Міфы пра саміты



Саміт Еўразійскага эканамічнага саюзу ў Астане, на які сабраліся лідары Беларусі, Казахстана і Расеі, для большасці жыхароў гэтых краін прайшоў амаль што незаўважна. Не дапамагла нават інтрыга з нібыта праблемным здароўем Пуціна. Не дадаў усенароднай зацікаўленасці і перанос гэтай палітычнай падзеі. Не ўратаваў яго аўтарытэту і найвышэйшы статус яе ўдзельнікаў. Навошта і каму ён увогуле быў патрэбны – так і засталося загадкай. Бо і так усім даўно зразумела, што будзе так, як захоча Пуцін. І раіцца з кім-небудзь расейскаму лідару няма аніякага сэнсу.

Усё і так ідзе як ён хоча. Сказаў некалі, што перамовы па Украіне павінны весціся з кіраўнікамі ЛНР і ДНР. Тады ўвесь свет завыў нямым голасам, што аніякія перамовы з тэрарыстамі немажлівыя ніколі і нідзе. І што ў выніку? А ў выніку увесь свет ламае зараз галаву, як тых кіраўнікоў легалізаваць, бо перамовы з імі ўжо вядуцца. І пададзены Кіевам сігнал, што перамовы будуць весціся з легітымнай уладай, якую абярэ народ, выглядае, як крок адчаю. Бо ўсе добра ведаюць, якія там будуць выбары і каго там абяруць.

А Уладзімір Уладзіміравіч ужо захоплены новымі ідэямі. Крым і Данбас для яго ўжо ўчарашні дзень. Яму трэба рухацца далей з той жа ўпэўненасцю і напорам, якія ўзмацняюцца стабільнымі перамогамі. Бо ў Крамля ёсць даўно распрацаваны план дзеянняў. І не адзін, а некалькі. І ў залежнасці ад сітуацыі запускаецца ў ход адзін з гэтых даўно зацверджаных і добра прадуманых варыянтаў, якія маюць адно і тое жа лагічнае завяршэнне – аднаўленне СССР у яго былых межах, а яшчэ лепш – у межах дарэвалюцыйных. Будзе гэта пад эмблемай вялікай Расейскай імперыі ці пад назвай Еўразійскага эканамічнага саюзу – гэта ўжо не так важна. Сутнасць застаецца той жа. Таму на Украіне прымяняецца вайсковая сіла, а ў Беларусі і Казахстане пакуль усё ідзе гладка і без яе. Праўда, на ўсялякі выпадак беларусам нядаўна нагадалі, што ўсходнія землі Беларусі ў Расеі лічаць “исконно русскими”. Хутка так скажуць і пра тэрыторыі заходнія. Ну а пакуль што абмяжоўваюцца масавай раздачай чырвоных савецкіх сцяжкоў, георгіеўскіх стужак, самітамі і стварэннем невыносных умоў пражывання, каб жыхары сінявокай самі сталі прасіцца ў Расею, бо там будзе крыху лягчэй.

І першыя вынікі гэтай палітыкі ўжо ёсць. На сённяшні дзень беларускія прадпрымальнікі толькі і гавораць пра тое, што ў Расеі бізнес весці яшчэ можна, а вось у нас амаль немажліва. І што ім больш даспадобы расейскае заканадаўства, а не сваё родненькае. Хто ім падкінуў такую думку – здагадацца нескладана. А вось хто падрыхтаваў пад гэта глебу? Не думаю, што кіраўніку беларускай дзяржавы патрэбныя вось такія небяспечныя думкі айчынных прадпрымальнікаў. Не думаю, што ён пра іх увогуле ведае. А вось тыя людцы, хто падрыхтоўваў і даваў яму на подпіс гэныя дакументы, якія абцяжарылі жыццё рыначнікаў, думаю, што добра ведалі, якія планы яны рэалізоўваюць і што насамрэч стаіць за нібыта чыста эканамічнымі зменамі.

Тое самае можна сказаць і пра ўжо амаль гатовы ўказ пра так званых “тунеядцаў”. Бо калі ў цябе будзе расейскае грамадзянства, то ніхто з цябе грошы здзіраць за дармаедства не будзе. Ну а калі грамадзянства беларускае, то сам вінаваты, што не паспеў памяняць пашпарт на расейскі.  Логіка тут нескладаная і жалезная. І куды будзе падзецца беларусам? Здабыць які еўрапейскі пашпарт, як паказала сітуацыя ва Украіне, справа не такая простая. Еўропа не спяшаецца для ўкраінцаў хоць бы тыя няшчасныя візы адмяніць. Што ўжо казаць пра ўваходжанне ў Еўразвяз. А Расея і пашпарты гатовая прадставіць, і усёй краінай забраць, а можна і дробнымі часткамі.

Таму нашым людзям зараз нічога добрага ні ад якіх самітаў чакаць не прыходзіцца. І цікавасці тыя саміты ў людзей таму і не выклікаюць. Наеліся ўжо тых інтэграцый. І эканамічных, і палітычных. Зусім нядаўна ім абяцалі залатыя горы ад стварэння Еўразійскага эканамічнага саюзу. Асабліва прадпрымальнікам. Якія з гэтага атрымаліся горы – усе пабачылі. Яны яўна не з золата. Яны з таго, з чаго і рабіліся, і дзеля чаго рабіліся. Бо ад самага пачатку выконвалі даўно зацверджаны у Крамлі план аднаўлення СССР.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ