Мы іх памятаем
Перакананы, што не пашкодзіць яшчэ раз падзяліцца ўражаннямі ад святкавання беларусамі стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Шмат пра гэта пісалі, гаварылі, прамаўлялі ў выступах, фатаграфавалі і абмяркоўвалі сфатаграфаванае, аналізавалі што зрабілі, што напісалі і што сказалі… Але ўвесь час здаецца, што трэба штосьці яшчэ. Трэба прыпомніць усё. Трэба нічога не ўпусціць. Асабліва важнага. А 25-га сакавіка 2018-га году ва ўсіх кутках нашай планеты дзе толькі ёсць беларусы прайшлі святочныя ўрачыстасці. Беларусы славілі сваіх прашчураў, якія ажыццявілі мару лепшых сыноў і дочак беларускай нацыі на аднаўленне сваёй дзяржаўнасці. За гэтую мару змагаліся, рызыкавалі свабодай і жыццём, але не зракаліся яе.Таму што гэта натуральнае і лагічнае пачуццё для кожнай нацыі – мець сваю вольную, незалежную і справядлівую дзяржаву. І мы, як нацыя, выпакутавалі гэта права. І таму ў соты Дзень Волі гучалі выступы, гралі музыкі, спявалі артысты, весяліліся ўдзельнікі, грымелі салюты, луналі сцягі… Наша планета ў гэты дзень стала бел-чырвона-белай.
А юбілейны год толькі пачаўся. І на працягу цэлага году грамадзяне Беларусі, як і нашы славутыя продкі сто год таму, будуць заяўляць усяму свету, што ёсць зямля, на якой жывуць беларусы. Што яны тут былі здаўна і будуць заўсёды. Што 100 год таму на палітычнай мапе свету ўзнікла краіна з назвай Беларусь, і з гэтай рэчаіснасцю трэба лічыцца. Лічыцца ўсім і заўсёды. 100 год таму ворагі беларускай ідэі не зразумелі гэтага. Яны прыклалі ўсе намаганні і не далі ажыццявіць яе да канца тады. Але беларуская ідэя перажыла іх. Перажыве і тых, хто з ёй змагаецца сёння. Савецкі Саюз разваліўся. Камуністычны блок знік. Злачынствы таго рэжыму, які намагаўся знішчыць беларускую ідэю, раскрываюцца ўсё больш. А беларуская ідэя жыве і шырыцца, нягледзячы на тыя шматлікія выпрабаванні, якія выпалі на яе долю, і таму даказала сваю праўдзівасць і сваю жыццяздольнасць. Даказала ўсяму свету. А сама галоўнае, пацвердзіла сваім носьбітам, беларусам, што яны не памыляліся ні наконт яе, ні на конт сябе.
У гэты год беларусы яшчэ неаднойчы ўзгадаюць свой юбілей. Бо за гэты год трэба прыгадаць не толькі ўсё, што было за тыя сто гадоў, але і тое, што прывяло да стварэння БНР. Уславіць і перыяд Ефрасінні Полацкай, і перыяд Льва Сапегі, узгадаць і князёў, і сялян, не забыцца ні магнатаў, ні касінераў, абмеркаваць подзвігі ды жыццё і Хадкевіча, і Каліноўскага…Колькі іх! Хопіць не толькі на гэты юбілейны год. Безліч славутых перыядаў і славутых Імёнаў, якія ёсць самым трывалым падмуркам беларускай дзяржаўнасці, і самым моцным гарантам яе будучага існавання. Бітва пад Воршай, Слуцкі збройны чын, чарговае аднаўленне дзяржаўнасці… Гэта ўсё слава і гонар нацыі. Гэта вялікая гісторыя, якая робіць шлях да беларускасці незваротным.
Не ведаю, якія ідэалы ў тых, хто змагаўся і нават зараз змагаецца з імклівым і непазбежным адраджэннем беларускасці. Не хачу пра іх пісаць у гэтым артыкуле. Не хачу і намагацца спазнаць іх думкі. А нам ёсць што ўспомніць у гэтыя дні. І не толькі герояў мінуўшчыны, якія праславілі наш род, такіх як генерал Булак-Балаховіч ці Іван Серада… Мы ў гэты юбілейны год мусім уславіць імёны і тых змагароў за беларускасць, якія былі побач з намі, але ўжо адышлі ў лепшы свет. Якія на нашых вачах падымалі першымі бел-чырвона-белы штандар, першымі ішлі ў шэрагах змагання за адраджэнне беларускасці, і сваім жыццём паказалі прыклад цвёрдасці і адданасці беларускай ідэі і нашым сучаснікам, і будучым пакаленням беларускіх патрыётаў. Дзякуючы ім, гэтыя будучыя пакаленні змогуць ганарыцца не толькі былымі славутымі подзвігамі, але і часам у якім жывём мы.
Вечная ім памяць! І слава героям! Іх мары збываюцца, бо былі не толькі вялікімі, але і чыстымі. І мы гэты юбілейны год мусім выкарыстаць не толькі для таго, каб наведаць месцы іх пахавання або змагання, але і ўвекавечыць памяць пра іх, каб і наступныя пакаленні ведалі і іх Імёны таксама, як і Імёны даўнейшых змагароў. І як і мы, каб памяталі пра іх.
Жыве Беларусь!!!
Віктар Сазонаў