць, але важным ёсць, як пражылі…

А бела-чырвона-белыя сцягі дапоўнілі сабой восеньскія колеры. Вось сапраўды, як яны гарманічна ўпісваюцца ў прыродную палітру! І гонар трымаць такія колеры выпаў менавіта нашаму народу… Трэба цаніць такі гонар!

Пасля могілкаў, прысутныя рушылі да помніка Кастусю Каліноўскаму. А вось пра гэта распавяду ў наступным матэрыяле. Як кажуць – добрага па крысе. Але да даты перазахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Вільні, пра сёлетняе свіслацкае мерапрыемства, дапісаць пастараюся паспець.

Віктар Сазонаў  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ