Мэйнстрым ці медыя



Хачу сказаць адразу, гэты фельетон не пра мігрантаў. Мігранты ў ім згадваюцца ўсяго толькі дзеля прыкладу. Гэтыя няшчасныя людзі, якія патрапілі ў пастку паміж Грэцыяй і Турцыяй, зараз знаходзяцца ў абсалютна безвыходнай сітуацыі. Іх не пускаюць ні ў Еўразвяз, ні назад. Яны кідаюць камяні ў памежнікаў Грэцыі, тыя адказваюць ім узаемнасцю ды паліваюць вадой з вадамётаў. Мясцовыя жыхары паляць падрыхтаваны для прыёму мігрантаў цэнтр і кажуць, што ім ужо хопіць іншаземцаў. Зрэшты, артыкул і не пра іх таксама. Артыкул пра сённяшнюю журналістыку. Пра так званыя мэйнстрым медыя.

Вось што пра іх гаворыць Вікіпедыя: Асноўныя сродкі масавай інфармацыі – гэта тэрмін і абрэвіятура, якая выкарыстоўваецца для агульнай назвы розных вялікіх сродкаў масавай інфармацыі, якія аказваюць уплыў на многіх людзей, і адначасова адлюстроўваюць і фармуюць галоўныя кірункі думак.

Дык вось, гэтым разам яны перасталі фармаваць гэтыя галоўныя кірункі. Яны проста паказваюць відэа з Еўразвязаўскай мяжы і нечага чакаюць, каб даць маральна-этычную ацэнку ўсім, або хоць якім удзельнікам гэтай няпростай сітуацыі. А ацэнка можа быць дыяметральна супрацьлеглай. У кепскім святле могуць быць выстаўленыя як грэкі, што не пускаюць няшчасных людзей на сваю тэрыторыю, так і самы мігранты, якія сёння кідаюцца камянямі, каб іх пусцілі, а заўтра, калі іх пусцяць, будуць кідацца камяні каб іх кармілі. Дык вось, мэйнстрым медыя на сённяшні дзень яшчэ не вызначыліся, каго яны будуць дэманізаваць.

А вось зусім нядаўна ведалі. Проста спадарыня Меркель неяк ляпнула, што Еўразвяз прыме ўсіх. І ўсе, хто хоць крыху ставіў пад сумнеў завярэнні Канцлера Нямеччыны, мэйнстрымаўскімі медыямі змешваліся з брудам як у японскай бетонамяшалцы. А зараз спадарыня Меркель маўчыць. Галоўныя медыя таксама. Чакаюць.

Лагічна ўзнікае пытанне, ці можна ў такім разе гэтыя галоўныя, багатыя і сама вялікія сродкі масавай інфармацыі ўвогуле залічваць да журналістыкі? Можа пара ўжо проста і ясна даць ім азначэнне не як сродкам інфармацыі, а як сродкам прапаганды рашэнняў канкрэтных палітычных колаў. Зрэшты, самых сябе мэйнстрымаўцы ўжо даўно так называюць. Прыкладам, кажуць, не “я журналіст”, а я “ліберальны журналіст”.

Ліберальны журналіст! Што гэта такое, і з чым гэта ядуць? Я памятаю яшчэ з дзяцінства, што першае слова даражэй другога.  І калі ў часы СССР казалі такое словазлучэнне як “камуністычная мараль”, то мараллю там і не пахла. Слова “камуністычная” было важнейшым, і ўсе ведалі, што толькі нешта камуністычнае можна называць маральным. Тое сама можна сказаць і пра “сацыялістычную законнасць”, дзе законнасці і духу не было, і пра “савецкую дэмакратыю”, дзе слова “дэмакратыя” было зусім непатрэбным.

Так і з “ліберальнай журналістыкай”. Такой журналістыкі не бывае ўвогуле. Ні ліберальнай, ні кансерватыўнай, ні якой іншай. Бывае або проста журналістыка, або, калі ліберальная, то прапаганда.

Зрэшты, нічога кепскага не бачу як у ліберальнай, так і ў неліберальнай прапагандзе. Паўсюдна ёсць каштоўнасці, якія варта прапагандаваць. Але не трэба гэта блытаць з журналістыкай. Журналістыка не чакае палітычнага рашэння ні Канцлераў, ні каго іншага, каб даць ацэнку, ці некалькі розных ацэнак канкрэтным з’явам. Журналістыка не прапагандуе ідэі палітыкаў, а наадварот, прымушае палітыкаў прыслухоўвацца да сябе і карэктаваць свае дзеянні ў залежнасці ад напісанага і сказанага журналістамі.

Сёння ж мы бачым сітуацыю адваротную. І напэўна  гэта ёсць адна з вялікіх праблем нашага часу. Бо інстытут сапраўды незалежнай журналістыкі ёсць адной з галоўных умоў пабудовы любой дэмакратыі.

Ну а мігранты не ведаюць, што ім рабіць. Не ведаюць і еўрапейскія палітыкі. Незалежная журналістыка ім бы падказала, прыкладам, што на роўні ААН трэба прыняць рашэнне, каб адказнасць за мігрантаў неслі тыя краіны, якія ваююць на іх тэрыторыі і прымушаюць людзей пакідаць родныя хаты. Ці іншую ідэю падала б.

Але сённяшнія палітыкі чытаюць толькі свае мэйнстрым медыя, якія самі і фінансуюць. А тыя ў адказ пішуць толькі тое, што іх фінансатары хочуць пачытаць.

Віктар Сазонаў

Беларускае Радыё РАЦЫЯ