Крыжы на Грабарцы



Не ведаю як так сталася, але чамусьці ажно да гэтага году я на Святую Гару Грабарку ні разу не патрапіў. І збіраўся туды не аднойчы, і планаваў, і неяк усё не атрымлівалася. А зараз выйшла ўсё само па сабе. Падышоў Коля і прапанаваў падвезці. І вось ужо сядзім ва ўтульнай машыне і пад промнямі ласкавага ранішняга сонейка няспешна едзем у бок гэтай Святой Мясціны.

З сабой толькі думкі пра жыццё і непазнанае ў ім, ну і яшчэ некалькі пустых бутэлек, каб прывезці Грабарскай Святой Вады для сябе і Яўгена.

Вясна ўжо нарэшце адваявала сваё права на панаванне, і ўся дарога, і наваколле, лясы, вёскі, усё што ахоплівае позірк, усё топіцца ў зеляніне. Як бы доўга не затрымлівалася цяпло, а ўсядно мусіць прыйсці і абудзіць прыроду, як яму і належыць па старадаўніх і трывалых законах сусвету. Праз некалькі месяцаў па гэтых жа законах цяпло пачне здаваць свае пазіцыі восеньскім вятрам, а затым і зімовым завеям, каб тыя ў сваю чаргу перадалі чарговы раз уладу вясновым сонечным промням. І так з году ў год, ва ўсе часы, бо такім ёсць кругаварот жыцця. І такімі ёсць думкі па дарозе на Гару Крыжоў.

Хацелася пра вечнае сканцэнтраваць свае думкі і напярэдадні, а не толькі ў дзень паездкі. Але ці то мітусня жыцця, ці не дастатковая колькасць глыбокіх і пастаянных духоўных практык, якія заўсёды спадарожнічалі ў жыцці нашых продкаў, ці якія іншыя фактары, але штосьці не дазволіла дасягнуць належнай канцэнтрацыі ў гэтым кірунку. Ну а можа так і трэба было. Толькі вось ні нармальна выспацца, ні нармальна паглыбіцца ў роздум, не ўдалося. Ні таго, ні другога.

Можа таму і чаканні першага спаткання з Святыняй таксама аказаліся не зусім такімі, як уяўляліся. Галоўнае, што я чуў пра яе, гэта тое, што ўсе дрэвы вакол Храма растуць нахіліўшыся да яго. А вось што больш за ўсё ўразіла, дык гэта нейкая таямнічая сіла, якая зыходзіла ад мноства Крыжоў. Яна як вада праходзіла праз усё цела, нібыта яно было паветранае.

Адразу згадалася старая мудрасць, якую чуў некалі даўным даўно, не памятаю ад якога чалавека, але і ён яе чуў яшчэ даўней ад таго, хто пачуў яе даўней за яго. А сутнасць яе такая. Пачаў неяк адзін чалавек вельмі моцна наракаць на свой Крыж, які яму па жыцці несці прыходзіцца. Казаў, што ў іншых людзей крыжы лёсу лягчэйшыя. А ў яго вельмі ж цяжкі. Такі цяжкі, што і сілаў няма больш яго несці.

І вось неяк уначы прыляцеў да яго Анёл, ды кажа:

 – Так ты моцна наракаеш на свой лёс, што вырашана ўзяць цябе на Неба, каб ты выбраў сабе той Крыж, які зможаш данесці з годнасцю да канца.

І вось ужо чалавек у нябесным сховішчы Крыжоў, якія сімвалізуюць людскія Лёсы. А там іх мноства, і якіх толькі хочаш. І вялікія, і малыя, і тонкія, і тоўстыя. Давай ён выбіраць для сябе самы лепшы. А выбраць усё аніяк не можа. Бо адзін зацяжкі, другі задоўгі, і таму не зручны, трэці надта ж шмат стрэмак мае, усе плечы пакалоў, у чацвёртым руб у нязручным месце карак муляе, пяты ўвогуле сукаваты і калючы, няма за што ўзяцца… Так ён перабіраў Крыжы ажно да раніцы. І ўжо як засвітала, Анёл і кажа:

– Пара бы ўжо і вызначыцца.

– Няма тут такога, каб быў вельмі лёгкі і зручны, – адказвае чалавек. – Кожны мае свае цяжкасці і праблемы. Але для сябе ўсё ж адзін, хоць таксама не самы лёгкі, але выбраў. Не ведаю, як з іншымі, але акурат гэты хіба што змагу данесці.

І паказаў Анёлу на Крыж, які выбраў. А Анёл усміхнуўся ды кажа:

– Ну дык гэта ж твой Крыж. Той самы, што ў цябе ўвесь час і быў, і на які ты наракаў.

Набраўшы ў бутэлькі вады, мы паехалі назад. Па дарозе заязджаліся яшчэ ў розныя цікавыя месцы. Паглядзелі паром у Мельніках, памілаваліся плаўным цячэннем вады, якая ў гэтай рацэ вельмі непрадказальная. Згадалі розныя гісторыі, пашкадавалі, што няма ўжо старадаўняга замку, нечага дык і не пашкадавалі. Ля Такароў, куды завярнулі паглядзець царкву ля Катэркі, нас затрымалі польскія памежніцы і растлумачылі пра блізкасць мяжы з Беларуссю, якую перасякаць нельга нават памылкова…

І шмат чаго яшчэ паглядзелі. А ў думках Крыжы на Грабарцы. Пра нешта важнае наводзяць на роздум.

Трэба часцей заязджаць у такія мясціны.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ